Мастацка-асветніцкі фільм “Скарына. Дзеля Бога і людзей” раскажа, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны і чаму з’яўляўся нязручным для грамадства

Скарына ў люстэрку магчымасцей

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала гледачам падарунак — новы мастацка-публіцыстычны фільм «Скарына. Дзеля Бога і людзей». Яго аўтары пакажуць, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны і чаму з’яўляўся нязручыным для грамадства.

Вядучы праекта Генадзь ДАВЫДЗЬКА не толькі агучваў фільм, але і ўступаў у дыялогі з персанажамі.

Дакументальнае кіно ўвабрала ў сябе архіўныя звесткі, пастановачныя кадры з адлюстраваннем падзей XVI стагоддзя, развагі гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. У чатырох серыях па 26 хвілін не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плямаў, а паказваюцца розныя варыяцыі падзей таго часу.

Фільм зняты ў самай вялікай студыі медыяхолдынга «600 метраў». Сучасны святлодыёдны экран плошчай у 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне дазваляюць трапіць то ў Пражскую бібліятэку, то ў Вільню або ў Маскву ў полымі... Для стварэння атмасферы Рэнесансу мастакі перагледзелі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. На здымачнай пляцоўцы былі ўзноўлены адпаведныя часу касцюмы, бутафорскія друкарскі станок і фаліянты скарынаўскіх выданняў. Спецыяльна для дакументальнага кіно быў запісаны саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.

Вядучы праекта — заслужаны артыст Беларусі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Ён не толькі агучвае з уласцівай яму акцёрскай харызмай архіўныя звесткі і малавядомыя факты, але і служыць правадніком паміж эпохамі ў пастановачных сцэнах, часам уступае ў дыялог з персанажамі.

У фільме «Скарына. Дзеля Бога і людзей» ролі выконвалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладыя акцёры мінскіх тэатраў, заслужаныя і народныя артысты.

Рэжысёр Андрэй Леўчык паставіў задачу паказаць першадрукара маладым і адукаваным, сучасным і цікавым гледачу. У пастановачных кадрах выкарыстаны тэатральныя прыёмы, калі маладыя людзі ў джынсах і майках апранаюць дэталі касцюмаў рэнесанснай эпохі, каб стварыць імпрэзу.

Фільм «Скарына. Дзеля Бога і людзей» — не гістарычная інсталяцыя, а тэатральнае ўзнаўленне падзей. У гледача з’явіцца магчымасць не толькі болей даведацца пра першадрукара, але і пафантазіраваць, як ён мог выглядаць сёння, ці магла адбыцца сустрэча полацкага генія з бацькам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам, кім Скарына мог стаць у ХХІ стагоддзі — айцішнікам ці прадпрымальнікам.

Першая серыя фільма пра першага на ўсходнеславянскіх землях перакладчыка Бібліі, доктара медыцыны, гуманіста і асветніка Францыска Скарыну выйдзе ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» 28 верасня ў 19.30.

Ірына ЮР’ЕВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter