Скарбы кніжнага куфра

Сярод экспанатаў ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу – фаліянты вагой пяць кілаграмаў і кнігі з далонь дзіцяці

Сярод экспанатаў ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу – фаліянты вагой пяць кілаграмаў і кнігі з далонь дзіцяці

З даўніх часоў кніга лічылася адным з лепшых і даражэйшых падарункаў, а ўладальнікаў вялікіх бібліятэк інакш як багацеямі і не называлі. Ва ўсе часы кніга была для людзей сапраўдным скарбам. Скарбам працягвае быць яна і сёння, у камп`ютаразаваным ХХІ стагоддзі. Як апантаныя шукальнікі скарбаў, “штурмуюць” у гэтыя дні мінчане і госці сталіцы Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”, дзе праходзіць юбілейная кніжная выстава, каб пазнаёміцца з лепшымі кніжнымі набыткамі свету і знайсці ўнікальнейшы скарб на ўласную паліцу.

Кніжныя адкрыцці

Выстава-кірмаш і сапраўды чымсьці нагадвае вялізны куфар са шматлікімі аддзяленнямі: гістарычная літаратура, навуковыя даведнікі, шыкоўныя энцыклапедыі, кніжкі для самых маленькіх... Без перабольшання кожны, хто прыходзіць на выставу, знаходзіць тут кнігу па сэрцы. Выбраць сапраўды ёсць з чаго.

У віншаванні з адкрыццём кніжнага форума кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў гасцям і ўдзельнікам выставы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў, адзначаецца, што сёлетняя выстава-кірмаш падводзіць своеасаблівы вынік Года кнігі, вялікай і карпатлівай працы па папулярызацыі чытання, літаратуры і мастацкага слова.

— Рэспубліка Беларусь годна завяршае Год кнігі, — падкрэсліла і першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. — Мінулы год — гэта шмат знакавых праектаў, гэта больш за адзінаццаць тысяч назваў кніг тыражом звыш трыццаці трох мільёнаў экзэмпляраў. Беларусь пацвярджае статус краіны чытаючай, краіны ўдумлівай, краіны, якая выбрала свой шлях.

Кожны стэнд — гэта прэзентацыі новых выданняў, сустрэчы з пісьменнікамі, цікавыя размовы з чытачом. Старэйшае выдавецтва “Беларусь”, да прыкладу, прапаноўвае пазнаёміцца з унікальным фотаальбомам, прысвечаным беларускім песнярам, леташнім юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу.

— Праект цудоўны. У адным альбоме сабраны ілюстрацыі ўсіх тых месцаў, якія звязаны з імёнамі нашых вядомых песняроў. Яны дапоўнены тэкстам, не сухім, але напісаным з душой і любоўю. Аўтар фотаздымкаў і тэксту Анатоль Кляшчук прысвяціў стварэнню гэтых кніг каля сямі гадоў, — расказвае дырэктар выдавецтва Ганна Трусевіч. — Кніга выдадзена на беларускай і англійскай мовах, каб пазнаёміцца з нашай прыгожай сінявокай краінай магло як мага больш людзей. Што зручна, кожнае месца мае свае геаграфічныя каардынаты. Некаторых населеных пунктаў нават на карце няма, але з дапамогай каардынатаў знайсці іх можна.

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў першы дзень выставы прэзентавала пад мелодыі з вядомага “Полацкага сшытка” кнігу “Полацк. 1150”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” — кнігу “История Белорусской железной дороги. Из ХІХ века в век ХХІ”. Выдавецтва Беларускага Экзархата — унікальнае факсімільнае выданне ХІІ стагоддзя. Старэйшага выдання ў краіне няма.

— Мне як палачаніну вельмі прыемна, што гэтае выданне было перавыдадзена, — прызнаўся дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. — Гэта было вельмі важна і неабходна не толькі для духоўнага развіцця нашага народа, але і для айчыннай навукі. Праца вельмі каштоўная. Выдавецтва Беларускага Экзархата робіць вельмі шмат дзеля захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, духоўнасці нашага народа.

Шматмоўная мазаіка

Выданні на беларускай, рускай, украінскай, англійскай, французскай, арабскай, кітайскай і іншых мовах. Дваццаць пяць краін свету прапаноўваюць наведвальнікам кнігі пра сваю гісторыю, культуру і многае іншае. Сярод экспанентаў ёсць і дэбютанты — Палесціна і Сербія. А вось адна з самых насычаных праграм сярод замежнікаў — у ганаровага госця юбілейнай выставы Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, наша ўсходняя суседка атрымлівае гэты статус ужо другі раз за час існавання форума. У складзе расійскай дэлегацыі — выдаўцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы. Адзін з самых яркіх сюрпрызаў — творчая сустрэча з вядомым расійскім пісьменнікам, майстрам публіцыстычнага слова, грамадскім дзеячам Аляксандрам Праханавым, якая адбудзецца ў пятніцу.

— Выстава з’яўляецца значнай падзеяй не толькі для Мінска, Беларусі, але і для аматараў кнігі ва ўсім свеце, — паведаміў на адкрыцці выставы намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Уладзімір Казлоў. — Вельмі адказна быць ганаровым госцем гэтай выставы. Мы прыехалі вялікай дэлегацыяй і з вялікім кніжным багажом — больш за дзве тысячы кніг, якія прадстаўляюць дзвесце расійскіх выдавецтваў. Упэўнены, беларускім наведвальнікам будзе цікавая наша экспазіцыя.

Выстава, якая яднае

— Памятаю, як пачыналі гэтую выставу шмат гадоў таму. Я тады якраз быў міністрам інфармацыі, — успамінае пісьменнік і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч. — Спачатку выстава была прыватная, пасля дзяржаўная, цяпер наогул набыла статус міжнароднай. Столькі дзяржаў прадстаўлена! І, што адметна, з кожным годам выстава становіцца багацейшая. Асабіста мяне цікавіць гістарычная тэматыка. І я з радасцю назіраю, колькі цікавых гістарычных праектаў прапаноўваюць нам польскія, расійскія, украінскія выдавецтвы. Сёння спецыяльна прыйшоў, каб набыць кнігу “Князі Радзивілли” ўкраінскага выдавецтва “Балтія-Друк” — сумесны ўкраінска-беларуска-польскі праект.

Дарэчы, ідэя гэтага праекта ўзнікла на мінулай мінскай міжнароднай выставе. І вось праз год у Мінску ўжо прэзентуецца кніга. І хто пасля такога стане спрачацца ў неэфектыўнасці мінскай кніжнай выставы?! Штогод тут заключаюцца важныя кантракты, нараджаюцца цікавыя выдавецкія праекты, адбываецца абмен міжнародным вопытам у галіне кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання. Для краіны гэта магчымасць пашырыць інфармацыйную прастору, умацаваць міжкультурныя і міжнацыянальныя сувязі, а для наведвальнікаў — пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі і папоўніць хатнюю бібліятэку каштоўнымі кніжнымі скарбамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter