Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прымеркавана шмат яркіх і цікавых падзей

Скарына пакуе чамаданы

У тым ліку за межамі нашай краіны
Калі пачаць пералічваць усе мерапрыемствы, відаць, спатрэбіцца выдаваць асобную кнігу. Іх вельмі многа. Некаторыя ўжо адбыліся, але ж наперадзе яшчэ шмат падзей, якія заслугоўваюць шырокай увагі.

Міжнародны выставачны праект “Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам” мае на мэце пазнаёміць са спадчынай першадрукара жыхароў краін, з якімі было звязана яго жыццё. Скарынаўскі “тур па Еўропе” распачнецца ў маі ў Літве, працягнецца ў Польшчы, Чэхіі, Італіі і завершыцца ў Полацку падчас Дня беларускага пісьменства. Цэнтральным экспанатам выставачнага праекта стане “Малая падарожная кніжыца” — зборнік царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў: “Псалтыр”, “Часасловец”, “Шасцідневец”, “Саборнік”, акафісты, каноны.

Камусьці гэты зборнік пяцісотгадовай даўніны можа нагадаць сучасную электронную кніжку. Як навамодны e-book здольны змясціць пад адной вокладкай некалькі дзясяткаў кніг, так і “кніжыца” Скарыны аб’ядноўвае ў адным пераплёце аж 18 кніг! Толькі каштоўнасць гэтага выдання не ацаніць. Упрыгожанае ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, яно да таго ж лічыцца першай кнігай, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім. Сёння ў Беларусі ўсяго адзін яе асобнік. Праект не абмяжуецца толькі экспазіцыйнай часткай. Замежных наведвальнікаў выставы абяцаюць парадаваць візітам у віртуальную майстэрню першадрукара, дакументальным фільмам “Дарогамі Скарыны”, канферэнцыямі, лекцыямі, цікавымі і карыснымі сустрэчамі.

Дарэчы, гэта далёка не адзінае мерапрыемства за межамі краіны сярод прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч: “Скарына — знакавае імя, якое дапамагае кантактаваць з усім светам”. Беларуская кніга ўжо была прадстаўлена на 18-й Міжнароднай Вільнюскай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Наша дэлегацыя наведала Вільнюскую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, дзе адбыўся круглы стол “Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання”.

Такія мерапрыемствы пройдуць у розных краінах. У прыватнасці, у Бялградзе запланавана навукова-практычная канферэнцыя, у Маскве — прадстаўленне друкарскага станка і шмат чаго іншага. Эстафету пяроймуць краіны Цэнтральнай Азіі, Кітай. Ідуць перагаворы аб фармаце скарынаўскіх мерапрыемстваў у Польшчы.

А сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы — Дзень праваслаўнай кнігі.

У яго праграме — адкрыццё экспазіцыі рэдкіх выданняў Бібліі ў Музеі кнігі, урачыстая цырымонія перадачы дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” ў дар бібліятэцы Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў, прымеркаваных да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам, якія праводзіў гэты інстытут.

Прадугледжаны тэматычныя пляцоўкі. Так, у майстэрні па перапісванні кніг часоў Еўфрасінні Полацкай — скрыпторыі — можна не толькі пазнаёміцца з гісторыяй кнігапісання, але і самому навучыцца славянскаму пісьму, а таксама паспрабаваць сябе ў каліграфіі. На выставе кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў прадстаўлены навінкі дзіцячай літаратуры, праваслаўныя мастацкія выданні, духоўна-асветніцкія кнігі.

Арганізатары Дня праваслаўнай кнігі, які праводзіцца па блаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, мяркуюць, што свята дапаможа прывіць любоў да чытання ў падрастаючага пакалення, развіць цікавасць да рэлігійнай літаратуры і абазначыць яе асаблівую ролю ў жыцці кожнага чалавека.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter