Слава і справа Цодзіка Славіна

Свой юбілей Бабруйскі краязнаўчы музей сустрэў перамогай

Вы можаце ўявіць сабе дырэктара музея, які вывучае будову авіяцыйнага рухавіка, каб лепш расказаць моладзі аб самалётах, без якіх яна не ўяўляе сваёй будучыні? А ці шмат мы ведаем кіраўнікоў такіх устаноў, якія валодалі б трыма замежнымі мовамі, што называецца, без слоўніка і чыталі неабходную ў музейнай справе літаратуру ў арыгінале? Нарэшце, ці часта нам сустракаюцца асобы, якія спалучаюць у сабе адданасць абранай справе і творчыя здольнасці?

Між тым менавіта гэткім чалавекам быў ураджэнец Глушчыны Цодзік Якаўлевіч Славін, спачатку бібліятэкар у адной з бабруйскіх школ, а потым энтузіяст стварэння гарадскога краязнаўчага музея. Канечне, драўляная хацінка, дзе месціліся першыя экспанаты, не ўражвала і вока не прыцягвала, але ўжо праз тры гады ў музеі з’явіліся аддзелы выкапняў, жывёлін, раслін, лесаводства, пчалярства, паляводства, санітарнай асветы — быццам тыя кафедры ва ўніверсітэце.

У 1927 годзе Бабруйскі музей стаў дзяржаўным і ўвайшоў у сістэму народнай адукацыі Беларусі. Яшчэ праз тры гады ён атрымаў каменны асабняк, у якім першы дырэктар адчуваў сябе і даследчыкам, і адкрывальнікам, і прапаведнікам. Адзін у асобах кіраўніка ўстановы, навуковага супрацоўніка, рахункавода і экскурсавода, Цодзік Славін паспяваў не толькі даваць заказы таксідэрмістам, пісаць навуковыя артыкулы, вырошчваць сою (!) на невялікім доследным участку пры музеі, але і маляваць ілюстрацыі для экспазіцый, іграць на скрыпцы, калі гэтага патрабавала тэма экскурсіі.

— А яшчэ гэты нястомны руплівец быў дэпутатам гарсавета, актыўна пісаў у газеты і часопісы, чытаў лекцыі, — апавядае сённяшні дырэктар краязнаўчага музея ў Бабруйску Наталля Арцёмчык. — На жаль, песня жыцця Цодзіка Якаўлевіча абарвалася на самай высокай ноце, калі яму было ўсяго пяцьдзясят гадоў. У 1937-м, расцаніўшы прамову на адной з сесій як контррэвалюцыйную, а колькасць партрэтаў правадыроў у музеі недастатковай, яго арыштавалі і адправілі ў далёкаўсходні лагер, дзе ён і загінуў. Рэабілітаваны быў пасмяротна ў 1953 годзе…

Сёння як помнік першаму дырэктару ўзвышаецца будынак музея ў самым цэнтры горада. Каб ён гэткім стаў, шмат зрабілі вядомы беларускі скульптар Эдуард Агуновіч, два дзясяткі мастакоў-бабруйчан і ўвесь калектыў установы. У дзесяці залах ёсць усё: ад археалагічных экспанатаў і матэрыялаў аб дзейнасці дзекабрыстаў ва ўнікальнай крэпасці на Бярэзіне да сведчанняў жыцця ўнучкі А.С. Пушкіна на Бабруйшчыне і разгрому фашыстаў у «Бабруйскім катле», ад манеты дынастыі Эльдзігізідаў і грэнадзёркі 1812 года да стэнда, прысвечанага адзінаму ў свеце аўтару чатырох паветраных таранаў Герою Савецкага Саюза Барысу Коўзану, і агромністай аўтамабільнай пакрышкі вытворчасці вядомай усюды «Белшыны».

А яшчэ ў музей любяць зазірнуць… жаніхі і нявесты. Бо менавіта тут у этнаграфічнай зале праводзяцца вясельныя абрады «На век доўгі, на быт добры». Шмат аматараў даўніны не супраць правесці ў асяроддзі экспанатаў нават і ноч — Бабруйскі краязнаўчы чатыры гады запар удзельнічае ў еўрапейскай акцыі «Ноч музеяў», у якой прапануе праграмы «Фарбы старажытнага кірмашу», «Ажыўшая гісторыя», «Бабруйск павятовы: ХХ век пачынаецца» і іншыя. Дзейнічаюць тут ваенна-патрыятычны клуб «Доблесць», аматарскае аб’яднанне «Крынічка», клуб філатэлістаў.

Апошняй па часе падзеяй стала прыняцце на баланс музея трынаццаці аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці пачатку ХІХ стагоддзя — Бабруйскай крэпасці. Вось бы парадаваўся гэтаму Цодзік Славін. Але і пашкадаваў бы. З прычыны маруднасці ўзнаўлення і рэканструкцыі цытадэлі, якая больш за дзвесце год таму назад на чатыры месяцы звязала дзеянні спачатку корпуса, а потым і дывізіі арміі Напалеона, што мела вялікае значэнне ў бітве пад Масквой. Тым не менш бабруйскія музейшчыкі распрацавалі экскурсійны маршрут па тэрыторыі фартэцыі, праводзяць навукова-практычныя канферэнцыі, іншым чынам прыцягваюць увагу да сапраўднага рарытэта.

Напэўна, невыпадкова свой 90-гадовы юбілей Бабруйскі краязнаўчы музей сустрэў перамогай у гарадскім спаборніцтве па выніках мінулага года, шматлікімі ўзнагародамі самага рознага кшталту, цікавасцю і прыязнасцю наведвальнікаў. Бо і сёння храм ведаў і памяці дзейнічае для бабруйчан і гасцей горада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter