Склад душы

Пры сустрэчы з Наталляй Цымбурскай я заўжды настройваюся на цiкавую гаворку. Канешне, галоўная тэма размовы – “бульбяная”. Справа ў тым, што ў многiм дзякуючы менавiта Наталлi Мiхайлаўне ў Бабруйску сталi праводзiцца бульбяныя фестывалi

Пры сустрэчы з Наталляй Цымбурскай я заўжды настройваюся на цiкавую гаворку. Канешне, галоўная тэма размовы – “бульбяная”. Справа ў тым, што ў многiм дзякуючы менавiта Наталлi Мiхайлаўне ў Бабруйску сталi праводзiцца бульбяныя фестывалi. Праўда, апошнiм часам крыху затармазiлася гэта справа. Але Цымбурская адступаць не збiраецца.

Ужо заручылася падтрымкай мэра Дзмiтрыя Бонахава. Маўляў, пачалi – давайце працягваць!

Уласны бульбяны фестываль правялi на швейнай фабрыцы “Славянка”. На наступны год, пераканана акты­вiстка, падобнае мерапрыемства атрымаецца куды больш прадстаўнiчым. Можа, нават набудзе статус мiжнарод­нага...

Выношвае Наталля Мiхай­лаў­на яшчэ адну задумку: правесцi ў Бабруйску свята бабра. Гэта ж у гонар яго названы горад! Помнiк шыракахвостаму ўжо адкрыты ў адным з людных месцаў. Так што самы раз брацца за яго ўшанаванне...

А возьмем развiццё турыстычнага бiзнесу. У Цымбурскай на гэты конт таксама ёсць планы. Усё па пунктах рас­пiсана. Бяры, як кажуць, ды ажыццяўляй.

Слухаю я i думаю: адкуль у Наталлi Мiхайлаўны, якая займае сцiплую пасаду сакратаркi старшынi мiжраённага камi­тэта дзяржкантролю, столькi энту­зiязму? За плячыма — дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Была i намеснiкам кiраўнiка па выхаваўчай рабоце ў адной з ар­ганiзацый, узначальвала аддзел на прамысловым прадпрыемстве. Адным словам, працягвае дабiраць сваё ў грамадскiх справах, знаходзiць паразуменне ў кабiнетах улады.

I яшчэ пра адну каларытную фiгуру хачу расказаць.

Уладзiмiр Смiрноў – пад­палкоўнiк запасу. Зараз ён на грамадскiх пачатках трэнiруе моладзь i школьнiкаў. Дзякуючы яго намаганням у горадзе штогод праводзяцца мiжна­род­ныя спабор­нiцтвы па пляжным валейболе ля санаторыя iмя Ленiна на ўзбярэжжы Бярэзiны. Смiрноў не толькi ар­ганiзатар, але i ўдзель­нiк спа­борнiцтваў, нягледзячы на свае амаль сем дзесяткаў гадоў...

Дык вось, выношвае Уладзiмiр Паўлавiч планы стварыць пра­фесiйную валейбольную каманду i заявiць яе на першынство рэс­публiкi ў першай групе. Не ведаю, цi знойдзе гэта iдэя падтрымку, бо ў горадзе ёсць праблема з футбольнай камандай, якая нiяк не затрымаецца ў вышэйшай лiзе, трэба ствараць хакейны клуб, падцягваць iншыя вiды спорту... Але Смiрноў не страчвае надзеi.

Што такое сёння грамадскi актывiст? Гэта склад душы, унутраная патрэба, няўтольнае жаданне дзейнiчаць. Прызнаюся, захапляюся такiмi людзьмi!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter