У Тальяці прайшоў міжнародны фестываль мастацкай творчасці “Зямля пад белымі крыламі”

Славім родную Айчыну

У Тальяці прайшоў міжнародны фестываль мастацкай творчасці “Зямля пад белымі крыламі”


Беларусы Тальяці — не першыя з супляменнікаў у замежжы, хто ў культурна-асветніцкай дзейнасці выкарыстоўвае “бусліныя вобразы”. Як вядома, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры мае прыгожую птушку на эмблеме. Мы ж назвай фэсту нагадалі ўсім пра сёлетні юбілей Уладзіміра Караткевіча: пісьменнік нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Яго нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, які выйшаў у 1977 годзе — гэта ж проста песня пра Бацькаўшчыну! Твор, дарэчы, лёгка знайсці і ў інтэрнэце.


Актывісты суполкі “Нёман” запрасілі на фэст сяброў з Тальяці ды гасцей з Беларусі


На ўрачыстасці ў гарадскім Палацы культуры мы расказалі, што бусел для беларусаў — сімвал міру, чысціні, памкнёнасці да неба-ідэалу. І ён жа спрыяе, каб род наш прадаўжаўся: прыносіць у сем’і немаўлят. Для нас, у замежжы, бусел яшчэ і сімвал Бацькаўшчыны — “зямлі пад белымі крыламі”, якую чалавек культурны любіць, зберагае ў сваім сэрцы, дзе б ні быў. Для ўдзелу ў гарадскім этнафэсце былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх нацыянальна-культурных цэнтраў, аўтаномій Тальяці. А вялі рэй наша грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” ды ансамбль беларускай песні “Купалiнка”. І паколькі 2015-ы ў Тальяці — Год беларускай культуры, то фэст і адкрывала Людміла Дзёміна, кіраўніца “Нёмана”. Яна павіншавала ўсіх удзельнікаў і гледачоў са святам, потым перадала верацяно, эстафету-сімвал фестывалю этнасуполак, стар­шыні чувашскай аўтаноміі.

Па запрашэнні мясцовых белару­саў у Тальяці прыехаў народны ансамбль песні “Пліса” — з горада Смалявічы, што ў Мінскай вобласці. Сюрпрыз для гледачоў! Некалькі цудоўных песень гурта ажывілі залу, прыўнеслі ў яе святочны настрой, сталі своеасаблівым камертонам для іншых удзельнікаў. Потым, дарэчы, з канцэрта “Пліса” ды “Купалiнка” перамясціліся ў Камсамольскі раён горада: у Палацы культуры “Тольяттиазот” распачаўся ўласна беларускі фэст “Зямля пад белымі крыламі”. Там было  шматлюдна: мы пастараліся, каб запрашальныя квіткі трапілі ў ветэранскія, маладзёжныя арганізацыі, на прадпрыемствы, у нацыянальна-культурныя цэнтры. А людзі ж яшчэ і пыталі “лішні білецік”, каб трапіць на фэст — бо ў Тальяці вельмі любяць беларусаў.

Больш за дзве гадзіны доўжыўся фэст, удзельнікамі якога сталі згаданыя гурты і даўнія партнёры, сябры “Нёмана”: ансамбль танца “Улыбка” з пасёлка Прыморскі, ансамбль народнага танца “Лицей” з Ліцэя мастацтваў, вакальны гурт хлопчыкаў “Стрижи” Дзіцячай школы мастацтваў імя Балакірава, а таксама выкладчыкі школы Валерыя Шэіна і Тамара Кармішына.

Выступалі яшчэ юныя дамрысткі Алёна Маліначка і Паліна Шакурская, народны ансамбль танца “Кредо”, стрыечныя сёстры Марыя Шылкіна і Валерыя Пыціна з дзіцячага ансамбля “Зорачкi”. Душэўныя песні выканаў наш гурт “Купалiнка”, яго салісткі Вераніка Нікуліна і Аліна Паўлава. А вось народны ансамбль “Пліса” быў на сцэне больш за гадзіну. Голас яго салісткі Ірыны Велянцейчык зачараваў гледачоў, і Алег Сёмін з яго бліскучым гумарам усім прыйшоўся даспадобы. Вядучымі фэсту былі Людміла Дзёміна і Таццяна Шылкіна.


Салісты гурта “Пліса” з Беларусі ў Тальяці

Прызы, падзячныя лісты, добрыя словы — і гэта ўсё было. Міністэрства культуры Самарскай вобласці, Самарскі Дом дружбы народаў і Дэпартамент культуры Тальяці ўшанавалі ўдзельнікаў фэсту дыпломамі, падзячнымі лістамі. А намеснік старшыні праўлення суполкі «Нёман” па рабоце з моладдзю і сувязях са СМІ Сяргей Шылкін разам з Падзякай “за развіццё беларускай культуры ў Самарскай вобласці, умацаванне дружбы паміж народамі” атрымаў імянны гадзіннік ад губернатара Мікалая Мяркушкіна. Заўважу, да фэсту немалы інтарэс праявілі тальяцінскія і губернскія СМІ, яго асвятлялі, у прыватнасці, газета “Площадь Свободы” і тэлеканал “Губерния”. Актывісты суполкі “Нёман” удзячны ўсім удзельнікам фэсту, а таксама кіраўніцтву карпарацыі “Тольяттиазот” (гендырэктар Вяча­слаў Суслаў), персаналу Палаца культуры (дырэктар Пётр Лук’янаў), супрацоўнікам Дэпартамента культуры Тальяці, Міністэрства культуры вобласці і Самарскага Дома дружбы народаў ды многім іншым добрым людзям. Гэта ўсё — нашы сябры, сябры беларускай культуры. І, дарэчы, у нас ёсць задума: уносіць іх імёны, а таксама назвы суполак, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў у ганаровую “Кнігу сяброў Беларусі”.

Падводзячы вынікі Года беларускай культуры ў Тальяці, можна сцвярджаць: ён прайшоў годна і на высокім узроўні. Суполка “Нёман” была ў цэнтры падзей, калі ў горадзе адзначаўся Дзень яднання народаў Расіі ды Беларусі, 10-годдзе гурта “Купалiнка” і 5-годдзе дзіцячага гурта “Зорачкi” — тады на свята прыязджала і дэлегацыя з Бабруйска. Людміла Дзёміна паўдзельнічала ў аўтапрабегу, прысвечаным 70-годдзю Перамогі. Потым гурт “Купалiнка” з тальяцінскімі гуртамі-партнёрамі быў у Ваўкавыску на Свяце горада. І фэст “Дажынкі”, і міжнародны фэст “Зямля пад белымі крыламі” надоўга запомняцца тальяцінцам. А галоўны “рухавік” ва ўсіх гэтых справах — наша Людміла Іванаўна Дзёміна. Усю душу і сілы ўкладвае яна ў тое, каб незабыўнымі былі святы. Сцэнарыі, складванне праграм, рэпетыцыі з ансамблямі ды ўдзельнікамі — у асноўным на яе плячах. Прыемна, што кола сяброў, партнёраў суполкі пашыраецца. Дарэчы, і чытачы “Голасу Радзімы” з сябрамі могуць да яго далучацца: мы прыкідваем творчыя планы на год 2016-ы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter