Кнігі на любы густ. У ВКЛ існавала 36 друкарань, але самай “жывучай” была Любчанская

Слова гучыць праз стагоддзi

У Любчы святкуюць юбiлей буйнейшай друкарнi часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага


Сёлетняе 500-годдзе нацыянальнага кнігадрука-вання невялікае мястэчка Любча ў Навагрудскім раёне святкуе разам са сваім асабістым кніжным юбілеем. Спаўняецца 405 гадоў з дня заснавання тут буйнейшай на тэрыторыі краіны рэфармацыйнай друкарні, у дзейнасці якой атрымалі далейшае развіццё асветніцкія, мастацкія і паліграфічныя традыцыі Ф. Скарыны. Крыніцы нават называюць дакладную дату — 27 лютага 1612 года.


У гэты час друкар з Вільні Пётр Бластус Кміта, ратуючыся ад праследавання езуітаў, едзе ў Любчу, дзе і стварае друкарню. Тагачаснае мястэчка знаходзілася ў даволі спрыяльным становішчы. З сярэдзіны XIII стагоддзя Любча ўзгадваецца як гандлёвы цэнтр на Нёмане, а блізкасць да першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Навагрудка — на доўгі час зрабіла яе важным рачным портам і найбуйнейшым аграрна-рамесна-гандлёвым цэнтрам. Знакаміты княжацкі род Радзівілаў валодаў Любчай з 1606 года, паступова ператварыўшы яе ў адну з галоўных сваіх рэзідэнцый. Перыяд росквіту мястэчка звязваюць з панаваннем Кшыштафа ІІ Радзівіла. Сваю ролю князі адыгралі і як мецэнаты кнігадрукарскай справы.
Тытульны аркуш выдання Любчанскай друкарні — Статута Слуцкай школы з прысвячэннем Кшыштафу РАДЗІВІЛУ

Дарэчы, для грамадзян ВКЛ кнігадрукаванне не стала рэвалюцыяй. Людзі спакойна прынялі кнігі, што сыходзілі з друкарскага станка. У апошнія дзесяцігоддзі XV ст. у Еўропе надрукавана каля 20 мільёнаў кніг, некаторая іх частка была прывезена ў ВКЛ. Гэта былі галоўным чынам лацінскія кнігі з розных еўрапейскіх друкарняў. Але ні кнігапісанне, ні кніжны імпарт у ВКЛ не маглі цалкам задаволіць попыт — патрэбны быў уласны друкарскі станок, каб выпускаць вялікую колькасць аднолькавых асобнікаў неабходнай менавіта ў гэты час літаратуры, найперш юрыдычнай, палемічнай, богаслужэбнай. ВКЛ становіцца зонай кантактаў друкароў. 

У першай чвэрці XVI ст. кнігадрукаванне пачалося ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні. Усяго за час існавання ВКЛ у ім дзейнічалі не менш чым 36 друкарняў, сярод якіх і Любчанская. Даследчыкамі яна характарызуецца як фенаменальная, бо ні адна пратэстанцкая друкарня ў ВКЛ не існавала так доўга. Прадстаўнікі розных саслоўяў і веравызнанняў мелі магчымасць друкаваць у ёй свае творы.

Пад кіраўніцтвам Пятра Бластуса Кміты друкарня актыўна дзейнічала ў 1612—1629 гадах. За гэты перыяд выйшла 47 кніг агульным аб’ёмам каля 400 друкаваных аркушаў. Першым выданнем у 1612 годзе стала каталіцкая кніга «Шэсць крылаў Серафімавых» св. Банавентуры з прысвячэннем віленскаму епіскапу Бенедыкту Войне. Рэгулярна выходзілі творы пратэстантаў. Найбольш вядомы і пастаянны аўтар — Ян Зыгровій — надрукаваў тут ажно дзевяць сваіх твораў. Мікалай Нікалаеў, доктар філалагічных навук, даследчык гісторыі беларускай кнігі, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай біблія-тэкі (г. Санкт-Пецярбург), адзначае, што на рэлігійнай глебе адбылося нават спаборніцтва паміж Любчанскай і Віленскай друкарнямі. Пётр Кміта надрукаваў апісанне дыспуту, што адбыўся ў Навагрудку паміж пратэстанцкімі езуітамі і езуітам Бенедыктам Брывіліем. У адказ на гэтую публікацыю Віленская акадэмічная друкарня выдала кніжку з супрацьлеглым поглядам на ход вучонай спрэчкі і на пераможцу ў дыспуце.

Пасля смерці Пятра Бластуса Кміты да выдавецкай справы падключыўся яго сын Ян Даніэль: гэта імя з’яўляецца ў выдавецкім адрасе на мяжы 1632 і 1633 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам з любчанскіх варштатаў выходзілі пераважна выданні евангельскай царквы, творы кальвіністаў.  

Знакавы для Гродзеншчыны будынак — помнік архітэктуры XVI стагоддзя Любчанскі замак
Фото lh.googleusercontent.com

Для шырокага кола чытачоў (а таксама для атрымання трывалага прыбытку ад продажу) тут друкаваліся і нерэлігійныя выданні. Напрыклад, з  апісаннем, як ужываць лякарствы. Выпускала друкарня і навучальныя дапаможнікі для пратэстанцкіх школ. Выдатным помнікам арганізацыі адукацыі на беларускіх землях Вялікага Княства з’яўляецца надрукаваны ў 1628 годзе Статут Слуцкай школы. Выходзілі тут і літаратурныя творы, а таксама календары, зборнікі панегірыкаў і эпітафій, прысвечаных сям’і Радзівілаў, і шмат чаго іншага.

Апошнім, трэцім друкаром Любчанскай друкарні быў Ян Ланге — эмігрант з Польшчы, лютэранін (1646—1655).

У Любчанскай друкарні складаў і выдаваў свае творы Саламон Рысінскі — першы чалавек, які назваў сябе беларусам, і першы збіральнік прыказак і прымавак з перакладам на самыя папулярныя еўрапейскія мовы. 

Афармляліся кнігі Любчанскай друкарні сціпла, выкарыстоўваліся ксілаграфіі, наборны арнамент. Упершыню ў беларускім кнігадрукаванні для ілюстрацый шырока ўжываліся гравюры на медзі.

Тэатральную пастаноўку да юбілею Любчанскай друкарні падрыхтавалі ў мясцовай бібліятэцы

Эпідэміі і войны сярэдзіны ХVІІ ст. разбурылі Любчу. З таго часу выданне кніг у ёй не аднаўлялася. Нічога з друкарскага абсталявання не захавалася. Калі запытаць у мясцовых жыхароў пра месцазнаходжанне друкарні, то яны адкажуць, што гэта тэрыторыя на беразе Нёмана, з правага боку ад моста на вёску Бор, недалёка ад Любчанскага замка. Сёння там вытворчая пляцоўка Любчанскага лесазавода ААТ «Прынёманскі». А ў гаворцы старых людзей і дасюль раз-пораз можна пачуць: «…там, недалёка ад друкарні».

У тэму


Сёлета з нагоды 405-годдзя Любчанскай друкарні ў мястэчку зноў ажылі падзеі мінулых гадоў. Тэматычную тэатралізаваную пастаноўку да юбілею падрыхтавалі і здзейснілі ў Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэцы. Галоўныя ролі ў спектаклі пра гісторыю друкарні выканалі навучэнцы мясцовай сярэдняй школы.

Святлана ЧУБРЫК

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter