Пасля перамогі ў Венецыі адрэстаўраваны фільм Элема КЛIМАВА пакажуць у Мінску

Схадзі — паглядзі

19 сакавіка ў Мінску адбудзецца прэм’ера адрэстаўраванай версіі ваеннай драмы рэжысёра Элема Клімава «Ідзі і глядзі». У свой час гэты фільм станавіўся лаўрэатам шматлікіх прэстыжных кінафэстаў, а ў 1985-м быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове».

Элем Клімаў, дзіця вайны, шмат гадоў марыў зняць фільм пра тое, што ён бачыў сваімі вачыма, пра тое, ад чаго балела яго сэрца. Выпадкова наткнуўся на «Хатынскую аповесць» Алеся Адамовіча, зразумеў, што менавіта гэты твор і можа стаць пачаткам гісторыі, якую ён даўно ўжо складаў у сваёй галаве. У сцэнарый таксама ўвайшлі асобныя матывы з рамана Адамовіча «Партызаны» і яго дакументальна-філасофскай прыпавесці «Карнікі».

Прэм’ера «Ідзі і глядзі» адбылася летам 1985 года на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён атрымаў «Залаты прыз» і быў адзначаны прэміяй ФІПРЭСІ. Пазней фільм зацвердзіўся ў многіх кінарэйтынгах, у тым ліку і замежных. Па версіі часопіса Time Out карціна займае шосты радок у спісе «50 лепшых ваенных фільмаў усіх часоў», адначасова з’яўляючыся лепшым фільмам пра Другую сусветную вайну. У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire уключыў стужку ў спіс «500 найвялікшых фільмаў усіх часоў». Па выніках апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам Sight & Sound сярод рэжысёраў, карціна заняла 30-е месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў. Менавіта таму праз трыццаць гадоў пасля з’яўлення і было вырашана рэстаўраваць яе. Тады і пачалося новае жыццё «Ідзі і глядзі». У 2017 годзе фільм атрымаў галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі «Венецыянская класіка» за лепшы адрэстаўраваны фільм.

Напярэдадні 75-годдзя хатынскай трагедыі фільм пакажуць у Доме кіно.

Наталля ІВАНОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter