Памятник Льву Сапеге, канал Огинского и гостиница «Щара»: как Слоним готовится ко Дню белорусской письменности

Слоніму — слова!

Будучы Дзень пісьменства, якi адсвяткуюць у пачатку верасня, ма­быць, назаўжды змяніў марудлівы рытм жыцця сланiмчан. Цэлы год праляцеў для іх як адзін дзень. Абнаўлялі дарогі, фасады, высаджвалі кветкі, усталёўвалі малыя архітэктурныя формы. Галоўныя аб’екты будаўніцтва — канал Агінскага і гасцініца «Шчара». А яшчэ ў цэнтры горада зусім хутка ўстановяць помнік Льву Сапегу. І гараджане, і кіраўніцтва раёна перажываюць за агульную справу: паспеюць ці не паспеюць? Чым парадуе гасцей адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых гарадоў Гродзеншчыны?

Зялёныя скульптуры сланоў сустракаюць гасцей горада.

У горад вернецца стараста

Гісторыя Слоніма звязана з імёнамі дзясяткаў вядомых людзей. Тут багатыя літаратурныя, літаратурна-мастацкія, краязнаўчыя традыцыі. Аднак помнік Льву Сапегу ў горадзе збіраліся паставіць амаль 20 гадоў. Нарэшце гістарычная справядлівасць адноўленая. 

Начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык расказала пра тое, на якім этапе знаходзiцца падрыхтоўка да адкрыцця помніка:

— Работы пачаліся яшчэ ў мінулым годзе, калі быў абвешчаны конкурс эскізных праектаў помніка колішняму старас­ту Слоніма, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Месца выбралі ў цэнтры горада на плошчы Леніна. Ужо ўсталяваны п’едэстал, саму ж скульптуру, якая будзе больш за 3 метры вышынёй, а разам з пастаментам 4,1 метра, чакаем арыенціровачна 25 жніўня. Над праектам працавалі тры аўтары. Знакава, што адзін з іх, Іван Міско, — ураджэнец вёскі Чамеры Слонімскага раёна. Роля Сапегі ў станаўленні нашага горада добра вядома. 

Настаўніца сярэдняй школы № 5 Яна ЯРМОЛІЧ з выхаванцамі.

Беларус па паходжанні, Сапега пачаў кар’еру з пасады пісара Вялікага Княства Літоўскага, даслужыўся да найвышэйшай пасады канцлера, меў званне ваяводы віленскага і гетмана ВКЛ. У 1586 годзе ён атрымаў у кіраванне горад Слонім. Па просьбе Льва Сапегі ў 1591 годзе гораду было пацверджана Магдэбургскае права, падараваны герб, на ім намаляваны леў, які трымае залатую стралу. За час праўлення Льва Сапегі Слонім стаў развітым цэнтрам рамёстваў і гандлю. Тут былі пабудаваны ратуша, гандлёвыя рады, першыя цэхі мясцовых рамеснікаў-ткачоў, склаўся гістарычны цэнтр з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. 

Агінскіх шмат, а канал — адзін

Без перабольшання, у Слоніме ёсць што паказаць і на што паглядзець самаму патрабавальнаму турысту. З нядаўняга часу цэнтрам павышанай увагі стаў канал Агінскага, які бярэ пачатак у Слоніме. Гэты цуд гідратэхнікі XVIII—XIX стагоддзяў — частка рукатворнага воднага шляху, ён калісьці злучаў Шчару і Ясельду, якая ўпадае ў Дняпро. 

Іван ВАДЭЙКА і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Наталля ЮНЧЫЦ.

Канал Агінскага доўгія гады знаходзіўся ў стане забыцця. Але знайшоўся чалавек, які стварыў грамадскае аб’яднанне «СлонімКаналАгінскага». Актывіст-пенсіянер Іван Вадэйка рады зменам да лепшага: 

— Нарэшце сюды прыйшла будаўнічая тэхніка. Люба-дорага глядзець, як працуюць спецыялісты. Актывісты нашага аб’яднання кожны год выконвалі пасільную працу, але грошай паступала мала. Маршрут любой экскурсіі па Слоніме вядзе да канала, названага ў гонар слонімскага старасты, гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага. Радавое дрэва Агінскіх велізарнае — дзясяткі пакаленняў, вялікія сем’і, мноства галін. Міхал Казімір быў траюрадным дзядзькам Міхала Клеафаса, якога ва ўсім свеце ведаюць як вялікага палітыка і кампазітара, які напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай». Дарэчы, у горадзе дзейнічае тэатр, традыцыі якога таксама ўзыходзяць да знакамітага роду Агінскіх. Да Дня пісьменства плануецца таксама ўсталяваць бюст нашага земляка, які ўжо адліваюць з бронзы мясцовыя майстры. Упэўнены, гэта месца стане цэнтрам прыцягнення для гасцей i жыхароў нашага горада. 

Часу павінна хапiць

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч рады зменам, хоць працаваць даводзіцца часам на мяжы магчымасцей. Аргкамітэт збіраецца ў рэжыме нон-стоп, каб па меры неабходнасці абмяркоўваць, што зроблена і дзе трэба дадаць тэмп. Па сутнасці, штодзённыя змены бачныя кожнаму. 

— У цэлым святкаванне XXVI Дня беларускага пісьменства — знакавая падзея для горада, і, вядома, вельмі важна апраўдаць спа­дзяванні нашых гасцей, — гаворыць старшыня райвыканкама. — Што прыемна, актыўна ўключыліся ў добраўпарадкаванне прадпрыемствы раёна і жыхары Слоніма, якія наводзяць парадак у сваіх дварах і падворках. Два нашыя галоўныя аб’екты — гэта канал Агінскага і гасцініца «Шчара». Іх рэканструкцыя вядзецца за кошт сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы. Выдзелена 5,3 мільёна рублёў. Усяго на абнаўленне горада плануем асвоiць 10,8 мільёна рублёў. Капітальны рамонт будынка раённай бібліятэкі прафінансуе вобласць. Рабочыя мяняюць дах, вокны і дзверы, абнаўляюць фасады. А вось капрамонт Цэнтра культуры народнай творчасці і рамёстваў выканаюць за кошт сродкаў раённага бюджэту. 

Арт-аб’ект «Я люблю Слонім» усталявалі паблізу гарадскога парку.

Гасцей на свяце чакаюць вельмi многа, таму важна з камфортам іх размясціць. У гасцініцы «Шчара» заменены ўсе інжынерныя сеткі. Рабочыя прыступілі да ўнутранага аздаблення памяшканняў. Тут правядуць перапланіроўку. Пакояў стане менш, але яны будуць больш камфортнымі, утульнымі і прасторнымі. З’явяцца і два нумары класа «люкс». 

Ужо прыкметна папрыгажэлі сярэдняя школа № 5, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, ліцэй, краязнаўчы музей імя Стаброўскага. Адновяць свае будынкi амаль два дзясяткі прадпрыемстваў і арганізацый, аб’екты гандлю. Не застаецца без увагі і жылы фонд. Шмат каля якіх дамоў цэнтральнай часткі горада ўсё яшчэ стаяць будаўнічыя рыштаванні. Абнаўлення дачакаліся некалькі вуліц і завулкаў. 

Весела і з размахам

Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме стартуе 31 жніўня. На дзвюх пляцоўках, у самім Слоніме і ў аграгарадку Жыровічы, пройдуць яго мерапрыемствы. У райцэнтры будзе арганізаваны Фестываль кнігі і прэсы, у гарадскім парку за званне «Уладар сяла» будуць змагацца маладыя сем’і вобласці. Іх чакаюць творчыя, спартыўныя і кулінарныя баталіі з нацыянальным каларытам. Па традыцыі яны будуць спаборнічаць у конкурсах на ўменне калоць і пілаваць дровы, запрагаць каня.

Зусім хутка ў цэнтры горада ўстановяць помнік Льву Сапегу. 

Ну а 1 верасня стане самым значным і запамінальным днём. Па ўсім горадзе будуць дзейнічаць дзясяткі інтэрактыўных пляцовак: тэатральныя, турыстычныя, маладзёжныя, гастранамічныя — увогуле, на любы густ. Будуць арганізаваны падворкі мастацкіх калектываў рэгіёна. У парку разгорнецца дзіцячая пляцоўка. На працягу дня пройдуць невялікія тэатралізаваныя паказы асобных эпізодаў вядомых твораў. Ажы­вуць героі п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы, рамана «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, рамана «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна і іншыя.

Цэнтральнымі падзеямі свята стануць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У гэты ж дзень у Слоніме адкрыецца новы магазін «Белкніга». 

— Рыхтуем вялікі банер з контурамі малюнка на гістарычную тэму, а падчас свята ўсе жадаючыя змогуць стаць графiцiстамі, намаляваўшы невялікі фрагмент будучага малюнка, — расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Наталля Юнчыц. — Рыхтуюць у рэгіёне да Дня беларускага пісьменства і друкаваную прадукцыю, напрыклад, набор паштовак з рэтракраявідамі Слоніма, зборнік твораў пісьменнікаў і паэтаў слонімскай зямлі, а таксама іншыя тэматычныя альбомы, выданні, прысвечаныя гісторыі і турызму.

Дзень беларускага пісьменства надоўга запомняць першакласнікі Слонімскага раёна. Для іх вырашылі правесці самую вялікую лінейку. У гарадскім парку збяруцца больш за 700 хлопчыкаў і дзяўчынак з горада і бліжэйшых населеных пунктаў. З гэтым знамянальным днём павіншуюць дзетак ганаровыя госці Дня беларускага пісьменства. Кожны першакласнік атрымае ў падарунак кнігу «Мая Радзіма — Беларусь». 

Прыязджайце і самі ўсё ўбачыце!

kondratsieva@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter