Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Мінску на маршрут выйшлі першыя айчынныя электробусы

Скрозь прастору і час

На дыспетчарскую станцыю “Сярова” я адправілася, каб ацаніць усе перавагі новага транспарту, электробуса, які ўжо чакаў мяне ды іншых пасажыраў на прыпынку. Новенькі “гібрыд” і знешне вылучаўся між звыклых аўтобусаў і тралейбусаў, што стаялі побач. Бялюткі, абцякальнай формы кузаў, з нейкай складанай оптыкай наперадзе, ён больш нагадвае хуткасную электрычку. А ўнутры — звычайны тралейбус, з вельмі ўтульнымі крэсламі светла-зялёнага колеру. 

Беларускі электробус ёсць і на выставе ў Астане

Наяўнасць у салоне разетак і USB-раздымаў для зарадкі мабільных тэлефонаў — прыемная нечаканасць для моладзі, карыстальнікаў розных гаджэтаў. Некаторыя адразу скарысталіся магчымасцю зарадзіць свае мабільнікі. Праехаўшы некалькі прыпынкаў, адзначыла для сябе: едзе электробус хутка і вельмі плаўна — няма рыўкоў і вібрацыі ў салоне. Пра іншыя тэхнічныя навінкі, не бачныя воку, я распытала ў кіроўцы электробуса Аляксея Русакова, які, мне падалося, адчуваў сябе сапраўднай зоркай маршруту. “Гэтая машына — транспарт будучыні. Мы ведалі, што гарадскі транспарт — гэта трамвай, тралейбус, аўтобус. Але сёння ўсе краіны змагаюцца за чысціню паветра і эканамічнасць, — з веданнем справы казаў Аляксей. — Электробус адпавядае ўсім гэтым патрабаванням. Па-першае, для яго працы не трэба ставіць слупы і цягнуць правады. І ў тым ужо эканомія. Па-другое, электробус, значна больш манеўраны. Ён можа аб’язджаць усе перашкоды, напрыклад, ДТЗ. Вельмі зручны для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі: ёсць сістэма паніжэння ўзроўню падлогі з боку ўваходу, механічны пандус з ручным кіраваннем”. А дзе, пытаю я, схавана галоўная інавацыя? “У задняй частцы кузава, дзе размешчаны назапашвальнік, — не адводзячы вачэй ад дарогі, пальцам указвае кіроўца. — Працягласць маршруту ў адзін бок 12 км. Поўнай зарадкі хапае ў абодва канцы. Але мы ўсё ж падзараджаем яго перад зваротным рэйсам для падстрахоўкі. Гэта займае каля 5 мінут. Пакуль на маршруце “Сярова — Даўгабродская” чатыры электробусы. Але ўжо да канца года наш тралейбусны парк плануе закупіць яшчэ 16 інавацыйных машын”.

Распрацоўшчык і вытворца гэтага незвычайнага “гібрыда” аўтобуса і тралейбуса, названага электробусам, — беларускі холдынг “Белкамунмаш”, прызнаны вытворца наземнага гарадскога транспарту ў краінах СНД. А ідэя стварэння аўтамабіляў, якія могуць рухацца па бескантактавых сетках, у “Белкамунмашы” ўзнікла яшчэ ў 90-х. Была выпушчана і эксперыментальная партыя машын, але на той момант яны засталіся незапатрабаванымі з-за велізарнай вагі зараднай устаноўкі, бо значна зніжалася пасажыраўмяшчальнасць, і высокага кошту. 

Зноў вярнуліся беларусы да задумы, калі тэхналогіі вырабу назапашвальнікаў у свеце значна прасунуліся наперад. Сёння на беларускіх электробусах выкарыстоўваюцца суперкандэнсатары кітайскай фірмы “Чэнду Сіньджу. Шоўкавы шлях. Развіццё”. Выбар гэтага вытворцы быў не выпадковым. Кампанія з’яўляецца рэзідэнтам індустрыяльнага парку “Вялікі Камень” і будуе там свой завод. Так што ў будучыні ўвесь цыкл вытворчасці электробусаў будзе праходзіць у Беларусі. Ужо сёння ёсць пагадненні аб пастаўках беларускіх электробусаў у Маскву, Санкт-Пецярбург і нават Тэгеран.

Хутка ў Беларусі з’явіцца і канкурэнт электробуса. Да канца года “Белкамунмаш” распрацуе гібрыдны аўтобус, які без падзарадкі зможа праехаць не адну сотню кіламетраў.

ДАРЭЧЫ

У беларускім павільёне на Міжнароднай выставе “ЭКСПА 2017”, якая цяпер праходзіць у сталіцы Казахстана Астане, прадставілі мадэль транспарту будучыні — электробус вытворчасці “Белкамунмаш”. Распрацоўшчыкі ўпэўнены, што беларускае ноу-хау зацікавіць бізнес-колы Казахстана, іншых краін. “ЭКСПА 2017” будзе працаваць да 10 верасня. А 13 жніўня выставу наведае Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў: і там пройдзе Дзень Беларусі.

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter