Скажыце, як прайсці ў музей?

Уладзімір Пракапцоў: Няма культурнай рэкламы. Гэта наша бяда

Нацыянальны мастацкі музей умее прыцягнуць да сябе ўвагу. Час ад часу здараюцца выстаўкі, якія становяцца магічнымі нават для тых, хто мала цікавіцца жывапісам, графікай і г.д. Мастакі Парыжскай школы з Беларусі, старажытны рускі фарфор і тканіны, слуцкія паясы — гэта толькі з апошняга. А за 75 гадоў існавання музея якіх шэдэўраў там толькі не было! Менавіта сёлетні юбілей стаў нагодай для нашага візіту да дырэктара Уладзіміра ПРАКАПЦОВА (на здымку).

— Уладзімір Іванавіч, сёння музей працуе ў звычайным рэжыме, мала што нагадвае пра юбілей. Чаму так?

— Святкаванне адбудзецца ў лістападзе. Так склалася традыцыя, якой ёсць тлумачэнне. 24 студзеня 1939 года Саўнаркам прыняў пастанову «Аб стварэнні Дзяржаўнай карціннай галерэі», а 5 лістапада 1957 года выйшла пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб стварэнні Дзяржаўнага мастацкага музея БССР». Тады ж музей атрымаў новы будынак на Леніна, 20, дзе зараз і знаходзіцца наш галоўны корпус. Таму мы гэтую традыцыю не ламаем. Сямідзесяціпяцігоддзе будзем святкаваць на працягу ўсяго года — ён увесь юбілейны. Да таго ж канец года — добрая пара, каб падводзіць вынікі.

— І якія планы на гэты год?

— Вялікія. Выставак вельмі шмат. Нават не хапае плошчаў. Будзем вымушаны здымаць пастаянныя экспазіцыі, што не вельмі добра. Але, з другога боку, можам абнавіць іх іншымі работамі. Будуць прадстаўлены творы не толькі з калекцыі нашага музея, але і іншых. У тым ліку з Эрмітажа, Траццякоўкі, Літоўскага мастацкага музея і г.д. Запланаваны навуковая канферэнцыя, чытанні, выданне друкаванай прадукцыi. Вядома ж, праблемы ёсць. Галоўная — збор фінансаў, бо бюджэтных сродкаў не хапае.

— Падарункі звычайна павінны быць сюрпрызам. Але ў вашым выпадку лепш самому замовіць аб іх. Што чакаеце ад сяброў і спонсараў?

— Зараз якраз над гэтым працуем. Хацелі б, каб адгукнуліся некаторыя прадпрыемствы. Напрыклад, на Добрушскім фарфоравым заводзе заказалі спецыяльную вазу. Хутка будзе сустрэча з кіраўніцтвам прадпрыемства «Слуцкія паясы», якое ўжо выткала некалькі вырабаў. Дарэчы, мастак Уладзімір Васюк зрабіў сцяг музея на аснове слуцкага пояса — гэта твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які павінен стаць сімвалам нашай установы. Запланавана выстаўка беларускіх мастакоў, якія, спадзяюся, падораць музею свае работы, ва ўсякім разе, збіраюся натхніць на гэта асабістым прыкладам. Мяркую, цікавай будзе выстаўка Марыі і Міколы Ісаёнкаў, асноўную частку твораў якой яны абяцалі нам.

Што датычыць спонсараў, то яны трымаюць інтрыгу. Нагадаю, Белгазпрамбанк у свой час падарыў нам дзве графічныя работы Марка Шагала. Мы будзем удзячны за любыя падарункі. Але галоўнае для нас зараз, каб гэты год быў насычаны і цікавы для нашых наведвальнікаў, гасцей краіны. Для нас гэта не толькі свята, але і экзамен. Вынікі, думаю, падвядзём якраз у лістападзе.

— Адзін падарунак — ад кіраўніка дзяржавы — вы ўжо атрымалі. Новы будынак на вуліцы Карла Маркса ўжо сёння прыцягвае ўвагу карцінамі, размешчанымі ў яго вокнах. Гэта будзе пастаянная экспазіцыя ці плануеце мяняць творы? Што наогул будзе ў новым корпусе?

— Там размесціцца калекцыя беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па прычыне таго, што ў музеі не хапала месца, гэты накірунак быў прадстаўлены толькі некалькімі творамі класічнага варыянта. Але ў філіяле ў Раўбічах іх шмат. Ёсць што паказаць. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва краіны сёння музей мае выдатныя калекцыі і месцы для іх экспанавання. Пятнаццаць гадоў таму, калі я сюды прыйшоў, экспазіцыя не адпавядала шыльдзе «Нацыянальны мастацкі музей». Чаму? На першым паверсе было сховішча, вышэй — творы рускага мастацтва, крыху ікон і ўсё. Было пяць зал, сёння іх васямнаццаць і плошчаў не хапае: не можам размясціць унікальныя творы нацыянальнага мастацтва. Той будынак і возьме на сябе такую функцыю. Прычым будзе два ўваходы: з вуліцы Карла Маркса і па галерэі з новай прыбудовы. У падвальным памяшканні плануецца стацыянарнае арт-кафэ. Тое, што ёсць у нас сёння, зроблена на скорую руку: прыстасавалі для гэтага выставачную залу, каб наведвальнікі маглі выпіць кубачак кавы або гарбаты. Вырашылі зрабіць гэта месца пунктам экспанавання работ маладых, невядомых мастакоў, паказу кінафільмаў, адукацыйных праектаў. У будынку на Карла Маркса ўсё будзе на вышэйшым узроўні, плануем, што арт-кафэ будзе працаваць з раніцы да раніцы — круглыя суткі. Назву яшчэ не прыдумалі, магчыма, трэба аб’явіць конкурс.

Першым чынам мы вырашылі ўпрыгожыць вокны — уставілі туды фотарэпрадукцыі на пластыку самых вядомых нашых мастакоў: Бялыніцкага-Бірулі, Жукоўскага, Хруцкага, Рушчыца і іншых. Вырашылі, што дзве нішы будзем мяняць праз некаторы час, магчыма, да юбілею таго ці іншага мастака. Спадзяёмся, што гэта таксама прыцягне мінчан і гасцей горада ў музей. У тым ліку гэта зроблена для надання эстэтыкі нашаму Мінску. На жаль, у горадзе не хапае прыстойнай рэкламы музеяў і іншых устаноў культуры.

— Чаму ж? Нацыянальны мастацкі музей можна пахваліць за ўпрыгажэнне перахода каля Нацбанка, які вядзе якраз да вашай установы.

— Дзякуючы маім дэпутацкім намаганням змог «адхапіць» кавалачак, дзе мы размясцілі рэкламу нашых калекцый, за што, дарэчы, плацім «Мінскаўтадору» грошы, і немалыя. Нядаўна на прыступках зрабілі наклейкі «Я іду ў музей» на трох мовах. Але хутка гэтыя плёнкі сарвалі і абвінавацілі нас у несанкцыянаванай рэкламе. Цікава, што там няма рэкламы менавіта нашай установы. У гэтым квартале знаходзіцца адразу тры музеі. Акрамя таго, тымі рэпрадукцыямі мы аздобілі шэрыя сцены перахода. Бачыў, як людзі там фатаграфуюцца, а летам нават робяць імправізаваныя канцэрты. Па вялікім рахунку, у час нашага юбілею і чэмпіянату свету па хакеі трэба было б зрабіць такое ўсюды. Гэта эстэтыка сталіцы. Не маю нічога супраць беларускіх вытворцаў бялізны, але што мы бачым? Куды ні кінь — дзяўчаты ў купальніках. Сёння нідзе, акрамя метро, вы не знойдзеце паказальніка, як прайсці ў музей. А на добры розум, у тым самым пераходзе, толькі на выхадзе з другога боку, трэба напісаць, што прыступкі вядуць адразу ў некалькі музеяў. Чалавек, замежны госць, выходзіць з ГУМа, спускаецца і сам выбірае, куды яму ісці: да нас або ў адваротным напрамку? Магчыма, у Купалаўскі тэатр. Няма культурнай рэкламы. Гэта наша бяда.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter