СхетыншЧына

Мы даўно звыкліся з эпатажнымі ўчынкамі разнастайных зорак шоу-бізнеса.
Мы даўно звыкліся з эпатажнымі ўчынкамі разнастайных зорак шоу-бізнеса. Аднак апошнім часам гэты, так бы мовіць, інфармацыйны трэнд бяруць на ўзбраенне палітыкі. І што яшчэ больш дзіўна, дыпламаты. 

Днямі кіраўнік МЗС Польшчы Гжэгаж Схетына публічна выказаў непаразуменне тым фактам, што Дзень Перамогі святкуюць у Расіі, а не ў іншай еўрапейскай краіне: “Чаму мы так лёгка звыкліся з тым, што Масква — гэта месца, дзе адзначаюць завяршэнне ваенных дзеянняў, а не Лондан альбо Берлін”... Так кіраўнік польскай дыпламатыі пракаментаваў ідэю лідара сваёй дзяржавы Браніслава Камароўскага з нагоды святкавання на паўвостраве Вестэрплатэ каля Гданьска 70-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Заява Гжэгажа Схетыны прагучала як гром сярод яснага неба, выклікаўшы дыпламатычную перапалку паміж Польшчай і Расіяй. Калі і далей так пойдзе, то нават у дыпламатычны слоўнік можна будзе ўносіць адмысловы тэрмін “схетыншчына”. 

Паводле меркавання кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Сяргея Іванова, гэта было зроблена, “каб пазбавіць любога жадання шэраг кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, вядома не ўсіх, прыехаць у Маскву 9 Мая”. Кіруючыся абвостранай логікай польскага чыноўніка, незразумела, чаму летась Боснія і Герцагавіна не выступіла з ініцыятывай да еўрапейскай супольнасці адзначыць 100-годдзе Першай сусветнай вайны менавіта ў Сараева, дзе тэрарыст Гаўрыла Прынцып застрэліў аўстра-венгерскага эрцгерцага Франца Фердынанда. Менавіта гэта стала падставай для пачатку Вялікай вайны. 

Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Браніслаў Камароўскі наўздагон вымушаны быў “выпраўляць імідж” свайго міністра: “Польшча як краіна-арганізатар канферэнцыі аб сітуацыі ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, якая плануецца 8 мая на мысе Вестэрплатэ пад Гданьскам, не пераследуе мэты сапсаваць святкаванне Дня Перамогі ў Маскве 9 мая”. Аднак і пасля сказанага, як кажуць, асадак застаўся. Тым больш што гэта не першы “пракол” польскага міністра на тэму Другой сусветнай. Сапраўдны скандал выклікала яго іншае выказванне: нібыта канцлагер Асвенцым (Аўшвіц-Біркенау) быў вызвалены ўкраінскімі салдатамі, а не воінамі Чырвонай Арміі, ў складзе якой ваявалі людзі многіх нацыянальнасцей. 

Тады Схетыну настойліва “паправілі” кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў і канцлер Германіі Ангела Меркель, палічыўшы падобную заяву блюзнерствам. 9 мая ў краінах-удзельніцах Садружнасці ўрачыста адзначаць 70-годдзе Вялікай Перамогі. У Маскву запросяць не толькі кіраўнікоў дзяржаў былога СССР, антыгітлераўскай кааліцыі. Перамога над фашысцкай Германіяй — адна на ўсіх, і народам свету, я ўпэўнены, не давядзецца яе дзяліць з-за асобных палітыкаў. Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter