Пуцёўку на “Славянскі базар” атрымалі Ягор Шаранкоў і Марыя Магільная

Сіла голасу

Менавіта гэтыя артысты сталі лепшымі па выніках адборачных тураў на XXVI Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні і XV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2017”. Кожны з рабят ужо мае нядрэнны вопыт выступленняў на музычных спаборніцтвах розных узроўняў, таму і прадстаўляць родную краіну на “Славянскім базары” настроены рашуча і пазітыўна.

 
Ягор Шаранкоў
 
Марыя Магільная
Марыі Магільнай усяго 12 гадоў. Аднак артысткай дзяўчынка адчувае сябе даўно. З чатырох гадоў яна займаецца вакалам, з шасці вучыцца іграць на фартэпіяна. Пэўны час займалася народнымі танцамі, але сёння больш сканцэнтравана на адточванні вакальнага майстэрства. Цікава, што песні Марыя не толькі выконвае, але і піша. На дзіцячым музычным конкурсе ў Віцебску яна плануе выканаць адну са сваіх аўтарскіх песень — “Душы так хочацца святла”. Сёння юная зорачка займаецца ў арт-студыі “Анёлы дабра” ў родным Магілёве, шмат выступае на конкурсах і фестывалях, у тым ліку і ў нацыянальным адборы на дзіцячае “Еўрабачанне”. Яна верыць, што ўдзел у “Славянскім базары” стане добрым трамплінам у яе кар’еры.

Карысным папаўненнем у конкурснай скарбонцы стане выступленне на віцебскай сцэне і для 19-гадовага Ягора Шаранкова са Светлагорска. Нягледзячы на малады ўзрост, хлопец паспеў заявіць пра сябе не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, ён зараз змагаецца за перамогу ў папулярным праекце “Голос країни” ва Украіне. Хлопец верыць, што рознага кшталту конкурсы дапамагаюць атрымаць новы карысны і цікавы вопыт, таму з радасцю прымае ў іх удзел.

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter