Слізка і небяспечна

У БХМД Мінска з галалёднымі траўмамі знаходзіцца 30 чалавек

У БХМД Мінска з галалёднымі траўмамі знаходзіцца каля 30 чалавек.

З наступленнем маразоў для некаторых нават паход у магазін ператвараецца ў экстрым. Кожны дзень у БХМД Мінска з галалёднымі траўмамі звяртаюцца каля пяці чалавек. А ў канцы мінулага года, як толькі цісканулі маразы, за суткі часам трапляла і 20.

— За гэтыя выхадныя з галалёднымі траўмамі да нас паступіла 15 пацыентаў, — расказвае Ігар Шыманскі, намеснік галоўнага ўрача па хірургіі БХМД Мінска. — Усяго ж тых, хто няўдала паслізнуўся і атрымаў траўму, зараз у нашай бальніцы 30 чалавек.

Таму ў такое надвор’е ўрачы раяць хадзіць няспешна, а жанчынам пажадана адмовіцца ад абутку з высокімі абцасамі.

Не менш асцярожнымі трэба быць і ў час адпачынку на горках або катку. Так, у нядзелю вечарам двое гамяльчан няўдала з’ехалі з 20-метровай горкі. У выніку ў хлопца адкрыты пералом вялікай і малой галёначнай косткі правай нагі, а ў дзяўчыны — траўма пазваночніка. Зараз маладыя людзі знаходзяцца ў бальніцы.

Дарэчы, гэта ўжо не першы такі выпадак у Гомелі. 9 студзеня ў час катання з горкі чэрапна-мазгавую траўму атрымала дзесяцігадовае дзіця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter