Распачынаецца рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”

Слова маладым

У конкурсе змогуць паўдзельнічаць усе жадаючыя школьнікі
У васямнаццаты раз у розных кутках планеты 21 лютага адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашай краіны ён атрымаў асаблівае гучанне: гэты год праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень было абвешчана пра пачатак новага маштабнага праекта — рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Сярод яго заснавальнікаў міністэрствы інфармацыі і адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”. Дэвіз конкурсу — “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!”.

— Няма лепшай формы выхавання, чым тая, калі дзіця чытае кнігу, — лічыць міністр інфармацыі Лілія Ананіч. — Гэта не толькі чытанне класічнай літаратуры, гэта наогул увага грамадства да дзяцей. Да той вялікай справы, каб нашы дзеці раслі адукаванымі і выхаванымі. Каб яны не толькі праз школьны падручнік, але і праз жывое слова ўсведамлялі сваю радзіму.

Падчас прэзентацыі праекта “Жывая класіка” міністр інфармацыі прызналася, што і сама, калі вучылася ў дзявятым класе, перамагла ў конкурсе мастацкага чытання вершаў. Яна выказала ўпэўненасць у тым, што ўдзел у такім праекце можа дапамагчы камусьці знайсці сябе.

Конкурс уключае чатыры этапы. Першы пройдзе ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1 па 31 сакавіка. Колькасць удзельнікаў не абмяжоўваецца. Другі этап — раённы — прыпадае на красавік. Заняўшыя першыя месцы ў кожнай узроставай групе прымуць удзел у трэцім — абласным — этапе, які адбудзецца з 1 па 31 мая. Ён праводзіцца абласнымі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Мінскім гарадскім палацам дзяцей і моладзі. Яго пераможцаў чакае заключны — рэспубліканскі — этап, які пройдзе ў Дзень беларускага пісьменства ў Полацку, сталіцы свята.

У склад журы конкурсу на ўсіх яго этапах уваходзяць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Выступленні юных чытальнікаў будуць ацэньвацца па наступных крытэрыях: выбар твора, глыбіня пранікнення ў яго сэнс, артыстызм выканання. Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ўзнагародзяць пуцёўкамі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

Дарэчы, у Міжнародны дзень роднай мовы самыя розныя мерапрыемствы праходзілі па ўсёй Беларусі. Асаблівай увагі заслугоўвае акцыя, якая адбылася ў Міністэрстве замежных спраў. Тут сабраліся прадстаўнікі 51 дзяржавы, а паслы 36 краін дэкламавалі вершы Янкі Купалы. Чаму менавіта яго? Сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння нашага першага народнага паэта. У пачатку ХХ стагоддзя вершы Купалы сталі сімвалам беларускага адраджэння і ажыццяўлення высакароднай ідэі — самавызначэння народа, заўважыў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка:

— Для нас вялікі гонар, што словы беларускага песняра, якія адлюстроўваюць беларускую гісторыю, наш дух, беларускае сэрца, гучаць на мовах многіх краін свету.

Вядома, наша мова старэйшая за беларускае кнігадрукаванне — яна існавала і развівалася задоўга да Скарыны. Але калі больш за 500 гадоў таму старабеларуская мова насіла гутарковы характар, то пры тэхналогіях, адкрытых першадрукаром Францыскам, яна стала больш сістэмнай, набыла правілы і стала тым агульным кодэксам, якім пачалі карыстацца ўсе. І мы павінны захаваць і яшчэ больш узбагаціць гэтую бясцэнную спадчыну.

kuklov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter