Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў пра сённяшні дзень ансамбля «Свята», народную песню і Юрачку

Скача хата, калi свята

Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» дома застанеш рэдка — калектыў запатрабаваны. Толькі вярнуліся з канцэртаў у Маларыце і Уздзе, а ўжо 11 мая пакажуць новую праграму «Скача хата, калі свята» ў Мінску, на роднай сцэне ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Далей — выступленні артыстаў чакаюць Барысаў, Бабруйск, Воранава… За год яны даюць каля 60 канцэртаў па рэспубліцы. Здаўна ведаюць калектыў і за мяжой. Толькі з паездак апошняга часу — Лаос, Кітай, Малдова, Літва, Азербайджан. І — аншлагі ўсюды.

Пра сённяшні дзень ансамбля — наша размова з яго мастацкім кіраўніком, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Анатолем Кашталапавым.

Больш за 30 гдоў артысты «Свята» радуюць гледачоў.

Пачатак — ад палесскага фальклору


— Пры Белдзяржфілармоніі «Свята» існуе з 1984 года. Гэта — першы ў краіне прафесійны калектыў сярод вакальных і інструментальных ансамбляў народнай музыкі, які пачаў займацца адраджэннем фальклору. Тады канцэртныя праграмы будаваліся на музыцы Беларускага Палесся. Што ў рэпертуары цяпер?

— Традыцыі стараемся захоўваць, але жыццё ідзе наперад, хочацца сказаць у сваёй творчасці і пра сучаснасць. Таму сёння ў нашых канцэртах можна пачуць і фальклор, і аўтарскую песню, але яна, безумоўна, у народным характары.

— Недахопу ў аўтарах няма?

— Што да тэкстаў, то многія просяцца, шмат працуе з намі і прафесіяналаў, і аматараў. А вось з музыкай — складаней. Неяк кажу аднаму кампазітару, маўляў, напішы песню, такія словы ў тэксце цудоўныя, сялянская жанчына ўслаўляецца як мадонна палёў. А ён у адказ: якая мадонна, звычайная калгасніца. І не ўзяўся. Так што часцяком даводзіцца самаму музыкай займацца: і песні пісаць, і аранжыроўкі рабіць. За апошніх дзевяць месяцаў 31 песню аранжыраваў, з іх недзе 15 — сваіх. Дарэчы, адну з новых рыхтуемся выканаць з Анатолем Ярмоленкам на сёлетнім «Славянскім базары ў Віцебску».

— А ці ёсць у «Свята» песня-візітоўка, якую адразу падпяваюць?

— Дык ёсць не адна, бо нашы тэксты і мелодыі даступныя, хутка і лёгка запамінаюцца. Ужо з другога куплета зала падхоплівае.

Танцуюць усе


— Калі нехта скажа, каму сёння цікавыя гэтыя народныя спевы, што адкажаце?

— Не згаджуся. Думаю, тыя, хто так гаворыць, з народнай песняй дрэнна знаёмыя. Наш слухач у асноўным сярэдняга ўзросту, а вось нядаўна выступалі ўпершыню перад школьнікамі. Адразу пасля першага канцэртнага нумара яны паўскоквалі з месцаў і пачалі апладзіраваць. А праз 15—20 хвілін паўзалы ўжо ў праходах танцавала і артыстам падпявала. І так — больш за гадзіну, колькі выступалі. А пасля канцэрта падыходзілі і пыталіся, калі яшчэ прыедзем. Наогул, не было выпадку, каб нехта з тых, хто прыйшоў на наш канцэрт, залу пакідаў.

— Відаць, цікавіцца ў вас пра адносіны да іншай музыкі, не народнай, няварта?

— Народная, канешне, у прыярытэце, але, напрыклад, некалькі гадоў таму ў навагодняй тэлепраграме АНТ ансамбль «Свята» выконваў кампазіцыю групы Rammstein. Усе былі ў захапленні. 

— У вашым ансамблі сабраны цудоўныя галасы.

— Лічу, вельмі рэдкія, са своеасаблівым тэмбрам, чыста народныя. Тут і сапрана Людмілы Кірыленка, і тэнар Вячаслава Статкевіча, і барытон Васіля Сатвароннага, і шыкоўны альт Наталлі Нарэйка. Але нашы артысты здзіўляюць не толькі галасамі. Вакалісты-спевакі танцуюць, іншыя не горш, чым удзельнікі балетнай групы. На месцы не стаяць і інструменталісты, што вельмі няпроста, даводзіцца шмат працаваць, бо музыкантаў іграць вучаць седзячы, многім нават стоячы нязвыкла, а тут яны яшчэ і прытанцоўваюць. У нас на сцэне ўсе — у руху.

— У тым ліку і вы — як кажуць, дзеючы трэнер.

— Так, іграю на гармоніку і падтанцоўваю. У жартоўным нумары «Дзятлы» чачотку б’ю. Я ж — артыст балета. Ім і прыйшоў некалі ў «Свята».

Мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Анатоль КАШТАЛАПАЎ (у цэнтры) з артыстамі

Юрачка выліты


— Раскажыце, як усё адбывалася.

— З Магілёва, адкуль я родам, мяне запрасілі працаваць баяністам у Мінск у філармонію, быў тады такі ансамбль пад кіраўніцтвам Мікалая Шышкіна. Прыехаў я, а ансамбль нечакана адправілі на гастролі на месяц. Давялося чакаць. Неяк пайшоў да сяброў, якія працавалі ў аркестравай групе Дзяржаўнага народнага хору. Убачыў мяне яго кіраўнік Генадзь Іванавіч Цітовіч і гаворыць: «Здарова, Юрачка!» Я кажу: «Мяне Толікам завуць». А ён у адказ: «Не, ты — Юрачка выліты». Цітовіч у той час якраз шукаў выканаўцу на знакаміты народны танец «Юрачка». Прапанаваў паспрабаваць мне, спадабаўся вобраз. Я адмаўляўся: баяністам жа ў ансамбль прыехаў. Але ён настаяў. Так я ў танцоры трапіў, тры гады артыстам балета працаваў. А ў 1974-м, з першага дня, як стварылі ансамбль «Харошкі», танцаваў у ім. Дакладней, танцаваў, іграючы на дудцы, флейце, гармоніку. Там, дарэчы, захапіўся збіраннем фальклору. Шмат па выхадных калясіў па вёсках, запісваў. Многа музыкі цікавай для «Харошак» прывозіў, Валянціна Гаявая яе ў сваіх пастаноўках выкарыстоўвала. У 1988-м, калі прыйшоў у «Свята», таксама ў фальклорныя вандроўкі з тагачасным кіраўніком ансамбля Васілём Купрыяненкам ездзілі. Сам жа я кірую ансамблем з 2001 года.

— У чым сакрэт плённага даўгалецця калектыву?

— Думаю, у тым, што працягваем закладзеныя некалі традыцыі, шукаем новыя шляхі, у прафесіяналізме артыстаў і ў жаданні працаваць. І немалаважна — у той значнай падтрымцы, якую ўвесь час аказвае нашаму ансамблю кіраўніцтва Белдзяржфілармоніі, дзякуючы гэтаму калектыў мае памяшканне, абсталяванне, гукаўзмацняльную апаратуру, шыкоўныя сцэнічныя касцюмы, што вельмі спрыяе паспяховай творчасці.

У тэму

Сёння ансамбль народнай музыкі «Свята» стане госцем газеты «Рэспубліка» на 21-й Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі». Яна праходзіць у Мінску ў павільёне «БелЭкспа» на праспекце Пераможцаў, 14.

Канцэрт запланаваны з 15.00. Уваход — свабодны.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter