Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мінскі фолк-гурт Vuraj запісвае новы альбом “Lito”

Скарбы з Палесся

Чытачы газеты ведаюць пра гэты адметны гурт, ягонага таленавітага кіраўніка-спевака Сяргея Доўгушава: ён, у прыватнасці, даваў летась мастар-клас у Новасібірскім цэнтры беларускай культуры. У сацыяльных сетках з’явілася абвестка, што фолк-група Vuraj працуе над запісам свайго чацвёртага ўжо альбома. Ён мае назву “Lito”, і ў аснову творчага праекта пакладзены народныя песні беларускага Палесся. Цяпер на адной з краудфандынгавых платформ ідзе збор сродкаў “пад альбом”, а тых, хто асабліва паспрыяе запісу й выпуску кампакт-дыска, музыкі гатовы нават запрасіць з сабой у этнаграфічную экспедыцыю.

Але што такое літо? Вось так, адным словам на Палессі, аказваецца, называюць цыкл абрадавых песень, у якіх знайшлі адлюстраванне звычаі ды павер’і палешукоў. А праект “Lito” — гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя ды пераствораныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся. Да якіх даўно праяўляюць вялікую цікавасць даследчыкі фальклору з розных краін. І Сяргей Доўгушаў ды Vuraj на працягу чатырох гадоў шукалі-выслухвалі песні пад час сваіх этнаэкспедыцый, знаходзілі — а потым надавалі кожнай з іх адметнае “вурайскае” гучанне.

Як кажуць музыкі, запрашаючы ахвочых далучыцца да праекта, у новым альбоме будзе падкрэслена ўнікальнасць рэгіёнаў Палесся. Аўтэнтычныя мелодыі ды музычны строй, асаблівасці мікрамоваў і дыялектаў — усё гэта яны мяркуюць ашчадна захаваць, каб перадаць магію абрадавых песень, таямніцу старажытных рытуалаў ды сілу повязі з продкамі. Дарэчы, пад час запісу будуць гучаць колавая ліра ды народныя духавыя інструменты.

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter