Наш корреспондент узнал, как студентов-медиков учат спасать людей

Сімулятар як кропка прафесійнага адліку

У адзін з радзільных дамоў Мінска паступае жанчына з крывацёкам. Хуткая прывезла яе проста з вуліцы. У пацыенткі адслаенне плацэнты. Дактары ацэньваюць стан нованароджанага: дрэнна дыхае, скура сінюшная, сэрцабіцце ледзь праслухоўваецца. Цяжкая асфіксія — экстранная сітуацыя. У радзалу выклікаюць доктара-неанатолага і доктара-рэаніматолага. Цяпер кволае новае жыццё ў іх руках. Карэспандэнт «Р» назірала за выратаваннем нованароджанага.

Студэнты-медыкі вучацца ратаваць нованароджанага з асфіксіяй.

Жыццё на нітачцы

Адзін з дактароў саніруе дыхальныя шляхі і пачынае штучную вентыляцыю лёгкіх. Спачатку мяшком Амбу. Праходзіць трыццаць секунд — пульс у дзіцяці нізкі. Доктар-рэаніматолаг праводзіць непрамы масаж сэрца. Але жыццё немаўляці па-ранейшаму на нітачцы, якой не даюць парвацца спецыялісты. Пачынаецца інтубацыя з дапамогай ларынгаскопа, дыхальнай трубкі і мяшка Амбу. Працягваецца непрамы масаж сэрца. Праз хвіліну сэрцабіцце па-ранейшаму не аднаўляецца.

— Адрэналін, — адзін з дактароў просіць медсястру развесці лякарства і ўводзіць яго ў дыхальныя шляхі. Па ўсіх паказчыках бачна, што дзіцяці становіцца лепш. Але спецыялісты яшчэ аказваюць дапамогу нованароджанаму, пакуль яго стан не стабілізуецца. 

Гэтая барацьба за малога доўжылася пару хвілін, але збоку здавалася, што час спыніўся. 

Манекены дазваляюць добра натрэніравацца.

Права на памылку

На шчасце, гэта сутычка са смерцю была несапраўдная. Мы знаходзіліся не ў рэальнай радзільнай зале, а ў лабараторыі практычнага навучання Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе разгортваўся сцэнарый па выратаванні нованароджанага з цяжкай асфіксіяй. Ролі дактароў выконвалі студэнты шостага курса педыятрычнага факультэта. Як расказала дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб Алена Альфяровіч, з такой паталогіяй нараджаецца не так шмат дзяцей, але трэба быць у поўным узбраенні, калі такі выпадак здарыцца ў медыцынскай практыцы. Часам падобнае ўскладненне звязана з не зусім прагназуемым развіццём родаў. Сітуацыя звычайна экстранная, і павінна быць мабілізацыя ўсіх.

Кажуць, каб навучыцца граць на скрыпцы, патрэбны дзесяць тысяч паўтораў. У сімуляцыйным цэнтры студэнты-медыкі могуць трэніравацца колькі заўгодна. 

— Ёсць навыкі, якія немагчыма адпрацаваць на жывым пацыенце, — звяртае ўвагу Алена Альфяровіч. — Таму студэнты навучаюцца ў практычнай лабараторыі на мадэлях. Тут мадэліруюць праблемы з дыханнем у неданошанага, увядзенне пэўных прэпаратаў, аказанне неадкладнай дапамогі пры гемалітычнай хваробе, пераліванне крыві — тыя сітуацыі, якія сустракаюцца ў практыцы ўрача-неанатолага. 

Акцэнт на каронавірус. 

Дарослыя гульні ў лялькі

Знаёмімся з мадэллю. Лялька-сімулятар, як дзіця, дыхае, плача, крычыць. У мадэлі б'ецца сэрца, яна рэагуе на нас, можа курчыцца. Усе гэтыя параметры задаюцца з дапамогай праграмы, каб на ляльцы адрэпеціраваць сітуацыю з жыцця. 

— Наколькі гэта складана? — цікаўлюся ў студэнтаў. 

— Складана, але вельмі цікава і незвычайна. 

У іншай зале лабараторыі студэнты першага курса праходзяць асновы медыцынскага догляду. Правільная апрацоўка рук, забор біяматэрыялу, пераапрананне ў ахоўны касцюм, яго ўтылізацыя — усё гэта будучыя спецыялісты спасцігаюць на практыцы. 

Пасля такой падрыхтоўкі студэнты выканаюць любую маніпу­ляцыю, нават калі разбудзіць іх сярод ночы. 

Першакурсніца Алена бярэ мазок з носа пакуль толькі ў мадэлі. Дзяўчына марыла стаць доктарам з шасці гадоў. 

— Ні да чаго больш душа не ляжала. Калі ёсць жаданне, то вучыцца нескладана. Практыка ў сімуляцыйным цэнтры цікавей за ўсё. 

— У лабараторыі ёсць сучаснае сімуляцыйнае абсталяванне, што дазваляе праводзіць навучальныя сімуляцыйныя курсы па розных напрамках: тэрапія, акушэрства і гінекалогія, анестэзіялогія і рэаніматалогія і іншыя, — расказвае Наталля Мірончык. — Дэманструем відэаролікі, як правільна надзяваць ахову. Мы і раней рыхтавалі да працы з інфекцыямі. Цяпер робім акцэнт яшчэ і на каронавірус. 

Недзіцячыя выпрабаванні

Многія студэнты БДМУ ўжо прымяняюць атрыманыя веды на практыцы, працуючы ў медустановах. Некаторыя з іх дапамагаюць лячыць хворых з COVID-19 у чырвонай зоне. 

Студэнтка шостага курса ля­чэб­нага факультэта Ганна Каржа­невіч марыць працаваць анестэ­зіёлагам-рэаніматолагам у клініцы. А пакуль свой першы медыцынскі вопыт атрымлівае на хуткай. Яна фельчар Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. 

На піку захворвання на карона­вірус у Мінску Ганна магла ад'ездзіць амаль усё дзяжурства толькі на выклікі з тэмпературай. Заняткі ў сімуляцыйным цэнтры не прайшлі дарма. 

— Вядома, веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, вельмі дапамагаюць нам выконваць санэпідрэжым, рэанімацыйныя мерапрыемствы. Манекены ва ўніверсітэце абсталяваны так, што дазваляюць добра натрэніравацца. 

Ганна прыгадвае, як яны ратавалі аднаго цяжкага пацыента з каронавірусам. 

Кожны сімулятар — вялікі камп'ютар.

— Садзіліся ў машыну, тэмпература ў хворага была 37, і раптам у яго рэзка пачаліся сутаргі, тэмпература моцна вырасла. Зрабілі ўсё, каб яму стала лягчэй, і давезлі да бальніцы. Аднойчы нас выклікалі да жанчыны. Яна мылася. Сваякі пачулі, як тая ўпала. У пацыенткі была вялікая маса цела. Нам на дапамогу прыехалі супрацоўнікі МНС. Я тады рабіла непрамы масаж сэрца, чаргуючыся з калегамі, уводзіла лекі ў вену, устаўляла ларынгаскапічную трубку. Праца на хуткай надае адвагі. На адной тэорыі добрым доктарам не станеш.

Пяцікурсніца лячэбнага факультэта Крысціна Тур з верасня працуе медсястрой у рэанімацыйным аддзяленні 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска з кавіднымі пацыентамі. 

— Медсястрынскую практыку здавалі ў сімуляцыйным цэнтры. Адпрацоўвалі там сардэчна-лёгачную рэанімацыю. На старых манекенах немагчыма было ацаніць, наколькі правільна ты працуеш. А сімулятары гэта дазваляюць. Ёсць датчыкі, якія паказваюць, наколькі выніковыя твае дзеянні. 

У рэанімацыі Крысціна лечыць не толькі рукамі, але і словам. 

Нягледзячы на трагедыі, непазбежныя ў рэанімацыі, Крысціне з дзяцінства хацелася дапамагаць цяжкім пацыентам. Яе маці, старшая медсястра рэанімацыі, вадзіла з сабой яшчэ маленькую дачку на працу. Крысціна і ў далейшым хоча працаваць у інтэнсіўнай тэрапіі.

Па словах Наталлі Мірончык, асаблівасць навучання на сіму­лятарах у тым, што студэнт сам прымае ўдзел у працэсе.

— Хтосьці з групы ацэньвае, як гэта зроблена. Паўтараем практыкаванне з улікам памылак. Сімуляцыйны цэнтр у нас працуе больш за пяць гадоў. Займаюцца студэнты з першага па шосты курс. Урачы з факультэта павышэння кваліфікацыі адпрацоўваюць тут больш складаныя сцэна­рыі. Кожны сіму­лятар — гэта вялікі камп'ютар. Да яго падключаны яшчэ адзін, які кіруе. Задаецца праграма, і прайграюцца сімптомы па сцэнарыі. Сімулятар адгукваецца на ўсе дзеянні студэнта. Выжыў пацыент ці не — камп'ютар пакажа. Тут у доктара ёсць права на памылку, а у практыцы памылка можа каштаваць жыцця.

kosiykova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter