Сітцавыя перемены

У ТАЦЦЯНЫ НАРОВІЧ, начальніка аддзялення паштовай сувязі  Сітцы Докшыцкага РУПС, сёння імяніны. Але пачнецца дзень звычайна. На пошту прыйдуць людзі, каб заплаціць за тэлефон, паслаць перавод, атрымаць пасылку, купіць які-небудзь тавар, аформіць падпіску на наступны месяц... 

Таццяна НАРОВІЧ з паштальёнамі Аленай МАЙСІЕВІЧ і Інэсай ПЛЮТА

НАКОНТ  апошняга Таццяна пільнуецца асабліва. Тыражы газет і часопісаў на  сваёй “тэрыторыі” яна стойка ўтрымлівае, хаця колькасць вясковага насельніцтва змяншаецца. Што і казаць: умее працаваць з людзьмі. 

Ды і чаму не ўмець, у паштовай сувязі Таццяна ўжо роўна трыццаць год. Адразу  пасля школы паступіла  ў Мінскі тэхнікум электрасувязі. Кажа, што любіла калекцыяніраваць паштоўкі, часта заглядвала дзеля гэтага на пошту і, відаць, таму і выбрала  прафесію сувязіста- тэхніка. Спачатку давала адпачынкі работнікам сваёй галіны, потым узначальвала калектыў Докшыцкага гарадскога аддзялення паштовай сувязі. А дзесяць год таму, калі выйшла замуж  у Сітцы, змяніла і месца работы. Праўда,  пасада засталася  тая ж: толькі цяпер начальніка сельскага аддзялення вузла паштовай сувязі.

Аднак Таццяна гэтым пераменам рада. Ёй не прывыкаць да сельскага жыцця. Сама з вёскі. Як і многія, трымае карову, свіней, іншую жыўнасць. У гэтым  ёй  дапамагае муж Анатоль.  Ён першы ды дачка Святлана   павіншуюць яе з сённяшнім святам.

А яшчэ, як заўсёды ў такі дзень, затрымаюцца трохі ў аддзяленні яе безадказныя памочніцы-паштальёны — Інэса Плюта, Алена Майсіевіч,  Вольга Падляшчук і Тамара Русаковіч. Каб пачаставацца тортам, папіць чаю і пагаварыць пра жыццё... 

saulich@bk.ru 

Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter