Сівыя ад часу курганы, стагадовыя дрэвы, грунт — хоць кіркай крышы. І раптам — тут некалі плёскалася Палескае мора ды яшчэ глыбінёй з кіламетр. Фантазіі, прыгожая казка?

Скарбы Палескага мора

У гэта верыцца з вялікай цяжкасцю. Сівыя ад часу курганы, стагадовыя дрэвы, грунт — хоць кіркай крышы. І раптам — тут некалі плёскалася Палескае мора ды яшчэ глыбінёй з кіламетр. Фантазіі, прыгожая казка? Не трэба так спрошчана глядзець на нашу планету, перасцерагаюць геолагі “Беларуськалія”. Аблічча цяперашняй Зямлі нічога агульнага не мае з тым, якім яно было мільёны гадоў назад.

Красавіцкая раніца на беларускім Палессі

Аб тым, што на тэрыторыі цяперашняга Палесся калісьці было мора, сведчаць значныя залежы калійнай, паваранай солі, якія цягнуцца аж да Украіны. Салёная вада мора выпаралася, солі асядалі. Як доўга цягнуўся гэты працэс? Лічыце самі: пры самых спрыяльных умовах за год можа адкласціся пласт солі да 5 сантыметраў. А ў некаторых месцах таўшчыня саляных пластоў перавышае сотню метраў. І залягаюць яны на кіламетровай і яшчэ большай глыбіні.

Merostomes conserved by human hands
Ракаскарпіён зноў закансерваваны, але ўжо рукамі чалавека

Вось як апісаў гэтыя месцы Герадот у сваёй знакамітай кнізе “Гісторыя” дзве з паловай тысячы гадоў назад: “Па выхадзе з гэтага возера рака Гіпаніс (так старажытныя грэкі называлі Дняпро) на працягу пяці дзён плавання плыткая і мае салодкую ваду. Пачынаючы ад гэтага пункта да мора на працягу чатырох дзён плавання вада ў Гіпанісе надзвычай горкая ад горкага ручая, які ўліваецца ў яго. Крыніца гэта такая горкая, што пры ўсёй сваёй нязначнасці яна робіць горкім Гіпаніс, раку, з якой толькі нямногія могуць параўнацца па працягласці...”

У пачатку XIX стагоддзя вядомы даследчык І. Эрэміч канстатаваў: “Палессе беларускае — ледзь не самая нізінная частка еўрапейскага мацерыка. Быўшы некалькі тысячагоддзяў назад найглыбейшым месцам зніклага з твару зямлі акіяна, яно і дагэтуль такое жыццёвае, што ўвесну ледзь не трэцяя частка яго пакрыта вадой”. Ды і на Палессі можна пачуць вусныя паданні аб тым, што некалі на балотах знаходзілі якары, карабельныя снасці, і нават тое, што ў некаторых калодзежах праступала салёная вада.

Yelena Isaeva: ‘This fern leaf sees sun again, millions of years later’
Алена Ісаева: “Гэтая галінка папараці праз мільёны гадоў зноў убачыла сонца”

Пласты, рознакаляровыя про­жылкі на шахтным ствале — гэта шчыльна “спрасаваныя” тысячагоддзі. А здабываюць салігорскія шахцёры калійную соль на паўкіламетровай і большай глыбіні са дна мора, якое плёскалася там 350-400 мільёнаў гадоў назад. Тады толькі ўтвараліся горныя пароды, у морах панавалі рыбы, малюскі, ні адно пазваночнае стварэнне не наву­чылася хадзіць па зямлі. Менавіта ў тыя “дзіцячыя” для нашай планеты часы жылі і ракаскарпіёны — нешта сярэдняе паміж ракам і скарпіёнам. Добра захаваныя рэшткі прадстаўніка гэтага даўно вымерлага віду знайшлі на глыбіні 640 метраў гарнякі Другога рудніка. Даў­жыня ўнікальнай знаходкі — 25 сантыметраў.
— На абагачальных фабрыках “Беларуськалія” разам з рудой перамолваюцца тысячы рэшткаў разнастайных арганізмаў, якія захаваліся ў закамянелым выглядзе, — расказвае спецыяліст “Беларуськалія” па музейных фондах Алена Ісаева. — Але шанц убачыць нейкі з іх — нікчэмны. Гэта здарыцца, калі разцы здабыўнога камбайна пройдуць упрытык з акамянелым целам, злёгку агаліўшы яго. Міліметры ў адзін бок — выкапень застанецца ў маналіце незаўважаным, у іншы —  ён ператворыцца ў муку, каб стаць для палёў эліксірам урадлівасці. Важна, каб незвычайны малюнак угледзеў дапытлівы гарняк і паведаміў аб ім спецыялістам.

Тыя ж ракаскарпіёны трапляліся на вочы гарнякам мінімум чатыры разы. Рэшткі трох папярэдніх пад уздзеяннем святла і паветра проста рассыпаліся. Апошняму “пашанцавала”: яго акуратна высвідравалі з маналіту, пакрылі засцерагальнай плёнкай з клею і спірту. І змясцілі ў музей Працоўнай славы “Беларуськалія” побач з клюшняй яшчэ аднаго ракаскарпіёна, галінкай старажытнай папараці, іншымі выкапнямі, якія пацвярджаюць: некалі тут сапраўды плёскаліся воды вялікага і глыбокага Палескага мора.

Уладзімір Бычэня 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter