Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Юбілей Якуба Коласа святкавалі ў аргенцінскай правінцыі Буэнас-Айрэс

Слова роднае за акіянам

Сапраўднае мастацкае слова, як вядома, лёгка перадольвае межы, больш за тое — спрыяе згодзе й паразуменню паміж народамі. На пачатку лістапада 135-я ўгодкі Якуба Коласа адзначылі ў далёкай Аргенціне. Толькі ўявіце сабе: на іншым кантыненце, праз акіян, за 13 тысяч кіламетраў ад Беларусі ў гора-дзе Сан-Марцін ладзіўся святочны беларускі вечар, прысвечаны пісьменніку. І быў ён па-сяброўску цёплы і душэўны: сабраліся на яго супляменнікі з розных гарадоў аргенцінскай правінцыі Буэнас-Айрэс.

Супляменнікі з Аргенціны разам адзначылі 135-годдзе Якуба Коласа

Беларуская мова, мілагучная ды вобразная, напоўніла, здавалася, кожны куточак у клубе “Виссарион Белинский”, які стаў домам для розных прадстаўнікоў славянскай культуры і ўжо больш за 60 гадоў збірае пад сваім дахам выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Госці знаёміліся з выставай “Я прыйшоў дзеля Вас” пра жыццё і творчы шлях генія прыгожага беларускага пісьменства. Наладзіла ж экспазіцыю беларуская дыпмісія ў Аргенціне, выкарыстаўшы матэрыялы, перададзеныя Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа з Мінска. 

На адкрыцці выставы, прысвечанай Песняру

 
Каляндар 1944 года з Аргенціны, падораны Музею Якуба Коласа

Наведнікі пабачылі таксама ўнікальны фільм з рэдкімі кадрамі з жыцця Якуба Коласа: пісьменнік сам расказвае пра планы па напісанні трылогіі “На ростанях”. Для спрашчэння ўспрымання інфармацыі відэа суправаджалася субцітрамі на іспанскай мове. Між тым слова Коласа гучала на працягу ўсяго святочнага вечара. Вядомы верш Песняра “Родныя вобразы” прадэкламаваў першы сакратар Амбасады Беларусі ў Аргенціне Павел Міронаў. Адчувалася, што твор знайшоў цёплы водгук у сэрцах аргенцінцаў па пашпартах, але беларусаў у душы, чые дзяды некалі імігравалі з Беларусі ў Паўднёвую Амерыку. Беларускі дыпламат распавёў прысутным і пра цікавыя біяграфічныя факты з жыцця знакамітага пісьменніка, звяртаў увагу слухачоў на асабліва займальныя дэталі выставы.

Кульмінацыяй вечара стаў канцэрт, пад час якога нібыта паўставалі перад вачыма вобразы герояў з твораў Якуба Коласа, маляўнічыя беларускія краявіды. Шмат гучала песень на вершы паэта. Некаторыя радкі з задавальненнем падхоплівалі й супляменнікі, разам з спявачкай з Беларусі Дар’яй Ісаковіч праспявалі “Мой родны кут”, “Скажы мне, Ганулька” (“Каханне”). 

Напрыканцы многія з гасцей казалі, што матэрыялы выставы ім дапамаглі бліжэй пазнаёміцца з жыццём Якуба Коласа, больш зразумелай падалася й ягоная творчасць. Вельмі сімвалічнай аказалася й назва экспазіцыі: “Я прыйшоў дзеля Вас”. Сапраўды, пераадолеўшы доўгі шлях у тысячы кіламетраў, беларускі геній у ХХІ стагоддзі прыйшоў да нашчадкаў беларускіх перасяленцаў — і сагрэў іх сэрцы, ажывіў даўнія старонкі з жыцця іх продкаў.

Дар’я Ісаковіч, Буэнас-Айрэс — Мінск

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter