День белорусской письменности посетит до 10 000 гостей

Слова кліча ў Шчучын

На рэспубліканскія ўрачыстасці збяруцца каля 10 тысяч гасцей
Шматлікіх удзельнікаў прыгожага свята — ХХІІ Дня беларускага пісьменства. Чакаецца, што на рэспубліканскія ўрачыстасці з гэтай нагоды збяруцца каля 10 тысяч гасцей. Святкаванне ў сёлетняй літаратурнай сталіцы стане яркім і маштабным. Першыя мерапрыемствы адбудуцца ўжо сёння. Адкрыецца пасля правядзення капітальнага рамонту Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Цёткі, пройдзе Міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя «Шчучынскія чытанні», літаратурная творчая сустрэча з жыхарамі горада, конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка». 



Але асноўныя ўрачыстасці пачнуцца заўтра, пасля прыбыцця ў Шчучын рэспубліканскай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Удзельнікі гэтай пастаяннай спадарожніцы свята даставяць у горад сімвалічную Непагасную Лампаду Духоўнасці з Благадатным агнём ад Труны Гасподняй. У паломнікаў ёсць і яшчэ адна традыцыя — закладка ў кожнай новай сталіцы Дня пісьменства саду Малітвы. У Шчучыне маладыя дрэўцы з`явяцца каля храма Святога Міхаіла Архангела.  



А далей — гаманкое свята аж да позняга вечара завіруе па ўсім горадзе. Расчыніць дзверы адноўлены палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Зашуміць мнагалюдны фестываль кнігі і прэсы. Стануць нарэшце вядомыя першыя ўладальнікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Пройдуць прэзентацыі лепшых кніг, рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі, выдаўцамі. Разгорнуць свае экспазіцыі шэраг выставак. На спектаклі запросяць самадзейныя і прафесійныя тэатры, на прадстаўленні — клубы гістарычнай рэканструкцыі. І гэта далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія заўтра прапануюць наведаць жыхарам і гасцям Шчучына.



«У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова» — гэтым вядомым радком пачынаецца Евангелле ад Іаана. Менавіта Слову, а таксама ўсім тым, хто калісьці працаваў і сёння працуе дзеля яго адраджэння і развіцця, дзеля духоўнасці і асветы, прысвечана штогадовае свята — Дзень беларускага пісьменства. Каб яшчэ раз звярнуць увагу на гістарычны шлях пісьменства ў нашай краіне, паказаць непарыўную еднасць нашага друкаванага слова са славянскімі вытокамі, аддаць даніну павагі слынным асветнікам, чые імёны, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, назаўсёды ўпісаны ў гісторыю нашай і сусветнай культуры.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter