Сiрата беларуская

Колькi ў Беларусi дзетак-сiрот? Я не маю магчымасцi ўсынавiць асiрацелае дзiця, але гатовы хоць чым-небудзь дапамагчы гэтым гаротным малым. Як гэта можна зрабiць? Падкажыце! Анатоль ВiшнЯвец, Калiнкавiцкi раён

Адказвае пicьменнiк, старшыня праўлення  Рэспублiканскай грамадскай арганiзацыi “Беларускi дзiцячы фонд” Уладзiмiр Лiпскi:
— Cёння ў Беларусi каля 30 тысяч дзяцей-сiрот. Падчас камандзiровак я часта сустракаюся з сiротамi, i ў кожнага такая бiяграфiя... На вачах адной дзяўчынкi мацi з сужыцелем забiлi бабулю. Мы вучылi яе зноў усмiхацца. Другая мацi варыла дзецям полiўку на пяць дзён, прывязвала iх да батарэi i iшла гуляць... Прычына сацыяльнага сiроцтва — разбэшчанасць дарослых. Я хацеў бы звярнуцца да ўсiх дарослых у нашым грамадстве. Калi кожны прыме ўдзел у лёсе аднаго дзiцяцi, праблема будзе вырашана.
Я асабicта ў свой час узяў шэфства над хлопчыкам-падкiдышам. Мацi пакiнула яго на вакзале ў Полацку, побач стаяла сумачка з адзеннем. Знайшлi рабочыя, у гонар аднаго з iх хлопчыка назвалi Герман. Прозвiшча далi Акцябрскi — па назве месяца, калi знайшлi яго. Я ўбачыў Германа ў Вiцебскiм дзiцячым доме: сонечны прамень якраз асвяцiў прыгожага хлопчыка. Па магчымасцi я наведваў Германа, дапамагаў, чым мог. Пазней яго ўсынавiў настаўнiк. Зараз наш хлопец на выдатна скончыў БДПУ iмя Максiма Танка i паступiў у аспiрантуру.
Вядучы iнспектар упраўлення сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi Беларусi Аляксей Ананенка паведамiў, што ў Беларусi не знiжаюцца маштабы сацыяльнага сiроцтва.
— Трэба адзначыць, што пашыраюцца сямейныя формы ўладкавання дзяцей, якiя засталicя без апекi бацькоў. Калi ў 1997 годзе так быў уладкаваны 51 працэнт асiрацелых дзяцей, то ў 2005-м — 68 працэнтаў (а ў Мiнскай, Гомельскай i Гродзенскай абласцях — 76—78 працэнтаў). Падчас рэалiзацыi мiнулай прэзiдэнцкай праграмы створана новая форма ўладкавання сiрот — прыёмная сям’я. За пяць гадоў на выхаванне ў такiя сем’i перададзена 2290 дзяцей-сiрот. Гэта дазволiла закрыць некалькi iнтэрнатных устаноў i перадаць вызваленыя плошчы органам сацыяльнай бяспекi i сацыяльна-педагагiчным установам. У гэтым пяцiгоддзi прадоўжыцца праца па стварэннi ўмоў для развiцця розных форм сямейнага жыццеўладкавання (апека, патранат, усынаўленне). Прадугледжана будаўнiцтва 56 жылых дамоў для сямей, якiя займаюцца выхаваннем дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя засталicя без апекi бацькоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter