Молодежному объединению "Лiтаратурнае прадмесце" -- пятнадцать лет

Сiмфонiя прадмесця

Пятнадцаць год таму, 29 лiстапада 2002 года, у газеце “Лiтаратура i мастацтва” з’явiлася абвестка: “Запрашаем! 5 снежня пройдзе арганiзацыйнае пасяджэнне лiтаб’яднання. Запрашаюцца маладыя паэты, празаiкi, крытыкi”.

На першае пасяджэнне да кiраўнiкоў, мяне i Вiктара Шнiпа, прыйшлi тады яшчэ пачынаючыя паэтэса Аксана Спрынчан i крытык Наталля Якавенка. Затым колькасць удзельнiкаў пачала расцi ў геаметрычнай прагрэсii... І за пятнаццаць год праз лiтаб’яднанне прайшло больш за сотню маладых творцаў. Многiя з iх сёння сталi вядомымi лiтаратарамi, выдаюць кнiгi, выкладаюць, кiруюць сваімi лiтаратурнымi праектамi. Калi пагартаць старонкi першага зборнiка суполкi, выдадзенага ў 2003 годзе, можна сустрэць такiя iмёны, як Алена Багамолава, Аксана Бязлепкiна, Арцём Кавалеўскi, Наста Кудасава, Рагнед Малахоўскi, Вiктар Iваноў (сёння ён вядомы пад псеўданiмам Лупасiн), Вiка Трэнас, Наталля Капа, Усевалад Гарачка, Серж Мiнскевiч, Наталля Кучмель, Марыя Шамякiна, Янка Лайкоў, Мiкола Кандратаў, Змiцер Арцюх, Таццяна Будовiч і iншыя. А колькi iмён яшчэ з’явiлася!

Фота Аляксандра Стадуба

Суполка змянiла назву з “Лiтаратурны квартал” на “Лiтаратурнае прадмесце”, мяняла месцы паседжанняў, якiя былi ў музеях Янкi Купалы i Максiма Багдановiча, у бiблiятэцы Янкi Купалы i ў майстэрнi народнага мастака Беларусi Iвана Акiмавiча Мiско. Гасцiнным месцам сустрэч для маладых лiтаратараў стала канферэнц-зала газеты “СБ. Беларусь сегодня” ў Доме прэсы.

У “Прадмесця” склалicя свае традыцыi — напрыклад, сiмулякр, вiртуальная паэтка Рагнеда Крышталюк, якая з’яўляецца ў выглядзе ружовага парасона. Святы — “Лiтаратурныя Дзяды”, падчас якiх згадваюць “лiтаратурных продкаў”, “Калядны кiрмаш мусаў”, калi паэты выстаўляюць на аўкцыён самыя незвычайныя лоты, нават уласны псеўданiм. З’явiлася свая прэмiя — “Блакiтны свiн”, якая прысуджаецца за нонканфармiзм у мастацтве, а лаўрэат атрымлiвае дыплом у выглядзе стылiзаванага пятачка на фоне блакiтнага неба i сто чаго-небудзь... Чаго сто — прыдумляецца кожны год (ад алоўкаў, заточаных уручную, да мандарынаў).

Вашай увазе — чарговая публiкацыя твораў сяброў суполкi, прымеркаваная да юбiлею.

Кiраўнiк суполкi “Лiтаратурнае прадмесце” Людмiла Рублеўская




Вiкторыя Трэнас

Як мама. Як тата

  

 1.


     I снiцца табе, што яна не спiць,

трывожыцца,

     штохвiлю ў акно ўглядаецца, 

а там — золка, змрочна, туманна.

     Шукае цябе, як у тумане вожыка,

     а ты за гарамi-морамi, за акiянам.

     І раптам заўважаеш, што хвалi

паўночныя

     б’юцца аб бераг у такт ейнага 

сэрца,

     i што яна насамрэч — усе твае 

дзённыя i ўсяночныя,

     i яно ў вас адно на дваiх агульнае 

б’ецца.

     Холадна тут, настыла.

     Апранаеш шапачку i пальчаткi,

як мама вучыла.

     Гэта яна — усе завяршэннi твае 

i пачаткi.

     Як мама?

     2.

     Вы разам з татам (табе 32, тата — 

ужо на пенсii),

     прыдумляеце iмя багоўцы,

     што заляцела ў кватэру

     i засталася

     зiмаваць на фiялцы.

     Кузьмiнiчна.

     Вы разам з татам

     глядзiце забаўныя ролiкi

     з совамi, якiя смяюцца,

     i з гаварашчымi папугайчыкамi.

     А калi ты далёка,

     вы корчыце рожыцы адно аднаму

     праз вiдэа ў скайпе,

     каб было весялей.

     Яму не трэба казаць мне:

     Гэта жыццё, дзетка, будзь 

асцярожнай.

     Я i так усё памятаю.

     І пытацца: “Почему не звонишь?”

     Я i так патэлефаную.


          

Кацярына Тарасава

Вар’ятка


     Вы мне казалi сёння, што я 

вар’ятка.

     Толькi яно не дзiўна — нас шмат 

падобных.

     Вам, як панурым сонцам, гарэла 

лямпа.

     Я ж даглядала зоркi па просьбе 

поўнi.

     Kажаце, я вар’ятка: яно не дзiўна.

     У штучным паветры б’ецца 

жывая птушка.

     Нас, паўжывых, на сотнi цяпер 

адзiнкi...

     Астатнiя ўсе памерлi...

     Чаму?

     Таму што...


Алена Беланожка

* * *

     Блiшчэў зорапад — шыкоўна,

     Як таннае шкло ў каралях.

     Злятаў цыгарэтны попел

     На выцертую парчу.

     Бландзiнiстую, што Поўнач,

     Зацёганую па балях,

     Дзяўчыну прайгралi ў покер

     Замежнаму скрыпачу.

     

     Згасiўшы самоту ў зрэнках,

     Яна папрасiла кавы.

     Раптоўная навальнiца

     Прашыла квартал наскрозь.

     З дзяўчыны сцякла сукенка,

     Як дождж з манумента славы.

     Холодная, нiбы спiца,

     Дзяўчына сказала: “Вось”.

     

     Музыка ж крануўся скрыпкi,

     Мiльгалi часы i стылi.

     Ён ладзiў за кодай коду,

     Узводзiў мiж iх масты...

     Скразняк зачапiў за лыткi,

     Калi ступакi настылi.

     Дзяўчына сцягнула коўдру

     З вялiкай старой тахты.

     

     Схаваўшы сябе ад вока

     Блакiтнай лiхтарнай лямпы,

     Ад сотняў чужых аблiччаў,

     Што церлiся аб каўнер,

     Дзяўчына была далёка —

     На самым ускрайку мапы,

     Вялiкай, геаграфiчнай,

     Прычэпленай да шпалер.

     

     І ўсё, што было — мiнула.

     Тужлiва кальнула грудзi....

     Дзяўчына была шатэнкай.

     Дзяўчына зняла парык.

     А потым — яна заснула.

     Падумаўшы: “Нешта будзе...”

     А побач за тонкай сценкай

     Трымцеў да свiтання смык.

     

Усевалад Гарачка

* * *

     Шчасце аказалася

     Чорнай прамавугольнай каробкай.

     Не надта лёгкай,

     Не надта i цяжкай,

     Але даволi вялiкай

     i вельмi нязручнай.

     І ад гэтага дня

     Я павiнен быў

     Насiць яе на руках.

     Нехта зайздросцiў мне

     (Перш за ўсё тыя,

     Хто таксама хацеў

     Схапiць гэта Шчасце,

     Але крыху спазнiўся).

     Нехта

     Глядзеў на мяне,

     Круцячы пальцам ля скронi.

     А я

     Ўсё насiў сваё Шчасце

     i не бачыў,

     Што ў мяне пад нагамi.

     І таму —

     Аднойчы

     Звалiўся са Шчасцем у яму.

     Паглядзеў:

     Рукi-ногi — цэлыя,

     Шчасце — таксама.

     Трэба цяпер выбiрацца.

     Але Шчасце,

     Што з iм рабiць?

     Зноў насiць на руках?

     Пакiну яго лепей тут.

     Скажу:

     Разбiў сваё Шчасце...

     

Аксана Спрынчан

* * *

     “Сонца цi месяц?” —

     пытаешся раптам.

     А я абiраю

     поўню,

     якая ведае,

     што такое быць месяцам,

     якая верыць,

     што яна ёсць сонцам.

      

     “Сонца цi сон?” —

     задаеш пытанне.

     А я называю —

     сон-траву,

     якая ведае

     калыханку сонца,

     якая верыць

     у сны на вятры...

     

Наталка Кучмель

* * *

     Мяне не слухаюцца рыфмы,

     І верш — той нудны гук, калi

     Тужлiва ўслед сапраўдным 

рыпнуць

     Калодзежныя жураўлi.

     

     Паперы — мо на трыццаць столак,

     Ды аднаго няма на ёй:

     Як вылузнуўся з ночы золак

     І раскрываецца зарой.

     

Алесь Емельянаў-Шыловiч

апошнi верш

нiколi

     нiколi не пачынай верш з гэтага 

слова

     нават калi верш апошнi

     у кожнага паэта бываюць такiя 

iмгненнi

     калi ён наiўна мяркуе што больш 

нiчога не напiша

     я сам так думаў не аднойчы

     але дзякуй богу не даўмеўся 

нiкому пра гэта сказаць

     адзiн ужо напiсаў развiтальны 

зборнiк

     якi так i называўся апошнiя вершы

     а пасля праз тузiн гадоў выдаў 

кнiжку чаго б вы падумалi

     ну канечне ж вершаў!

     потым яшчэ

     i яшчэ

     другi сказаў што

     пасля сарака паэт не паэт

     але вось ужо дваццаць гадоў 

друкуе свае паслясаракi

     паэты бываюць смелымi 

i баязлiвымi

     беднымi i беспрацоўнымi

     сумнымi i саплiвымi

     п’янымi i вельмi п’янымi

     мудрымi i дурнымi

     але какецтва не робiць паэта паэтам

     паэт не гаворыць пра гэта

     i не ведае якi верш будзе апошнiм


       Дар’я Лёсава

* * *

     Песня мая, песня,

     Песня-журавiнка!

     У якiм ты лесе,

     На якiм прыпынку?

     

     Што ж ты перастала,

     Сэрцайка, дзiвiцца?

     Ты ж было лятала,

     Ценькала сiнiцай!

     

     А цяпер — як ночка

     i зiмой, i летам.

     ...О, накрый лiсточкам,

     Ластаўка, мяне ты!

     

Таццяна Барысюк

Раманс

     У паралельных сусветах

     сэрцы сiнхронна пульсуюць.

     Пры вiртуальных сустрэчах

     музыку Вечнасцi чуюць.

     

     З вiшань абодвух сусветаў

     квецень злятае паволi.

     Быццам накладзена вета

     нам на спатканне i долю.

     

     Вабiць шматзорная далеч.

     Сонца згарае ў нябёсах.

     На таямнiчых скрыжалях

     нашы запiсаны лёсы.

     

Мiкола Кандратаў

Маманты

     Яшчэ нараджаюцца маманты

     з нябачнай духоўнай сiлаю.

     Ды свет, у якiм яна маецца,

     становiцца iм магiлаю.

     

     Набыткi iх не вiтаюцца

     нi осламi, нi парыжамi.

     І лёс атуляе нянавiсцю

     iх непадабенства да блiжняга.

     

     Мо блiжняму некалi ў вечнасцi

     свая слепата прабачыцца,

     калi з вялiкай адлегласцi

     сапраўдная велiч убачыцца.

     

     А новыя пiтэкантрапы

     глыбокiя ямы вырылi...

     Свет звыкла палюе на мамантаў,

     хоць лiчыць, што маманты вымерлi.

     

     Павел Дарохiн

* * *

     Шызыя зданi, дрэвы ды гмахi

     Пельгулiна ды Коплi*

     Вязу табе мора ў зялёных вачах

     Кропля за кропляй

     Крокi па бруку, стук сэрца ў рытм

     Вандроўкi антракт

     Ты паглядзi, у небе гарыць

     Паходня-маяк

     Пешшу, паветрам цi па вадзе

     Зваротным кiрункам

     Поўны надзей. Ён падыйдзе

     Ключ пацалунка.

     *Пельгулiн — мiкрараён Талiна, 

Коплi — пляж у Эстонii.

          

Таццяна Пратасевiч

* * *

     Па снах збягаць, збягаць i падаць.

     І ад знямогi памiраць.

     Сатурнам знiшчаная радасць

     Мяне iмкнецца пакараць.

     

     Але няма ўжо слёз салёных...

     Я птушкай, дрэвам стаць хачу...

     Зямля ж нясе свае праклёны,

     Таму, хто голас яе чуў.

     

     А неба не прымае рэшткi

     Душы, што спапялiў паэт...

     І толькi вечных хваляў рэкi

     Бяруць яе апалы квет.

     

     Нясуць у вечнасць. Так звычайна.

     Душа спялiць насенне душ.

     І будуць сыпацца начамi

     Яны ў халодную ваду.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter