Славянскiя каранi

Калiсьцi наш пясняр Янка Купала вельмi трапна i вобразна сказаў, што “йшла доля беларуса з доляй украiнца”. Усё лагiчна i заканамерна: адзiныя славянскiя каранi, адна вера, адзiн дух

Беларуская веска дала Украiне гетмана

Калiсьцi наш пясняр Янка Купала вельмi трапна i вобразна сказаў, што “йшла доля беларуса з доляй украiнца”. Усё лагiчна i заканамерна: адзiныя славянскiя каранi, адна вера, адзiн дух. На нашых суседнiх землях спрадвеку моцна пераплялiся лёсы двух народаў-братоў. Гiсторыя iх мае шмат агульнага, адметнага, чым мы ганарымся i што павiнны берагчы. Цяпер, калi незалежныя Беларусь i Украiна разам шукаюць новыя шляхi паглыблення двухбаковых адносiн, у першую чаргу дзеля сваёй нацыянальнай бяспекi, шматвяковая гiстарычная i духоўная блiзкасць павiнна быць выкарыстана для больш шчырай i надзейнай згоды па самых розных накiрунках. 

Ля  царквы  Пятра i  Паўла

Вось яшчэ адна надзвычай цiкавая старонка такой еднасцi двух народаў. 

Леанiд Ясiнскi, прэс-сакратар украiнскага пасольства ў нашай рэспублiцы, расказаў мне аб адкрыццi ў вёсцы Касута Вiлейскага раёна мемарыяльнай дошкi ў гонар гетмана Украiны Пiлiпа Орлiка: 

— Усё было вельмi хвалююча, па-братэрску цёпла i шчыра. Удала выбрана месца для памятнага знака – ля царквы Пятра i Паўла. Такi маляўнiчы куточак. Сюды прывезлi валун, ён бы той сведка далёкiх часоў, на iм умацавалi памятную дошку. Дарэчы, сёлета спаўняецца 335 гадоў з дня нараджэння нашага нацыянальнага героя Пiлiпа Орлiка, гэтая юбiлейная дата будзе шырока адзначацца. 

Мяркую, у нашых чытачоў узнiкне пытанне: Пiлiп Орлiк, як бачым, украiнскi гетман, пры чым жа тут Беларусь? Сувязь самая цесная: наша вёска Касута i дала Украiне знакамiтага гетмана Пiлiпа Орлiка. Ён – гiстарычная асоба ў самым поўным сэнсе слова, што i падкрэслiвалi выступаючыя. Тут было шмат сiмвалiчных момантаў, якiя сведчаць аб сумеснай даследчай рабоце ўкраiнцаў i беларусаў па ўвекавечваннi памяцi Пiлiпа Орлiка. Мерапрыемства адкрыў старшыня Вiлейскага райсавета Яўген Iгнатовiч, якi сам прыклаў шмат намаганняў да ўстанаўлення гэтага знака ў Касуце. Пакрывала з валуна здымалi Часовы Павераны ў справах Украiны ў Беларусi Аксана Кiцун, беларускi даследчык жыцця гетмана Анатоль Рогач, намеснiк старшынi Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраiнцаў “Ватра” Галiна Калюжная. 

Адкрыццё памятнай дошкi – важная i знакавая падзея як для Украiны, так i  для Беларусi, падкрэслiла Аксана Кiцун. Мы вельмi ўдзячны беларусам, што з нашай дапамогай увекавечана памяць нашага земляка Пiлiпа Орлiка, аўтара першай украiнскай Канстытуцыi. 

Настаяцель царквы Пятра i Паўла айцец Iгар асвяцiў урачыстасць. Царква дала згоду на сумесную iнiцыятыву ўкраiнцаў Беларусi i мясцовага краязнаўчага музея аднавiць тут каплiчку i стварыць у ёй мемарыял славутага гетмана. 

Тут  гетман  бегаў  басанож

Галiна Калюжная звяртае ўвагу на тое, што адзiн з заслужаных i вядомых дзеячаў Украiны калiсьцi бегаў басанож менавiта па беларускай зямлi, яго ўзгадавала мацi-беларуска. 

Сумесная даследчая праца ўкраiнцаў i беларусаў па вытоках жыцця Пiлiпа Орлiка – яскравы прыклад таго, як разам можна ўзбагацiць гiсторыю двух народаў, вярнуць iмёны iх слынных сыноў. Галоўнае – iнiцыятыва, каб мы больш ведалi, хто мы i адкуль, што значым у свеце. Прызнаемся: украiнцы паказваюць беларусам, як трэба весцi  такi пошук, высакародны i жыццёва важны для любой нацыi. З 2002 года дзейнiчае грамадская камiсiя па ўвекавечваннi памяцi Пiлiпа Орлiка. У Беларусi прайшлi гiстарычныя чытаннi на гэтую тэму. Выдадзена кнiга пра славутага гетмана. Прычым яна ўбачыла свет дзякуючы сумесным намаганням украiнцаў i беларусаў. 

У кнiзе змястоўныя артыкулы, напiсаныя па-ўкраiнску  i па-беларуску. Знаць, побач жыве мова нашых двух народаў, што таксама гаворыць пра многае. 

Паслухаем, што пiша Любоў Собалева, навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН рэспублiкi: “Колькi народзiнцаў Беларусi, якiя зрабiлi важкi ўнёсак у гiсторыю нашых дзяржаў, заставалiся доўгi час па-за гiстарычнай памяццю на бацькаўшчыне: Iгнат Дамейка, Iван Чырскi, Бенядзiкт Дыбоўскi i iншыя... Сярод iх i слынны ўкраiнскi дзяржаўна-палiтычны дзеяч Пiлiп Орлiк... Вядома, што вялiкi ўплыў на яго выхаванне i адукацыю аказала мацi, беларуская шляхцянка з роду Малахоўскiх, праваслаўная па веравызнаннi. Трэба згадаць, што ў тагачасным грамадстве менавiта мацi з’яўлялася тым медыятарам, якi перадаваў з пакалення ў пакаленне лепшыя традыцыi, звычаi сям’i”. 

Валянцiна Калюжная падкрэс­лiвае, што Пiлiп Орлiк нарадзiўся ў 1672 годзе ў беларускай вёсцы Касута, але так склаўся яго лёс, што ён усё сваё жыццё прысвяцiў станаўленню i ўмацаванню ўкраiнскай дзяржаўнасцi... Гэта адзiн з яскравых прыкладаў, якiя сведчаць, што многiя выхадцы з Беларусi станавiлiся ў свой час знакамiтымi асобамi ў гiсторыi розных краiн свету, займалi высокiя дзяржаўныя пасады, iгралi ключавыя ролi ў сусветнай палiтыцы. 

Яго  Канстытуцыя

Я не стаўлю сваёй мэтай хаця б коратка аналiзаваць грамадска-палiтычную дзейнасць Пiлiпа Орлiка, гэта, безумоўна, прывабная тэма для вучоных-гiсторыкаў. Але ж прыгадаць найбольш значныя штрыхi яго бiяграфii, якiя ёсць у названай кнiзе, безумоўна, трэба. Бацька Пiлiпа, Стэфан Орлiк, удзельнiчаў у вайсковых паходах i загiнуў на вайне, калi хлопчыку быў усяго адзiн год. Выхоўвала сына мацi Iрына Малахоўская. Спачатку ён атрымаў адукацыю ў Вiльнi, затым разам з мацi пераехаў у Кiеў. Тут працягваў вучыцца ў Кiева-Магiлянскiм калегiуме, якому ў 1701 годзе былi нададзены правы i тытул акадэмii. 

Высокаадукаваны i здольны службовец звярнуў на сябе ўвагу гетмана Iвана Мазепы, якi дае яму пасаду генеральнага пiсара, потым адкрывае свае планы дасягнення незалежнасцi Украiны. Знаходзячыся пры Мазепу, П.Орлiк у складзе гетманскай делегацыi наведвае Мiнск. Можна меркаваць, што тады ж ён пабыў i ў сваёй роднай Касуце... 

Пасля смерцi Iвана Мазепы Пiлiп Орлiк быў выбраны ўкраiнскiм гетманам у выгнаннi. Якраз у дзень выбараў i з’явiлася так званая Канстытуцыя Пiлiпа Орлiка. У ёй знайшла сваё яскравае адлюстраванне iдэя ўкраiнскай нацыi таго часу  — неабходнасць аб’яднання i незалежнасцi Украiны. Пры жыццi ён, як вядома, сваёй мэты не дасягнуў, памёр Пiлiп Орлiк 24 мая 1741 года ў Малдавii, у Ясах. 

Яго  iмя  ў  гiсторыi

Але, падкрэслiваюць да­след­чыкi, высокаадукаваны, з тонкiм нацыяльна-палiтычным розумам, гарачы i свядомы барацьбiт за лепшую долю Украiны Пiлiп Орлiк i сёння – увасабленне сапраўднага патрыятызму. Да таго ж гэта быў вельмi таленавiты чалавек, не толькi вядомы палiтолаг, гiсторык, тэолаг, палiтык, але i паэт, пуб­лiцыст. 

I нядзiўна, што сёння ва Украiне iмя Пiлiпа Орлiка надзвычай папулярнае i вядомае ўсiм. Прэзiдэнт Вiктар Юшчанка часта называе Пiлiпа Орлiка ў сваiх пасланнях. Нацыянальны банк выпускае манеты з яго воблiкам. Дарэчы, Канстытуцыйны суд Украiны месцiцца ў Кiеве на вулiцы iмя Пiлiпа Орлiка. 

I яшчэ адзiн цiкавы штрых з бiяграфii Пiлiпа Орлiка. Яго сын Рыгор (1702—1759) у Францыi меў графскi тытул. У 1755 годзе кароль Людовiк XV прызначыў яго сваiм паслом у Стамбуле. Рыгор добра валодаў еўрапейскiмi мовамi, а таксама турэцкай i татарскай. Меў званне брыгаднага генерала. У час Сямiгадовай вайны даслужыўся да ступенi генерал-лейтэнанта. Памёр Рыгор Орлiк у вайсковым лагеры ля Мiндэна ў Германii. У ХХ стагоддзi на яго былых землях на поўдзень ад Парыжа, у цяперашнiм прыгарадзе, быў пабудаваны вядомы аэрапорт Орлi. Так што, пад­крэслiвае доктар гiстарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевiч, iмя беларускага шляхцiца Орлiка засталося на карце Францыi. 

Кабзар  прыйшоў да  нас

Беларусь, зазначае Галiна Калюжная, якая дала свету цэлую кагорту выдатных дзеячаў, можа па праву ганарыцца яшчэ адным славутым iмем – Пiлiпам Сця­па­навiчам Орлiкам. 

А мы разам, беларусы i ўкраiнцы, як працяг векавых традыцый маем сёння неацэнны агульны набытак у сферы культурных сувязей. У славянскай цывiлiзацыi гэта унiкальная з’ява, пра яе можна гаварыць бясконца. Прывяду толькi некалькi прыкладаў. У Беларусi сёння пражывае 237 тысяч этнiчных украiнцаў. Ва Украiне – 275 тысяч этнiчных беларусаў. 

Прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка назваў Мiжнародны фестываль “Славянскi базар у Вiцебску” магутным мастацкiм патэнцыялам, якi садзейнiчае ўмацаванню творчага дыялога памiж рознымi дзяржавамi. У Кiеве на ўкраiнскай мове выйшла ў свет знакамiтая “Новая зямля” Якуба Коласа. Сёлета плануецца выданне шэдэўра сусветнай лiтаратуры эпохi Адраджэння — “Песнi пра зубра” Мiколы Гусоўскага ў перакладзе на мову братняга народа. 

У абласных цэнтрах Беларусi ўстаноўлены чатыры бюсты i помнiк Тарасу Шаўчэнку, яго ж iменем названы ў нас больш як 20 вулiц. Традыцыйна праходзяць Днi ў нашай рэспублiцы, прысвечаныя вялiкаму кабзару. Самi ўкраiнцы з удзячнасцю гавораць, што i гэта, i многае iншае сведчыць пра вялiкую павагу да iх паэтаў, да iх нацыяльнай лiтаратуры з боку беларусаў. 

Украiнская “Ватра” мае свае аддзяленнi ў Вiцебску, Магiлёве, Маладзечне, Мiнску, другiх населенных пунктах, якiя на гасцiннай беларускай зямлi захоўваюць i развiваюць сваю культуру, мову, традыцыi, гiстарычную спадчыну, тым самым мацуюць нашу дружбу. А як прыгожа, мiлагучна гучаць украiнскiя песнi на штогадовым Усебеларускiм фестывалi нацыянальных культур у Гродне. 

I нiякiя злыя ветры, што, на жаль, часта трывожаць цяпер наша жыццё, не разарвуць гэтыя моцныя зямныя каранi, якiя знiтавалi жыццё, лёс нашых двух братнiх народаў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter