Скажыце «чыз»

У Строчыцах пройдзе «Першы сырны фестываль пад Мiнскам»

Прадэгуставаць сыры з усіх абласцей Беларусі змогуць сталічныя аматары малочнай прадукцыі 15 чэрвеня.

У гэты дзень на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пройдзе «Першы сырны фестываль пад Мiнскам». У акцыі прымуць удзел вядучыя вытворцы сырнай прадукцыі з розных рэгіёнаў краіны, а таксама вырабляльнікі кандытарскіх, мясных, безалкагольных і іншых тавараў.

Для наведвальнікаў падрыхтавана незвычайная праграма, у якой прадугледжана дзіцячая анімацыя, міні-заапарк, гульні і конкурсы для дзяцей і дарослых, магічнае чараўніцтва стварэння страў з сыру. Госці, якія прыйдуць на фестываль у жоўтым, змогуць прыняць удзел у здымках танцавальнага роліка «Жывы сыр», а таксама паспрабаваць свае сілы ў заваёве Сырнага алімпійскага медаля. У канцы праграмы адбудзецца «Сырны пікнік», на якім удзельнікі фестывалю змогуць адпачыць на зялёнай палянцы пад гукі прыемнай музыкі.

Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце. У краіне вырабляецца больш за 160 найменняў сыру. Праўда, спажыванне гэтага прадукту знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні — 2 кг у год на душу насельніцтва. Для параўнання: у цэлым па Еўрасаюзе — 19 кг, у суседніх Польшчы і Літве — адпаведна па 12,5 кг і 12 кг на чалавека. А лідарам з’яўляецца Грэцыя, дзе гэты паказчык роўны 29 кг.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter