Прэм’еры на «Беларусь 3»: эфір да дня нараджэння драматурга Андрэя МАКАЁНКА і радыёмарафон да 95-годдзя Беларускага радыё

Скарбы пакаленняў

На наступным тыдні самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы плануе адзначыць адразу дзве юбілейныя даты. У чацвер, 12 лістапада, на працягу дня на «Беларусь 3» будуць успамінаць Андрэя Макаёнка: споўніцца 100 год з дня нараджэнння славутага літаратара. Яшчэ адзін імяніннік тыдня — Беларускае радыё. У нядзелю, 15 лістапада, яму 95 гадоў. З гэтай нагоды ў тэлеэфіры прагучаць віншаванні радыйшчыкам ад калег па цэху і пройдзе святочны радыёмарафон. 

Літаратурны дзённік 

Спецыяльна да юбілею Андрэя МАКАЁНКА на кінастудыі «Беларусьфільм» аднавілі стужку «Рагаты бастыён» для паказу ў фармаце HD.
12 кастрычніка 1920 года нарадзіўся драматург, сцэнарыст, народны пісьменнік БССР Андрэй Макаёнак. Ушанаваннем памяці майстра стануць дэманстрацыя на тэлеканале «Беларусь 3» адноўленага ігравога кіно «Рагаты бастыён», пастаўленага па яго п’есе, запіс творчага вечара Андрэя Ягоравіча, а таксама паказ некалькіх серый дакументальнага праекта вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі.

Дарэчы, ужо зараз у міжпраграмных перапынках гледачоў «Беларусь 3» вітаюць вядомыя дзеячы беларускай культуры: дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, вядомы графік Рыгор Сітніца, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кнігазнаўца Алесь Суша і іншыя. У серыі відэазамалёвак «Андрэй Макаёнак. Думкі» яны зачытваюць урыўкі з асабістых успамінаў, дзённікаў і нататак Андрэя Ягоравіча. 

А непасрэдна ў дзень юбілею, 12 лістапада, у 10:10 і 21:05 праграма «Запіскі на палях» распавядзе пра самыя цікавыя і невядомыя факты з творчай біяграфіі пісьменніка. Пасля (у 10:35 і 21:30) будзе паказана адна з работ Андрэя Макаёнка як кінасцэнарыста — экранізацыя п’есы «Лявоніха на арбіце». У кіно між тым народная камедыя Пятра Васілеўскага чамусьці атрымала назву «Рагаты быстыён». Нядаўна яна была адноўлена на кінастудыі «Беларусьфільм» для паказу ў фармаце HD.

Сюжэт вядомы: калгаснік Лявон Чмых (цудоўная роля Паўла Кармуніна) аддае перавагу асабістай гаспадарцы, а не грамадскай. Для любімай каровы Красулі ён нават спрабуе ўкрасці сена з калгаснага стога. А дачцэ (яе сыграла Ганна Обручава) адмаўляецца даць згоду на вяселле з заатэхнікам Мішам (Уладзімір Ферапонтаў) толькі таму, што маладыя збіраюцца жыць у новым добраўпарадкаваным доме без сядзібы. Ён жа спадзяваўся, што ў асобе зяця набудзе работніка ў сваю вялікую гаспадарку. Занепакоены чуткамі пра тое, што прысядзібныя ўчасткі будуць абразаць, Лявон скардзіцца на «перагібшчыкаў» у абкам. Але сакратар абкама (вядомы савецкі акцёр Аляксей Грыбаў), які прыехаў да яго па «сігнале», прыходзіць да зусім непрадбачаных для Лявона вынікаў…

У канцы дня, у 22:55, «Беларусь 3» прапануе гледачам паглядзець цікавы запіс, што захаваўся ў фондах Белтэлерадыёкампаніі, — творчы вечар Андрэя Макаёнка «Ліра», запісаны ў студыі медыяхолдынга амаль 40 гадоў таму. Гледачы з першых вуснаў даведаюцца, як, напрыклад, Андрэй Ягоравіч хадзіў у дзяцінстве пастухом і як знакамітая актрыса Галіна Макарава дзякуючы драматургу атрымала сваю першую галоўную ролю ў спектаклі.

Дзень радыё

95 гадоў таму, у 1925 годзе, радыё загаварыла па-беларуску. Сёння Беларускае радыё — найбуйнейшы радыёрэсурс краіны. Пяць станцый (Першы нацыянальны, каналы «Культура», «Беларусь», «Сталіца» і «Радыус FM»), 24 гадзіны вяшчання за суткі, дзясятак замежных моў і, галоўнае, безумоўная любоў слухачоў усіх узростаў і з усіх кантынентаў. 

З нагоды юбілейнай даты тэлеканал «Беларусь 3» запрашае аматараў праграм Беларускага радыё не толькі паслухаць іх, але і… паглядзець. У нядзелю спецыяльныя выпускі «Навін культуры» распачнуць шэраг юбілейных віншаванняў, а ў 12:15 пачнецца святочны радыёмарафон з назвай «Дзень радыё». Таксама для радыйшчыкаў і ўсіх гледачоў сыграюць і праспяваюць выбітныя калектывы, якія ўжо шмат гадоў з’яўляюцца часткай творчай сям’і Дома радыё. У 12:30 на «Беларусь 3» можна будзе пачуць Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі. Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» запрашае да экранаў у 15:35, а сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі парадуе якаснай музыкай у 18:50. 

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter