Новае дакументальнае кіно пра беларускага першадрукара пакажуць у кінатэатрах краіны

Скарына выходзіць на экраны

Не сухая біяграфія з падручнікаў гісторыі, але рухомыя кадры, якія паказваюць жыццёвы шлях беларускага першадрукара. Мы не проста глядзім на ўсім вядомую гравюру-аўтапартрэт Скарыны, але крочым разам з ім яго сцежкамі. Нестандартным спосабам пазнаёміцца з лёсам і творчасцю Францыска Скарыны прапануе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Аўтар сцэнарыя новай стужкі “Першадрукар” Уладзімір Мароз і яе рэжысёр Ігар Чышчэня раскрываюць асобу вялікага першадрукара ў кантэксце сучаснасці, паказваюць, што яго ідэі і прынцыпы жывуць і сёння.

Здымачны працэс заняў амаль 3 месяцы. За гэты час кіношнікі аб’ехалі гарады і краіны, дзе ў свой час ступала нага Скарыны. Пабывалі ў Вільні, Празе, Кракаве, затым зазірнулі ў Полацк — родны горад першадрукара — і Мінск, дзе ў Нацыянальнай бібліятэцы адздымалі кадры, якія адсутнічаюць. Пастановачныя здымкі прайшлі ў Вілейцы, у памяшканні, дзе зусім хутка (зноў-такі да 500-годдзя) адкрыецца музей “У пошуках страчанага”. Яго стваральнік і ідэйны натхняльнік — гісторык, калекцыянер, аўтар некалькіх праектаў у “СБ”, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ліхадзедаў. Для здымак ён ласкава прадаставіў кіношнікам не толькі памяшканне, але і сына — Дзмітрый дэбютаваў у ролі самога першадрукара.

У карціне гледачы ўбачаць і знакаміты станок — той самы, на якім Скарына калісьці друкаваў свае кнігі.

— Станок узноўлены па старадаўніх чарцяжах і гравюрах, — Уладзімір Ліхадзедаў вельмі ганарыцца гэтым драўляным, зробленым без адзінага цвіка, тварэннем. — Я нават сам прайшоў шляхам Скарыны, ездзіў вучыцца старадрукарскай справе ў Нямеччыну, Швейцарыю, Польшчу. Дзесьці пераймаў, дзесьці сваё вынаходзіў. Для здымак карціны прадаставіў станок у бязвыплатнае карыстанне. Як, уласна, і ўсё, што зараз ёсць у маім музеі друкарскай справы.

Фільм збіраюцца паказаць у кінатэатрах краіны ўжо ў гэтым месяцы. Далей “Першадрукар” будзе прапанаваны да паказу на тэлеканалах Беларусі і за яе межамі і стане ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны, у тым ліку да Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter