Сiла высокага пачуцця

Навуковы супрацоўнiк Iнстытута лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, кандыдат фiлалагiчных навук, дачка народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Шамякiна Алеся Iванаўна Шамякiна прынесла ў рэдакцыю часопiса “Маладосць” нiдзе дагэтуль не друкаваныя даваенныя дзённiкi бацькi. Прапануючы ўрывак з iх чытачам “Народнай газеты” (цалкам публiкацыя з’явiцца ў студзенскiм нумары “Маладосцi” за 2007 год), хацелася б звярнуць увагу на наступную адметнасць. Запiсы зроблены Iванам Пятровiчам у сакавiку—маi 1939 года. (Арфаграфія і стыль аўтара дзённіка захаваны. — Рэд.). Лiтаральна ўсе старонкi — пра каханне, пра любоў да Машы Кротавай, будучай жонкi. Чытаецца напiсанае як шчымлiвы i ўражлiвы мастацкi твор. I прычына тут, мне здаецца, не толькi ў тым, што аўтар ужо тады выявiў сябе як чуйны да творчасцi чалавек, якi валодае талентам. Прычына — i ў гранiчнай шчырасцi пачуцця, якое настройвала адпаведна i на шчырае выкладанне перажыванняў на паперы. Алесь КАРЛЮКЕВIЧ


10 красавiка 1939 г.
Учора занiмалiся апошнi дзень. У рабят быў вельмi вясёлы настрой, асаблiва пасля таго, як дырэктар выдаў аванс.
Учора я закончыў сваю аповесць “Маладое жыццё”. Работаў у апошнiя днi над ёй вельмi ўпарта — стараўся закончыць да канца заняткаў, каб потым яна не перашкаджала iспытам. Змест твора, на маю думку, вытрыманы, жвавы, бадзёры — поўнасцю адпавядае назве. На кожнай старонцы адчуваецца маладое жыццё. Але з тэхнiчнага боку — вельмi недапрацована. Даў прачытаць Машы, прачытаю на лiтаратурным гуртку. Калi адобраць, буду ўпарта на практыцы апрацоўваць яе, калi ж не... Ну, тады — i не!..
Маша ўчора спаткала вельмi непрыветлiва, зусiм не так, як у папярэднi раз. Мяне гэта немнога ўсхвалявала. На маё запытанне, калi яна дасць мне фотакартачку, адказала, што не мае зараз i прынясе яе потым, пры гэтым дадала:
— А мне чамусьцi вельмi хочацца, каб ты хутчэй уехаў.
— Я надакучыў табе?
— Зусiм, не! Але... Я сама не ведаю, чаму мне так хочацца!
Я закусiў губу i iшоў моўчкi. Яна астанавiлася i пiльна глядзела на мяне. Я прайшоў крокаў пяць уперад i, павярнуўшыся, сказаў:
— Iдзём, а то я пайду сам!
— Нiкуды ты сам не пойдзеш! — наiўна i смела адказала яна. I я не мог утрымацца, каб не кiнуцца i расцалаваць яе, такую простую, родную Маленькую Ластачку.
— Вядома, я не пайду, нiкуды не пайду без цябе!
Яна зноў стала дарагой i любай. Але мне захацелася крыху напужаць яе. Мы селi, што робiм рэдка, i некаторы час сядзелi моўчкi.
— Як адчувае сябе чалавек, якога запрасiлi ў госцi, прыласкалi яго, а потым далi ў спiну добрага тумака? — запытаў я.
— Дрэнна, думаю! — засмяялася яна. — А к чаму гэта тут?
— А яшчэ горш, — працягваў я, — адчувае сябе чалавек, атрымаўшы пасля ласкi душэўнага тумака. Яго запрасiлi ў госцi, прыласкалi... — i я пачаў казаць ёй многа ў гэтым прыкладна дусе. Яна спачатку прынiмала за чысты жарт, а я заварочваў твар, каб не выдаць сябе. Наканец я ўбачыў, як яна пасур’ёзнела i цiха сказала:
— Ты, па-мойму, на Астроўскага не ў госцi ходзiш! — пры гэтым зрабiла нацiск на слове “Астроўскага”. Яе наiўны i бязвiнны тон заставiў мяне зноў кiнуцца i расцалаваць яе. Як я не магу трымаць сябе!
Хвiлiн некалькi iшло ўсё добра, але раптам я адчуў апатыю, пустату. Iдучы, казалася, нават i паветра было высасана i з надворку давiла на пустату. Такiя хвiлiны паўтаралiся i раней. Гэтаму прычынай заўсёды служылi думкi, мары. На гэты раз таксама паслужыла думка: я падумаў, уявiў сабе, як гэта маленькае чыстае цела, якое ласкава абдымаю я, будзе душыць нейкi вярзiла, якога яна назаве “мужам”. Я не адчуў рэўнасцi, я адчуў другое, магчыма гэта другое — вышэйшы лiмiт рэўнасцi, — я адчуў душэўную пустату, адчуў, не, уявiў толькi сябе, ласкавага i эстэтычнага, абдураным.
— Мне цяжка, Маша! — шчыра прызнаўся я, баючыся хаваць сваю апатыю.
Яна паверыла i ласкава паклала руку на плячо.
— А чаму?
Яе спачуванне вельмi тронула мяне. Слёзы крыўды, злосцi, рэўнасцi — i ўсяго ўмесце горкiм комам душылi горла.
— А як цяжка бывае! Я i не ведаў! — услух падумаў я. I сапраўды бывае вельмi цяжка, я не ведаў яшчэ нiколi такога становiшча. Цiкава тое, што праз дзесяць хвiлiн ад усяго гэтага не засталося i следу. Маша не верыць, а мне смешна становiцца. Развiталiся шчыра i весела. Я хутка пакрочыў ад ганку, i, магчыма, гэта хуткасць паказалася ёй падазронай. Крокаў у трыццацi яна астанавiла мяне.
— Iдзi адчынi мне дзверы!
Я пайшоў назад.
— А ты?
— Я не магу адчынiць дзвярэй.
Я падышоў i ў неўзаметку павярнуў ключом — дзверы адчынiлiся. Нiчога цяжкага i складанага не было.
— Дзякую! — цiха сказала яна.
Я моцна пацiснуў ёй руку яшчэ раз, але не пацалаваў. Сваiмi душэўнымi капрызамi, жартамi я да немагчымага хвалюю яе. Яна i так пазмагалася нямала сама з сабой, яна бляднее з кожным днём, а тут яшчэ я са сваiмi дурацкiмi жартамi. Мне кажацца, што нават i гэту характэрную апатыю трэба было прамаўчаць.
13 красавiка 1939 г.
Дрэнна вучыцца цеплатэхнiка. Я ведаў, што менш як на тройку я не здам i не вучыўшы, i вучыў з “халадцом”, не прыдаючы асаблiвага значэння адзнацы. Але раптам мне захацелася здаць усе прадметы не нiжэй, чым на “добра”, i я зараз вылажу з скуры i вучу, вучу ўпарта i чэсна, цiкаўлюся ўсякай падрабязнасцю.
...Хадзiў на спатканне. Маша выйшла i была спачатку сумная, недатычная, але потым вясёлая i ласкавая, як звычайна. Гутарылi аб маёй аповесцi “Маладое жыццё”. Я расказаў ёй план пераработкi аповесцi. Яна адобрыла яго. Закранулi пытанне аб чэснасцi дзяўчат. Я заўважыў, што далёка не ўсе дзяўчаты выходзяць замуж чэснымi. Яна здзiвiлася i супярэчыла. Сур’ёзнае аднак пытанне! Хочацца разарваць сябе на кавалкi за думку, што такая дзяўчына, як Маша, не захавае, не ўсцеражэ сваёй дзявочай чыстаты. А я чытаў брашуру прафесара аднаго i ён пiша, што палавое цягаценне бывае такое вялiкае ў жанчын, што самыя пяшчотная, эстэтычная дзяўчына, даходзiць да страшэннай агiднасцi; i там жа прыгаданы намёк на колькасць чэсных дзяўчат, — зусiм мiзэрнасць iх. Чорт яго ведае, часам ведаць многае вельмi дрэнна! Гэта прастое на першы погляд пытанне ў маёй галаве ўзвiхрыла вiхуру думак, другiх пытанняў.
...Я пачаў гутарку аб Валодзi. Яна зараз жа зрабiлася сумнейшая, апусцiла вочы i маўчала. Вiдавочна, яна нiяк не забывае яго, калi зусiм не кахае. Але маўчыць. Навошта яна маўчыць? Так яскрава паказвае сваю прывязанасць да яго, а маўчыць. Яна так размалявала яго ў кароткiх выклiчах, што ён мне падабаецца i вельмi нават. Калi б яна асталася яго, пайшла да яго, я, здаецца, перанёс гэта лягчэй, чым, калi б яна пакахала i аддалася каму-небудзь другому. Хоць, вядома, i тое i другое — цяжка для мяне! Пасля размовы аб Валодзi яна раптам папрасiла мяне не думаць аб ёй, як аб жанчыне. Наiўна, проста, дзiўна i адначасова i смешна i вызывае хваляванне, спалох... Няўжо яна сустракаецца са мной, каб губiць дарма час, забаўляцца са мной балбатлiвым, але не глупым летуценнiкам, пачынаючым паэтам — i ўсё?.. Вядома, не! Усё гэта адпадае! Хутчэй усяго ёй самой страшны гэтыя думкi, бо ж недарма кажуць, што чэснай дзяўчыне здаць экзамен на жанчыну, на мацi занадта цяжка, цяжэй за ўсё ў жыццi, таму яна i мне прапануе не думаць аб ёй, як аб жанчыне. Як гэта добра! Мая мiленькая, маленькая Ластачка, я зусiм i не думаю цяпер аб гэтым, нiколi не думаю, але я думаю аб табе, як аб самым найлепшым другу жыцця ў будучым, як аб цудоўнай мацеры майго дзiцяцi, — i малюю цябе i наша будучае самымi яркiмi, прыгожымi фарбамi. Я клянуся ўсiм, што каб гэта залежала поўнасцю ад мяне, я б ... Я не канчаю, я не падабраў добрых слоў, прыгожых слоў, проста i каротка: ты была б маёй!
Так думаў я, i прыкладна так я сказаў ёй.
Потым размаўлялi аб веры чалавека i ў чалавека. I мне страшэнна раптам захацелася ёй што-небудзь сказаць няпраўды, але не схлусiць, а толькi пажартаваць. I я сказаў, што аднойчы “надуў” медыкаў, i яны далi мне даведку, зусiм здароваму, аб хворасцi страўнiка. Яна паверыла i мне стала нядобра разаблачаць сябе. Я ж нiколi не думаў, што яна паверыць. Цяпер сорамна, што я схлусiў ёй.
15 красавiка 1939 г.
Iшоў па вул. Астроўскага. Як любы i мiлы мне на ёй лiловыя прысады! Чамусьцi ўспомнiлася восень. Жоўтае лiсце шумела пад нагамi. Маленькая дзяўчынка выбягала з дома i я хадзiў з ёй i не кахаў тады яе. Як смешна ўспамiнаць пра тое! Цяпер, мне кажацца, Маша значна   падрасла, хоць асталася Маленькай Ластачкай. I як я кахаю яе цяпер! У канцы Астроўскай каля пуцi спаткаў Олю i Вiсловуса, яны стаялi i вясёла размаўлялi. Крыху пастаяў з iмi. Разглядаў Олю. I як не падабалася яна мне! Маю ўвагу прыцягнула дзiрачка ў адным яе зубе. Чым больш я глядзеў на яе, тым, здавалася, яна больш разрасталася, чарнела...
...Вечарам змораныя ад “зуброжкi” пачалi ўспамiнаць дзяцiства, вёску, завязалася размова аб птушках.
...Завязалася спрэчка па цеплатэхнiцы. Сталi праглядаць, выясняць нявырашаныя пытаннi. Але прышоў Кабат i пачаў размову аб класiфiкацыi жанчын i чорт ведае аб чым яшчэ. Я выйшаў у суседнi пакой, каб не чуць такой агiднасцi. Як мне не падабаецца, калi аб жанчыне, аб гэтым прыгожым пекным стварэннi так дрэнна, па-жывёлiнаму разважаюць.
Чорт яго ведае, што ў мяне за любоў да Машы! Я прабаваў сiлком заставiць сябе падумаць аб ёй, як аб жанчыне, прыставiць яе на ложку з сабой — i не выходзiць, зусiм не думаецца так. Малюецца ўсё гэта ў такiх чароўных фарбах будучага жыцця, што я нават у фантастычных раманах аб такiм жыццi не чытаў. Я прыстаўляю, як вазьму яе на рукi, вазьму цяжарную, хуткую мацi маёй дачуркi, i буду насiць i качаць; прыстаўляю як яна пяшчотна будзе калыхаць дзiця, а я ва ўсiм буду дапамагаць ёй, усё буду рабiць за яе, каб аблегчыць яе клопаты.
Праўда, разоў некалькi я ўявiў сабе момант зараджэння таго дзiцяцi, але вельмi не яскрава. Гэта мне здаецца больш грубым за ўсё астатняе, а таму мне i не хочацца думаць аб гэтым.
...Заўтра здаваць цеплатэхнiку. Адчуваю здзiўляючую спакойнасць.
18 красавiка 1939 г.
У шэсць гадзiн пайшоў на лiтаратурную кансультацыю. Дырэктар лiтаратурнага факультэта Кушнер рабiў абзор вершаў Кавалёва. Крытыкаваў здорава, гаварыў аб вучобе маладых аўтараў яшчэ сiльней.
Не даседзеўшы да канца, пабег на спатканне. Бег хутка, задыхаўся — i спазнiўся: Маша даўно ўжо чакала. Сустрэла ласкава i пяшчотна. Пахадзiлi з гадзiну — i пайшоў дождж. Дробны, але густы, як праз сiта, сеяўся на зямлю цёплай вiльгаццю. З паўгадзiны стаялi на iх карыдоры, пад прыкрыццем карыдорнага сводзiка. Я цалаваў яе, цалаваў громка — i яна не саромелася, што з дому могуць падслухаць. Цiкавая рэч — чым больш я цалую яе, тым больш хочацца цалаваць i цалаваць. Мне асаблiва падабаюцца пацалункi ў яе пяшчотную шыю. Так добра ўпiвацца губамi ў яе цела! Цяжка падумаць, што праз некалькi дзён я не буду мець магчымасцi цалаваць яе, маю маленькую Ластачку! О, як цяжка падумаць аб гэтым!
19 красавiка 1939 г.
Бачыў “Ленiн у 1918 годзе”. Плакаў, як дзiця, асаблiва з моманту, калi над раненым Iльiчом плакаў Горкi.
...Дрэнна вучыцца тэхналогiя. Вельмi многа думаю аб Ластачцы — i нiчога не раблю.
22 красавiка 1939 г.
Тэхналогiю ўчора ледзь не правалiў — ледзь-ледзь вылiзнуў на чацвёрку.
...Рабяты згуртавалi выпiўку, каб “замачыць два найцяжэйшыя прадметы”, якiя здалi. Я адмовiўся прынiмаць удзел, пакiнуў iх i накiраваўся ў iнтэрнат. Калi звярнуўся, застаў усю тройку ў “кiрпiчыну п’янымi”, як выражаюцца яны ж; Самацветаў нарваў на стол, на падлогу i спаў “без заднiх ног”, Кабат i Хронаў хадзiлi, прытрымлiваючыся за сценкi i iншыя рэчы...
...Выйшаў, каб iсцi на спатканне. У твар секануў цёплы дождж i палiў буйнымi струменчыкамi. Паставiўшы каўнер тужуркi, пайшоў. Хадзiў па Астроўскай, а дождж не пераставаў. Я сцiскаў кулакi ў злосцi i гразiў цёмным, нямым воблакам, якiя лянiва плылi з захаду. Выйшла Маша...
— У-у! Якое безабразiе! — узлавалася яна, i мне стала лёгка ад таго, што дождж i яе злiць, што i яна хоча быць са мной.
— Ён перастане, Маша, — запэўнiў я.
I сапраўды, праз некалькi хвiлiн дождж перастаў. Устанавiлася цёплая, воблачная пагода. Мы хадзiлi i размаўлялi, громка, як звычайна, i, як звычайна, вельмi вясёла. Выйшлi к пуцi, i тут я асаблiва прагна стаў цалаваць яе.
— Я цябе ўсё роўна не пацалую! — пажартавала громка яна. У гэты час iшлi нейкiя два iдыёты, — адзiн выклiкнуў бульварную агiднасць. Мяне абдала, як кiпятком. Я не ведаў, што рабiць. Аналiзiруючы цяпер, я помню толькi адно: што калi б меў рэвальвер, без сумнення з радасцю дзiкара выпалiў бы абойму яму ўдагонку. I мне зараз страшна ад гэтага — я першы раз падумаў аб умярцвеннi чалавека. Першы раз!.. Нiколi яшчэ злосць на другога чалавека не даходзiла да такой велiчынi. Я стаяў, апусцiўшы вочы i сцiскаючы кулакi.
— Кiнь, гэта глупасцi! — абудзiў мяне голас Машы. (Не помню, магчыма, я гаварыў ёй што). Я паглядзеў на яе: яна была спакойная, i мне стала неяк сорамна перад ёй i радасна за яе. Магчыма, i праў Плос, калi пiша, што ўсё тое, што вызывае ў мужчыны непамерную агiднасць, у жанчыны — толькi невялiкую брэзглiвасць. I я лiчу гэта не дрэннай якасцю жанчыны!
...Не помню, як перайшлi на тэму аб зберажэннi, захаваннi кахання i дружбы.
I вядома, яна не злавалася.
На маё запытанне, цi будзем мы разам, адказала адмоўна.
— Але гэта залежыць ад нас самiх. Але толькi не ад мяне. Я так жадаю гэтага, — сказаў я.
— Але ж гэта не залежыць i ад мяне.
Дзiвачка, яна думае, я здольны абдурыць яе, разлюбiць.
Я так жадаю бачыць яе сваёй!
Сёння дома — у Каменi.
26 красавiка 1939 г.
Вучыў машыназнаўства. Добра вучыў, а даецца дрэнна, вельмi дрэнна. Пад вечар разбалелася галава. Выйшаў, пагуляў i накiраваўся да рабят на вулiцу Льва Талстога. Доўга жартаваў з Лiтвiнавым, Раманенкам, адказваў на пытаннi Лаўрыновiчу. Выйшаў i накiраваўся дамоў. Iшоўшы падумаў, што магу сустрэць Ластачку. Узрадаваўся i пакрочыў хутчэй. Перайшоў пуць i здзiўлена астанавiўся: наперадзе громка гаварыла яна.
Iшлi ўдзвюх: яна i Маруся Малчанава.
Паказаўся поезд. Малчанава перабегла на той бок пуцi i пакуль доўгi таварны састаў мiльгануў апошнiм вагонам — яе не было. I мы пайшлi ўдвух, дамовiўшыся, што будзем усяго адну гадзiну. Маша была без палiто, без платка. Прыгожыя яе, прыродна-завiтыя пасмы валос шавялiў пяшчотна вецер. I яна выглядала такой маленькай, але такой прыгожай i добрай, была вясёлай i ласкавай. Я абняў яе, i яна прыцiснулася пяшчотна да мяне, я моцна пацалаваў яе ў шыю i зараз жа адхiлiўся, адчуваючы, што губляю ўладанне над сабой: я ледзь не падхвацiў яе на рукi i не пакрыў твар, рукi, грудзi дзесяткамi пацалункаў.
Размаўлялi аб вернасцi.
— Я нiколi не абману цябе! — ласкава сказала яна.
I я нiколi не абману яе! — заяўляю я сабе, заяўляю ўсiм. Мы, мы з ёй, дакажам, як можа любiць наша моладзь, наша перадавая, развiтая, начытаная моладзь. Маша, мiлая! Мы будзем любiць друг друга, будзем моцна любiць, як яшчэ не любiў нiхто!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter