Чаму лялька — талісман «Вясёлкі» і як «Буся» збіраецца стаць дзіцячай энцыклапедыяй

Скача мячык па падлозе

МІНУЛА тры гады з моманту, калі свет пабачыў першы нумар часопіса для дзяцей дашкольнага ўзросту “Буся”. Ён разышоўся па краіне колькасцю 3037 экзэмпляраў. І ўжо прызнаны лепшым дзіцяча-юнацкім выданнем па выніках Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара”. Спадабаўся аўдыторыі настолькі, што ў рэдакцыю пасыпаліся падзякі ад дзяцей і іх бацькоў. Дарэчы, лісты яны дасылаюць і сёння. Нават прыязджаюць з усіх абласцей, каб паглядзець, як журналісты і пісьменнікі ствараюць наступны нумар. Карэспандэнт “СГ” таксама адправіўся ў “Бусю” і даведаўся, чаму яе кіраўнік працуе не ў кабінеце, а ў музеі. 

ЗАХОДЖУ ў кабінет знакамітага пісьменніка, галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка” Уладзіміра Ліпскага. Тут незвычайна: у куточку — вялізны плюшавы мядзведзь, на падлозе ля сцяны старыя вясковыя рэчы і некаторыя хатнія прылады, якімі калісьці карысталіся нашы бабулі. У асобнай вітрыне лялька ў нацыянальным адзенні — Вася Вясёлкін. Гэту цацку падарыў вядомы фатограф Аляксандр Дзітлаў заснавальніку “Вясёлкі” Васілю Вітку амаль 60 гадоў таму…

“Дзіцячае царства” — узнікла думка. Мабыць, тут час ад часу з’яўляюцца дзеці. Уладзімір Сцяпанавіч пацвердзіў, што тыдзень таму на парозе з’явіліся сорак школьнікаў малодшых класаў. Яны прыехалі са сваімі настаўнікамі са Смаргоні, каб паглядзець, дзе нараджаецца “Буся”.

Рэдакцыйны калектыў — сем чалавек. Апроч рэдактара, пісьменнікі Алена Масла, Маргарыта Прохар, Дар’я Лёсава, журналіст і педагог Анастасія Радзікевіч, мастак Елізавета Емяльянава. Прафесіяналы, кожны ў сваёй галіне, рыхтуюць адначасова два часопісы: “Вясёлку” — штомесячна, а “Бусю” — раз у два месяцы.

Ведаю, што гэта цяжка. Але “Буся” з’явілася не проста так. З якой мэтай?

Аказваецца, адной “Вясёлкі” было мала і для дашкалят, і для школьнікаў. Дзве зусім розныя ўзроставыя катэгорыі, для кожнай з якіх павінен быць асобны часопіс. 

ТАКІМ чынам, “Буся” — для самых маленькіх чытачоў. Каляровае выданне на якаснай глянцавай паперы. Рубрыкі: “Вершы на памяць”, “Ад аднаго да дзесяці”, “Комікс”, “Маляванка”, “Забаўлянкі” і “Бусеў слоўнічак”. 

На першых старонках невялічкія вершы вядомых беларускіх пісьменнікаў на чатыры радкі. Каб іх маглі вучыць у дзіцячых садках. У рэспубліцы такіх устаноў каля 4 тысяч і амаль што 400 тысяч выхаванцаў. Працягваюць з’яўляцца беларускамоўныя групы. Іх зараз некалькі тысяч. Часопіс  становіцца навучальным дапаможнікам. 

Чаму менавіта “Буся”? Галоўны рэдактар праводзіць паралель з тым, як буслы-бацькі лашчаць сваіх дзіцятак. Вось так і “Буся” — персанаж у выяве бацькі ці настаўніка, як маленькае дзіцё. 

На маю думку, сімвалічна і тое, што ў кожным нумары праводзіцца конкурс “Зялёная жабка”. Юныя чытачы дасылаюць свае ўласныя малюнкі на любую тэму — і лепшыя друкуюцца на апошняй старонцы. Пераможцы атрымліваюць у падарунак мяккую цацку-жабку і дыплом рэдакцыі. Першага прызёра, шасцігадовую мінчанку Машу Чалевіч, віншавалі ў 2015 годзе. Запрасілі яе на ўрачыстасць у Нацыянальны мастацкі музей. 

ГАРТАЮ чарговы нумар “Бусі”. Сустракаецца размалёўка на тэму “Любімыя цацкі”. Напрыклад, карцінка мяча, а пад ёй — маленькі верш:

Мой вясёлы мячык

Па падлозе скача:

Прыг-скок — у куток.

Размалюй яго, браток.

Заўважыў, часопіс складзены такім чынам, што з гэтага матэрыялу можна зрабіць уласную міні-кніжачку з малюнкамі. У папярэдніх нумарах былі матылькі, кветкі, грыбы, дрэвы, героі беларускіх казак... 

Працягваю чытаць. Апавяданні айчынных аўтараў, гульні, коміксы. І ўсё на беларускай мове. Месцамі нават словы разбітыя па складах. Між тым ні ў водным кіёску “Белсаюздруку” ў Мінску часопіс я не знайшоў — раскупілі за некалькі дзён. Але распаўсюджванне якаснага выдання ў розніцу — звычайна справа неўдзячная. Калі чарговы часопіс у кіёску не прарэкламуюць, ён можа застацца ляжаць. Лепшая справа, калі “Бусю” выпісваюць. Паштальён прынёс часопіс у хату — падзея ў сям’і. Міжволі пад яркую вокладку зазірнуць не толькі дзеці, але і бацькі.  

Пытаюся ў Уладзіміра Ліпскага пра планы. 

Няўрымслівы рэдакцыйны калектыў хоча пераўтварыць “Бусю” ў сапраўдную дзіцячую энцыклапедыю. З нумара ў нумар з дапамогай малюнкаў і вершаў расказаць юнаму чытачу пра ўсё, што трэба ведаць чалавеку яго ўзросту. 

matelenok_2011@mail.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter