Слабага звяна на пошце няма

На сцэне, дзе, здаецца, толькi што ярка, цiкава i дасцiпна — з падпеўкай, падтанцоўкай i жартамi “новых паштовых бабуль” — дэманстравалася хатняе заданне, выстраiлiся радасныя i ўсхваляваныя пераможцы. Завяршыўся Х рэспублiканскi конкурс прафесiйнага майстэрства сярод начальнiкаў гарадскiх i сельскiх аддзяленняў паштовай сувязi. Юбiлейныя спаборнiцтвы паказалi, што нашым паштавiкам можна выходзiць на мiжнародную арэну.

— Сённяшняя пошта — гэта найноўшыя iнфармацыйныя тэхналогii, цэлы набор электроннай тэхнiкi, вельмi шырокi спектр аказваемых паслуг. I як вынiк гэта прафесiяналы высокага ўзроўню, якiя штодня абслугоўваюць клiентаў, — зазначыла намеснiк генеральнага дырэктара РУП “Белпошта” па эксплуатацыi, старшыня журы Iрына Саксонава.
У высокiм прафесiяналiзме работнiкаў паштовай сувязi клiенты, а гэта ўся краiна, пераконваюцца пастаянна. А конкурсы прафесiйнага майстэрства пацвярджаюць, што i гарадскiя, i сельскiя паштавiкi вельмi дасведчаныя, спрактыкаваныя, а ў дадатак ветлiвыя, карэктныя, псiхалагiчна “падкаваныя” людзi. Сёлета гэта пераканаўча дэманстравалi 39 лепшых з лепшых прадстаўнiкоў, а дакладней, прадстаўнiц абласных фiлiялаў i вытворчасцi “Мiнская пошта”. Пачынаючы з хатняга задання, усе ўзялi высокi тэмп, якi старалiся ўтрымлiваць да канца спаборнiцтваў. Журы адзначыла сучасную рэкламу паслуг прадстаўнiкоў Вiцебшчыны, прыгожую прэзентацыю клiенцкай залы пошты-2007 вытворчасцi “Мiнская пошта”, адметны дэвiз Мiнскага фiлiяла, артыстызм магiляўчан, прэзентацыю штодзённай газеты, зробленую гамяльчанамi, добрую тэарэтычную i практычную падрыхтоўку Брэсцкага фiлiяла, паказ сучасных аддзяленняў сувязi на Гродзеншчыне.
— Узровень падрыхтоўкi значна павялiчыўся, — задаволена Iрына Саксонава. — Кадры добрыя: ведаюць камп’ютэр, новую тэхнiку, выдатна адказвалi на ўсе пытаннi. Узяць новую намiнацыю, якую мы прыдумалi па тэлевiзiйнаму прынцыпу, — “слабае паштовае звяно”. Першы раз усе адказалi, другi захад — зноў не змаглi выявiць слабейшага. Сталi задаваць самыя цяжкiя пытаннi — i ўрэшце пераканалiся, што слабага звяна на пошце няма.
Барацьба ў “слабым звяне” была такой напружанай, што нават давялося адысцi ад правiлаў i спынiць гульню, бо двое ўдзельнiкаў згадзiлiся на нiчыю. Таму было вызначана трое самых моцных: Ганна Радкевiч (АПС Гарочычы Калiнкавiцкага РВПС), Людмiла Заякiна (АПС Цэль Асiповiцкага РВПС) i Таццяна Якубовiч (9-е АПС г.Баранавiчы).
Ганна Радкевiч наогул стала гераiняй юбiлейнага конкурсу. У дадатак да моцнага паштовага звяна яна стала лепшым тэарэтыкам i практыкам i ў вынiку заняла першае месца сярод начальнiкаў сельскiх аддзяленняў паштовай сувязi.
— Не чакала, што столькi прызоў будзе, — усмiхаецца Ганна Пятроўна. — У мяне ў аддзяленнi працуюць вельмi добрыя паштальёны, яны i выхавалi свайго начальнiка, каб усё ведаў. У нас аграгарадок, аддзяленне сувязi вельмi прыгожае i вялiкае для раёна — 4 вёскi i 900 жыхароў. Мы не лыкам шытыя: ёсць паштова-касавы тэрмiнал, камп’ютэр, выхад у Iнтэрнет, факс, ксеракс... Iнтэрнет быў вельмi дарэчы нашым абiтурыентам.
Перамозе радуецца ўся сям’я Ганны, асаблiва малодшая дачка Нэля, якая марыць стаць паштовым работнiкам, дапамагае мацi ўсе справаздачы рабiць. А пры падвядзеннi вынiкаў скакала ад радасцi ўся каманда Гомельскага фiлiяла. Бо яшчэ адна яе прадстаўнiца Святлана Дзяцiнкiна (4-е АПС Рэчыцкага РВПС) стала лепшай сярод начальнiкаў гарадскiх аддзяленняў паштовай сувязi. А калi падлiчылi набраныя камандамi балы ва ўсiх намiнацыях, то аказалася, што гамяльчане прыхапiлi i пераходны кубак. Сёлета ён уручаўся ўпершыню. Калi каманда здолее ўтрымаць гэты пачэсны трафей тры гады запар, ён прапiшацца ў ёй назаўсёды.
Другое i трэцяе месцы сярод начальнiкаў сельскiх аддзяленняў паштовай сувязi занялi адпаведна Святлана Тур (АПС Яцкавiчы Брэсцкага РВПС) i Алена Краўчэня (АПС Навадворцы Слуцкага РВПС). Сярод “гараджан” другой стала Кацярына Самец (6-е АПС г.Мiнска), трэцяй — Таццяна Якубовiч (9-е АПС г.Баранавiчы). Дарэчы, Кацярына Самец атрымала “серабро” напярэдаднi свайго 25-годдзя, а на Днi горада яна прадстаўляла майстроў-паштавiкоў.
Начальнiк аддзела паштовай сувязi Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi Раiса Жыгалка, вiншуючы пераможцаў i вiтаючы ўдзельнiкаў, зазначыла, што ўсе яны — элiта беларускай пошты. Гэта значыць, што будучае ў нашай пошты ёсць.
Якраз будучае, толькi на мiжнародным узроўнi, паштавiкi рэгiянальнага саюза сувязi абмяркоўваюць на гэтым тыднi ў Баку. Тут сабралiся калегi з былых рэспублiк Саюза, у тым лiку i прадстаўнiкi нашай краiны. Паштовыя сувязi не страчаны, а наадварот, умацоўваюцца. I Беларусi ёсць пра што сказаць калегам, ёсць нагода пахвалiцца i цудоўнымi працаўнiкамi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter