Што рыхтуе для гледачоў Магілёўскі абласны лялечны тэатр

Скарбонка нашых казак

Магілёўскі абласны тэатр лялек зноў ажыў дзіцячымі галасамі. Прама на прыступках маленькіх гледачоў сустракалі мімы, клоўны, героі вядомых мультфільмаў, гулялі з імі ў фае і суправаджалі ў глядзельную залу. Чарговы сезон адкрывае ўжо знаёмы малым і дарослым спектакль «Медзведзяня Рым-Цім-Цы». А прэм’еры года – пастаноўцы «Сіняя-сіняя» — учора апладзiравалі ў Беластоку, дзе нашу краіну на міжнародным тэатральным фэсце «Узыход культуры. Другое вымярэнне» прадставілі магілёўскія лялечнікі. Дырэктар тэатра Уладзімір Андрэенка не хавае гордасці за знакавую работу:

Магілёўскі тэатр лялек ведаюць у розных краінах свету.

Гледачоў сустракаюць мімы і клоўны

— Гэты спектакль нашага галоўнага рэжысёра Ігара Казакова пастаўлены па адным з апавяданняў Уладзіміра Караткевіча. Ён атрымаў самую высокую адзнаку падчас «Март-кантакту». Акрамя Польшчы, мы плануем паказаць гэты спектакль і на іншых тэатральных падмостках — у нашай краіне і за мяжой.

Ігар КАЗАКОЎ.
Пастаноўка адрасавана дарослай аўдыторыі. Яна застаўляе задумацца аб сваім месцы ў жыцці, любві да радзімы, супярэчлівасці абставін. А галоўнай скрыпкай у монаспектаклі стаў таленавіты майстар сцэны Мікалай Сцешыц. Дарэчы, не так даўно калегі павіншавалі яго з новым званнем заслужанага артыста Беларусі. «Гэта — шматпланавы акцёр з шырокім творчым амплуа, — лічыць Уладзiмiр Андрэенка. — Больш чым за дваццаць гадоў службы ён стварыў шмат яркіх вобразаў, якія ўвайшлі ў залаты фонд тэатра. Яго талент адзначаны і мноствам прэстыжных узнагарод».

Сёлетні год багаты на добрыя з’явы і для ўсяго тэатра. Па-першае, сорак гадоў таму магілёўскія лялечнікі паставілі свой першы спектакль. Яго галоўны герой тыграня Петрык зараз на «заслужаным адпачынку», аднак многія пастаноўкі радуюць, здзіўляюць і застаўляюць мацней біцца сэрцы гледачоў дзясяткі гадоў. Усяго ў рэпертуары зараз — каля сарака спектакляў. Тры з іх атрымалі гранд Прэзідэнта краіны, у тым ліку «Скарбонка беларускіх казак», якая толькі рыхтуецца да свайго выхаду. Яна існуе пакуль у эскізах галоўнага мастака Мікіты Запаскіна, але абяцае ўпісаць свой прыкметны радок у нашу культуру.

Што ў раскладзе на верасень?

Дарэчы, на роднай мове размаўляюць героі трэці пастановак тэатра. А галоўная адметнасць усіх спектакляў — у смеласці творчых падыходаў, тэхнічных вырашэннях, пошуку новых формаў, падтэксту. Набыў папулярнасць і арт-праект «Другая сцэна», які дапамагае адкрыць шматграннасць напрамкаў культуры. Тут ладзяцца выставы, паэтычныя вечарыны, майстар-класы. А яшчэ — спектаклі «на дыване», дзе дзіця можа дакрануцца да лялькі ці артыста, атрымаць адказ на сваё пытанне. Новы падыход да зносін з гледачамі дазваляе не толькі пашырыць межы дыялогу. Ён наогул ліквідуе ўсялякія кардоны!


За хвіліну да казкі.

Тэатр дорыць добры настрой.

Такая шчырасць магіляўчанам імпануе: квіткі на спектаклі разыходзяцца адразу. На біс іх таксама прымаюць у Расіі, Галандыі, Германіі, краінах Балтыі і іншых. Магілёўскія лялечнікі сёння ставяць Чэхава і Шэкспіра, Крапіву і Караткевіча, Гогаля і Экзюперы. Выразнасць сучасных сродкаў, якія памножаны на талент рэжысёраў, артыстаў, мастакоў, застаўляе маленькіх і дарослых смяяцца, сумаваць, іранізаваць. Карацей кажучы, перажыць самы розны спектр эмоцый. І нават знайсці ў палітры сцэнічных гісторый адлюстраванне ўласнага жыцця.

Мiкалай СЦЕШЫЦ.

«Скарбонка беларускіх казак» пакуль існуе ў малюнках.

Лялькі так падобныя да людзей.

svet.markova@gmail.com

Фота аўтара i Галiны ГАўРЫЛОВiЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter