Наш зямляк атрымаў залаты медаль для вынаходнікаў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці пры ААН

Сістэмны чалавек у «залатым»

Добрая навіна прыйшла з Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) пры ААН: наш зямляк Аркадзь Турцэвіч узнагароджаны залатым медалём для вынаходнікаў з адначасовым уручэннем адпаведнага сертыфіката. Узнагарода знакавая і паважаная ў свеце — яна падкрэслівае ўзровень інтэлектуальнага развіцця не толькі канкрэтнага чалавека, але і ўсёй краіны.

Аркадзь ТУРЦЭВІЧ з узнагародай.

Адразу скажу, што Аркадзь Турцэвіч ужо чацвёрты беларус, адзначаны гэтай узнагародай. Атрымаць яе няпроста, даецца яна, што называецца, па сукупнасці заслуг. А значыць, і багаж у прэтэндэнта павінен быць такім, каб на міжнароднай арэне ніякіх пачуццяў, акрамя павагі да аўтара і яго краіны не ўзнікала. З гэтым у Аркадзя Сцяпанавіча ўсё ў поўным парадку: больш за 200 патэнтаў на вынаходкі. А яшчэ 56 навуковых прац, 99 артыкулаў у навуковых часопісах, удзел у 107 міжнародных канферэнцыях. 

Характэрна і тое, што па сваёй цяперашняй пасадзе ён зусім не «чысты» вучоны, а чыноўнік-кіраўнік высокага ўзроўню. І пасаду яго нават вымавіць складана: начальнік упраўлення электронікі і прыборабудавання, электратэхнічнай, оптыка-механічнай і станкова-інструментальнай прамысловасці Мінпрама. Шчыра кажучы, калі я прыйшоў на сустрэчу з ім, прачытаў назву пасады і ўбачыў, колькі бягучых адміністрацыйных спраў ён выконвае, адразу паўстала пытанне: як пры такой загружанасці можна яшчэ паспяваць займацца навукай?!

Залаты медаль САІУ пры ААН.
Прычым навукай, ды, прабачаць мяне калегі-гуманітарыі, зусім няпростай. Як вам, напрыклад, вось такая тэма кандыдацкай дысертацыі: «Фарміраванне з газавай фазы дыэлектрычных і праводзячых слаёў, інтэграваных у цвердацельныя структуры мікраэлектронікі». Ці артыкул «Эпiтаксiмальныя пласты крэмнію і германію для інтэгральных схем». Прычым такіх артыкулаў у яго больш за 560! Таму на гэтым месцы адразу выкажу сваё журналісцкае захапленне: пабольш бы нам у міністэрствах такіх чыноўнікаў! 

Распрацоўкi Аркадзя Турцэвіча зафіксаваныя ў патэнтах. Напрыклад, у кожным мабільным тэлефоне ёсць так званыя стабiлiтроны, якія рэгулююць напружанне ў інтэгральных схемах. Дык вось яны «нарадзіліся» падчас буму радыёэлектроннай прамысловасці, у тым ліку і на аснове яго вынаходак. 

А комплекс вынаходак па металакерамiчных карпусах — гэта наогул сучасная фінансавая песня. Толькі за адзін 2016 год за пастаўленыя на экспарт такія вырабы краiна атрымала 830 тысяч долараў. Вось што значыць сапраўдны рэальны сплаў навукі і вытворчасці на практыцы. Сплаў, адліты, па сутнасці, у рэальным золаце.

Вось такія вялікія справы робіць выпускнік СШ № 6 нашага слаўнага горада Калінкавічы! Якую, дарэчы, скончыў з ганаровай граматай і нагрудным знакам «За выдатную вучобу». Гэты статус выдатніка, мяркуючы па даных біяграфіі, ён заўсёды пацвярджаў. Для самасцвярджэння, для развіцця вытворчасці, дзеля павагі падначаленых. Дзеля справы яго жыцця.

— Я — чалавек сістэмны, камандны, — тлумачыць ён. — Люблю прыгожа вырашаць цяжкія задачы, якія ідуць на карысць усім. 

Да нашага шчасця, такіх задач у Аркадзя Сцяпанавіча з кожным днём становіцца ўсё больш. Зараз, напрыклад, ён з калегамі працуе над стварэннем у Аршанскім раёне сучаснага прамыслова-лагістычнага кластара. Шматгранная і адказная задача, якая ідзе пад асабістым кантролем Прэзідэнта. Так што пажадаем яму з калегамі поспехаў у гэтай справе, а таксама ў шматлікіх штодзённых клопатах, і творчых здзяйсненняў. У тым, што яны будуць, не сумняваюцца і ў Мінпраме, калегія якога вылучыла А. Турцэвіча дэлегатам маючага адбыцца 2-га з'езда вучоных Беларусі. 

stas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter