Слаўся, Марыя!

Ёй пашанцавала святкаваць свой дзень нараджэння двойчы, прычым на працягу аднаго тыдня. Прычыну такой неспадзяванкi яна сама тлумачыць проста: нарадзiлася 21 лiстапада, у дзень Архiстрацiга Мiхаiла, а датай нараджэння ў дакументах значыцца 28 лiстапада — даўней i не такой блытанiны ў паперах хапала...

Зрэшты, у тым, што так атрымалася, бачыцца нейкi промысел Божы. Бо цi хапiла б аднаго дня ўсiм прыхiльнiкам таленту Марыi Захарэвiч павiншаваць любiмую актрысу з днём нараджэння? Наўрад цi. А вось цэлы тыдзень — гэта самае тое.
Марыя Георгiеўна i сапраўды адна з самых любiмых беларускiх актрыс. Яе глыбокi цудоўны голас для многiх стаў сiмвалам прыгажосцi i выразнасцi роднай мовы, яе ролi на сцэне Купалаўскага тэатра — неад’емным здабыткам нацыянальнай культуры. Актрыса i сёння плённа працуе на галоўнай тэатральнай сцэне краiны, не толькi занята ў спектаклях, але i ставiць iх. Па-сапраўднаму народная артыстка, яна для соцень сваiх гледачоў — увасабленне Мацi, Жанчыны, роднай Беларусi...
Калектыў “Народнай газеты” далучаецца да тых шматлiкiх вiншаванняў, якiя народная артыстка Беларусi прымае ў гэты тыдзень, памiж сваiмi двума днямi нараджэння. Мы зычым любiмай актрысе здароўя, плёну i поспеху на сцэне i ў жыццi. Радуйце нас новымi спектаклямi i ролямi, панi Марыя!

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка павiншаваў вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы народную артыстку Беларусi Марыю Захарэвiч з юбiлеем. Аб гэтым БЕЛТА паведамiлi ў прэс-службе кiраўнiка дзяржавы.
“Дзякуючы непаўторнаму таленту i вытанчанаму майстэрству Вы стварылi ў тэатры, кiно, на радыё i тэлебачаннi шэраг запамiнальных жаночых вобразаў, якiя вабяць цэласнасцю характару, душэўнай шчодрасцю i чысцiнёй.
Сёння Вы — адна з самых яркiх зорак славутай купалаўскай сцэны — працуеце шчыра i самааддана, з’яўляецеся для маладых пакаленняў артыстаў выдатным прыкладам нястомнага творчага служэння тэатру”, — гаворыцца ў вiншаваннi.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Марыi Захарэвiч здароўя, натхнення, поспехаў, новых цiкавых роляў, шчасця i добрага настрою.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter