Зараз наша нацыянальная кінастудыя перажывае глабальную рэканструкцыю

Сiвая легенда

Кіно заўсёды з’яўляецца люстэркам часу, беларускае ў гэтым сэнсе не выключэнне. Не выпадкова кінастудыю “Беларусьфільм” у народзе называлі “партызанфільмам”. Тут здымалася шмат кінастужак ваеннай тэматыкі. Зараз наша нацыянальная кінастудыя перажывае глабальную рэканструкцыю, якая, дарэчы, павінна скончыцца ў наступным годзе. Але сапраўдныя майстры плённа працуюць і ў “паходных” умовах. Напрыклад, у гэтым годзе з міжнародных кінафестываляў беларускія кінематаграфісты прывезлі больш за 40 прэстыжных узнагарод. Поспехі кінастудыі адзначыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні з нагоды 90-годдзя беларускага кіно. Мы таксама вырашылі ўзгадаць асноўныя вехі яго гісторыі.


Сваю цяперашнюю назву кінастудыя атрымала толькі ў 1946 годзе. А 17 студзеня 1924 года, калі ўрад Беларускай ССР прыняў рашэнне аб арганізацыі ўласнай кінавытворчасці, з’явілася спецыяльнае ўпраўленне “Белдзяржкіно”. Яно размяшчалася ў самым цэнтры Мінска — на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Леніна.

Прэм’ера першага беларускага мастацкага фільма “Лясная быль” прайшла ў мінскім кінатэатры “Культура” 26 снежня 1926 года. З-за адсутнасці ўласнай тэхнічнай базы здымкі адбываліся ў асноўным на студыях іншых рэспублік СССР. У 1928 годзе на канале Грыбаедава ў Ленінградзе адкрылася ўласная беларуская кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, якая знаходзілася там да 1939 года.

“Беларусьфільму” абавязаныя сваімі поспехамі шматлікія выбітныя артысты. Напрыклад, у кінастужцы “Першы ўзвод” у 1933-м дэбютавалі самыя папулярныя ў гісторыі кінематографа Чапай і Пецька — артысты Барыс Бабачкін і Леанід Кміт. Тут працавалі выдатныя кінарэжысёры, такія як Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Міхаіл Пташук і многія іншыя. На “Беларусьфільме” зняты лепшыя савецкія фільмы пра вайну, у прыватнасці, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Канстанцін Заслонаў”, “Знак бяды”, “Ідзі і глядзі”. Не спынілася праца і ў постсавецкі час — з’явіліся стужкі “У жніўні 44-га...”, “Снайпер”... З тых часоў і да сённяшняга дня кінастудыя карыстаецца вялікай папулярнасцю ў знакамітых расійскіх рэжысёраў. Зрэшты, і беларусы не сядзяць без справы.

— Цяпер мы выйшлі на бясстратную працу, — паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч. — Выручка ад рэалізацыі кінапрадукцыі склала са студзеня па лістапад амаль 22 мільярды рублёў, а ў 2013 годзе было ўсяго 18 мільярдаў. Сёлета нашы фільмы атрымалі 41 узнагароду на розных міжнародных кінафестывалях. Гэта менш чым у мінулым годзе, але нам удалося пашырыць геаграфію. У прыватнасці, наш сумесны фільм “Я не вярнуся”, які атрымаў на фестывалі “Лістапад” прыз Прэзідэнта, а таксама ўзнагароды за гуманізм і духоўнасць у кіно, лепшую жаночую ролю другога плана, удзельнічаў у фестывалях у ЗША, атрымаў Гран-пры ў Галандыі, прыз за лепшы фільм у Аўстрыі. Зараз мы заняліся рэстаўрацыяй архіўных беларускіх фільмаў і іх алічбоўкай у фармат высокай якасці High-Definition (HD). Праўда, гэта вельмі дарагое задавальненне. Толькі на фільм “Белыя росы” Ігара Дабралюбава выдаткавалі 26 тысяч долараў. Перавялі яго ў фармат Full HD, правялі рэмастарынг малюнка і гуку.

У гэтым годзе кінастудыя выпусціць восем фільмаў, два з іх — новыя серыі кінапраекта “Дзяржаўная граніца”. А яшчэ — “З 8 Сакавіка, мужчыны!”, “Белыя росы. Вяртанне”, “Неверагодныя перамяшчэнні”, “Цугцванг”, “Салодкае развітанне Веры” і тэлесерыял “Воўчае сонца”. Таксама ў стадыі вытворчасці знаходзяцца 16 анімацыйных фільмаў, з якіх да канца года будзе выпушчана палова. Сярод іх — “Шапэн і Дэбюсі — казкі старога піяніна”, “Аповесць мінулых гадоў”, “Песні жаўрука”, “Рыбка па імені Нельга”, “Хруша”. Дарэчы, першымі гледачамі айчынных мульцікаў становяцца выхаванцы дзіцячага садка, які знаходзіцца побач з “Беларусьфільмам”.

— Неігравымі фільмамі займаюцца дзве студыі — “Летапіс” і “Беларускі відэацэнтр”, якія ў наступным годзе прадставяць свае новыя работы, прысвечаныя ўнікальным беларускім абрадам і народным традыцыям, — працягвае Алег Сільвановіч. — Хацелася б адзначыць дакументальны фільм “Жыццё і лёс паэта Віктара Казлоўскага”, выдатную работу рэжысёра Кацярыны Махавай “Дзіця-дэльфін” (пра дзяцей з хваробай Даўна), які я параіў бы паглядзець усім. Гэта карціна, якая прымушае пра многае задумацца. Таксама ёсць цікавая серыя карцін “На ўсе лапы ўмельцы” — пра беларускіх птушак, звяроў і насякомых, якія будуюць свае дамы. Я і не ўяўляў, што прадстаўнікі беларускай фаўны жывуць такім цікавым жыццём. Зняты фільм “Смерш”, дзе распавядаецца пра тое, якія аперацыі праводзіла гэтая арганізацыя на тэрыторыі Беларусі. Плануем запусціць у вытворчасць цэлую серыю.

Кінастудыя карыстаецца вялікай папулярнасцю
ў знакамітых расійскіх рэжысёраў.

Вядома, ёсць у беларускіх кінематаграфістаў і пэўныя складанасці ў працы. Напрыклад, беларускую кінапрадукцыю перастала закупляць Украіна з-за ўнутранага крызісу. Вось і атрымліваецца, што беларускаму кінематографу, як і эканоміцы, трэба задумацца аб дыверсіфікацыі. У планах на бліжэйшую будучыню — зняць сумесна з кампаніяй China Film Group 12-серыйны серыял пра лёс дачкі кітайскага маршала часоў Мао Цзэдуна. “Дзяўчынка вучылася ў інтэрнацыянальнай школе ў Маскве, — распавядае Алег Сільвановіч. — Потым дзеці паехалі адпачываць у Беларусь, і пачалася вайна. Дзяўчынка апынулася ў фашысцкім канцлагеры. Яе выцягвалі адтуль, ратавалі. Гэта вядомы гістарычны факт”.

Карацей кажучы, нават знаходзячыся ў досыць сталым узросце, нацыянальная кінастудыя вядзе вельмі актыўны лад жыцця. А каб за новымі дасягненнямі старыя не губляліся, да свайго 90-годдзя выпусціла калекцыйнае выданне DVD “Залаты тузін беларускіх фільмаў”. У зборнік увайшлі кінастужкі, якія сталі класікай кінематографа: “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979), “Прыгоды Бураціна” (1975), “Пра Чырвоную Шапачку” (1977), “Вянок санетаў” (1976), “Горад майстроў” (1965), “Нашы суседзі” (1957), “Белыя росы” (1983), “Я родам з дзяцінства” (1966), “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (1958), “Мая любоў” (1940), “Знак бяды” (1986), “У жніўні 44-га...” (2000). Карацей, фільмы, якія да гэтага часу прымушаюць шпарчэй біцца сэрца. Добрага здароўя табе і далей, “Беларусьфільм”!

Вольга Бебеніна


Советская Белоруссия №242 (24623). Пятница, 19 декабря 2014.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter