Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гасцёўня ў Коласаўскім музеі прайшла з удзелам расійскіх літаратараў

Скрыпка грае на ўвесь свет

Калі нядаўна праходзіла XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, то ў Беларусь прыехалі пісьменнікі з розных краін. Было шмат гасцей і з Расіі. Тым скарысталіся супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: зладзілі ў сябе 1 сакавіка прыгожую Літаратурна-музычную гасцёўню “Колас услых”. Яна прысвячалася 100-годдзю выдання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. І была гэта творчая сустрэча з перакладчыкамі паэмы на рускую мову. У госці “да Коласа” прыйшлі член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў Андрэй Антонаў, адказны сакратар Ленінградскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Порахаў, дырэктар Дома пісьменнікаў у Санкт-Пецярбурзе Яўген Лукін.

Сымон-музыка і Ганна. Фрагмент скультурнай кампазіцыі ў Мінску, на Плошчы Якуба Коласа

Мне яшчэ згадалася, што літаратары з Санкт-Пецярбурга былі у Беларусі летась на Каласавінах, калі адзначаліся 135-я ўгодкі Песняра. Да свята яны й зрабілі пераклад паэмы “Сымон-музыка” на рускую мову. Пад час цёплых сустрэч у Мінску гаварылі: “Дзякуй Песняру Беларусі за разуменнее светлай душы славянскага народа”. Сам жа твор называлі надзвычай меладычным і, несумненна, шэдэўрам сусветнага значэння. “Нам пашчасціла стаць першымі чытачамі поўнага рускамоўнага “Сымона-музыкі”, — казаў Сяргей Порахаў. — І мы яшчэ глыбей спазналі галоўную сутнасць выбітнага твора. У ім ёсць не толькі філасофскае асэнсаванне трагічнага лёсу закінутага ў гэты свет мастака, але ж адлюстраваны таксама нялёгкі лёс беларускага народа, які апынуўся на скрыжаванні розных культур, розных палітычных уплываў, вынес на сабе цяжар шматлікіх войнаў”.

Сяргей Порахаў.
Фота: Іван Ждановіч
Ідэя перакладу паэмы ўзнікла ў піцерскіх сяброў пасля паездкі расійскіх пісьменнікаў з пісьменнікам і публіцыстам Андрэем Антонавым, адным з кіраўнікоў пецярбургскай суполкі “Расійска-Беларускае братэства”, у мінскі Дом-музей Якуба Коласа. Тады, у дзень паэтавых народзінаў, адзначалася 90-годдзе з моманту апублікавання поўнага варыянта паэмы “Сымон-музыка”. Госці прывезлі дарункі ў фонды музея, каштоўныя экспанаты: копіі лістоў і тэлеграм Якуба Коласа, адрасаваных А. С. Новікаву-Прыбою, арыгіналы якіх зберагаюцца ў Пушкінскім доме ў Санкт-Пецярбурзе. Уражаныя беларускай гасціннасцю, расійскія літаратары яшчэ больш адчулі духоўную роднасць між народамі. “На беларускай зямлі да ленінградцаў асаблівае стаўленне, — казаў мне Сяргей Порахаў. — Нашы народы перанеслі найцяжэйшае выпрабаванне вайной. Мы даведаліся, што Якуб Колас быў ушанаваны медалём “Партызан Вялікай Айчыннай вайны”. А ў пасляваенны час ленінградскія архітэктары дапамагалі адраджаць Мінск. І цяпер мы адзіныя ў сваіх найлепшых памкненнях”.

Паэма “Сымон-музыка”, пра якую шмат гаварылася, узрушыла піцерцаў. І ў іх узнікла жаданне больш грунтоўнага прачытаць твор. А потым — і зрабіць поўны паэтычны пераклад яго на родную ім мову: як аказалася, цалкам  паэма на рускую раней не перакладалася. Сяргей Порахаў дадае: “Падштурхнулі нас да творчасці й падораная ўнучкай Якуба Коласа, Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч, кніга “Сымон-музыка”,  вобразы коласаўскіх герояў на плошчы ў Мінску”.

Спачатку за пераклад узяўся паэт і празаік Віктар Кудраўцаў. Да яго далучыліся Кацярына Кірылава, Наталля Ладзеева, Ігар Дзеардзіеў. А сябар Саюза мастакоў Расіі Аксана Хейлік пераўтварыла мастацкія вобразы Якуба Коласа ў творы выяўленчага мастацтва. Яны ж ілюструюць кнігу, якая пабачыла свет у Санкт-Пецярбурзе, цяпер ёсць і ў Мінску. На гэты конт першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах казала: “Ініцыятыва расійскіх калег у Саюзе пісьменнікаў Беларусі была ўспрынята з асаблівай радасцю. Бо гэта ж яшчэ адзін крок з боку Санкт-Пецярбургскага адзялення Саюза пісьменнікаў Расіі да збліжэння нашых літаратур”. Яна згадала, што ў 2016-м выйшаў сумесны паэтычны зборнік аўтараў Санкт-Пецярбурга й Беларусі “Неделимое русло”, а ў 2017-м — такі ж зборнік прозы.

І вось — новая сустрэча ў Коласавым доме, на пачатку вясны. Сёлета, нагадаю, адзначаецца 95-годдзе паэмы “Новая зямля”, 100-годдзе з часу выдання паэмы “Сымон-музыка”, якую Пясняр прысвяціў беларускай моладзі. Толькі ў 2017-м з’явіўся першы поўны пераклад “Сымона-музыкі” на рускую мову. Дзякуючы перакладчыкам, вобразна кажучы, скрыпка цяпер грае на ўвесь свет: гэты твор зможа чытаць кожны, хто валодае рускай мовай. У літаратурна-музычнай гасцёўні гаворка ішла пра ролю мастацтва, яго вытокі й месца ў духоўным жыцці чалавецтва: як і ў часы Якуба Коласа, пытанні гэтыя застаюцца вострымі, актуальнымі. У паэме “Сымон-музыка”, звяртаюць увагу даследчыкі, пераплятаюцца розныя сэнсы, падтэксты і алюзіі, праз якія раскрываецца беларускі культурны код. Змест і форма ў паэме зліліся ў гарманічным адзінстве, дзе лірычны пачатак непарыўна знітаваны з эпічным. Унутранае адзінства, цэласнасць і завершанасць паэмы дасягаецца за кошт высокага майстэрства Якуба Коласа — тое адзначалі госці з Піцера. І выказвалі захапленне: як творча выкарыстоўвае ён багатую палітру вобразна-выяўленчых сродкаў, невычэрпных магчымасцяў народнай мовы.

На прэзентацыі ў Доме Коласа “піцерскага”  перакладу паэмы “Сымон-музыка” чыталіся ўрыўкі з яе і на розных іншых мовах.

Марыя Ліпень

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter