Новасібірскі цэнтр беларускай культуры святкаваў 15-годдзе з Лявонам ды Лявоніхай

Шырокае кола родных людзей

Новасібірскі цэнтр беларускай культуры святкаваў 15-годдзе з Лявонам ды Лявоніхай


Да юбілею зняты нават дакументальны фільм “Беларускай культурай зачаруем Сібір!”: невялікі, але адлюстроўвае асноўныя падзеі ў жыцці цэнтра. Згадваюцца тыя, хто стаяў ля вытокаў беларускага руху ў Сібіры, хто актыўны ў ім і цяпер. Створаны ў 2000-м паводле пастановы кіраўніка Адміністрацыі вобласці як бюджэтная ўстанова, цэнтр вядзе плённую працу па адраджэнні, захаванні, развіцці беларускай нацыянальнай культуры. Цяпер у яго 16 філіялаў, яны — заўсёды на сувязі. Ад цэнтра ідзе праз філіялы дапамога самадзейным гуртам: метадычнай літаратурай, рэпертуарам, ладзяцца семінары па народных рамёствах з прыцягненнем майстроў, курсы па беларускай мове...




Цэнтр з філіяламі можна параўнаць з моцным колам родных людзей, якое асабліва прыгожае ў святы, фэсты. Тады гэта ўжо феерверк, песенны і танцавальны, які прыцягвае гасцей з усяго Сібірскага рэгіёна. І бусел, імя якога носіць традыцыйны фэст дзіцячай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”, “далятае” нават да суседняга Казахстана. З беларусамі Паўладара новасібірцы абменьваюцца творчымі гуртамі. Па многіх раёнах вобласці вандруюць і Лявон з Лявоніхай, персанажы беларускага фальклору. Гуляючы, ненавязліва гавораць пра вечныя каштоўнасці: узаемавыручку, добрасуседства, нормы паводзін. А сёлета традыцыйны восеньскі фэст “У гасцях у Лявоніхі” супаў з юбілеем НЦБК. З’ехаліся лепшыя гурты з вобласці ды і больш далёкія. У фае Палаца культуры Кастрычніцкай рэвалюцыі шумеў беларускі кiрмаш. Народныя ўмельцы выставілі вырабы з дрэва, керамікі, саломкі, былі майстар-класы ды смакаванне беларускіх страў. Дарэчы, нядаўна ў Новасібірску была выстава-кірмаш харчовых і прамысловых тавараў з Беларусі, новасібірцы высока ацанілі іх якасць. І на фэсце дранікі, іншыя адметныя стравы былі нарасхват. Весялілі народ і Лявон з Лявоніхай.  

І гучала ў тым свяце, мне падалося, нота светлай тугі: бо ўпершыню не было на ім галоўнага арганізатара, нязменнага кіраўніка цэнтра Ніны Кабанавай. Светлая ёй памяць. Болем і смуткам адгукнулася ў сэрцах усіх, хто ведаў яе, вестка пра трагічную смерць. Яна ж яшчэ актыўна рыхтавалася да юбілею, падахвочвала задумамі супрацоўнікаў... Памятаем яе як чалавека, адданага нацыянальнай беларускай ідэі. Ніна Васільеўна мела вялікі талент аб’яднаць усіх, хто неабыякавы да культуры беларусаў. І ўсе, хто з ёй меў зносіны, помняць яе шчодрасць, гасціннасць, дабрыню.


У Новасібірску — беларускі кірмаш

Мы атрымалі розныя афіцыйныя віншаванні з юбілеем, і ва ўсіх — высокая ацэнка працы цэнтра, дзейнасці яго кіраўніцы, цяпер ужо былой. Мэр горада Анатоль Локаць у вітальным пасланні падзякаваў цэнтру за наладжванне цеснага супрацоўніцтва з Мінскам, горадам-пабрацімам Новасібірска. Праз цэнтр пачалося актыўнае і плённае супрацоўніцтва з Пасольствам Беларусі ў Расіі, з Міністэрствам культуры Беларусі, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, Домам народнай творчасці Магілёўскай вобласці, Беларускім таварыствам па сувязях з суайчыннікамі “Радзіма”. Ёсць кантакты з Інстытутам культуры Беларусі, беларускімі грамадскімі суполкамі Расіі, у тым ліку Алтая, і Казахстана. Ніна Кабанава ўваходзіла ў Кансультатыўны савет пры Мінкультуры Беларусі з 2010 года, а сёлета ўвайшла ў падобную структуру пры Міністэрстве замежных спраў. У маі яе абралі членам Савета ФНКА “Беларусы Расіі”, яна ўваходзіла ў Савет па міжнацыянальных адносінах пры губернатары Новасібірскай вобласці. Сярод яе ўзнагарод — медаль Францыска Скарыны — прызнанне заслуг ад Маці-Беларусі. І калі на свяце прагучала прапанова ўшанаваць памяць Ніны Васільеўны мінутай маўчання, устала ўся вялікая зала: новасібірцы добра ведалі яе, як ведаюць добрыя справы цэнтра, які значна ўзбагачае культурную палітру шматнацыянальнага горада.

Былі на фэсце падарункі цэнтру, падзякі за запрашэнне: ад артыстаў з Казахстана, Томска, іншых гарадоў. Беларускую песню шчымліва праспявала 8-гадовая Сонечка, унучка Ніны Васільеўна. Бабуля старанна далучала яе да беларускай культуры, не раз вазіла ў Беларусь. Так што жыццё прадаўжаецца. Шмат добрых слоў, пажаданняў гучала ў адрас супрацоўнікаў цэнтра: Анжалікі Нясцёркінай, Крысціны Карпавай, Анастасіі Трубянковай — яна выконвае абавязкі кіраўніка. Насцю ўжо ведаюць як салістку цэнтра, удзельніцу шматлікіх міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў. Ніна Васільеўна і выхоўвала яе ў беларускім духу, бачачы сваёй пераемніцай. Спадзяемся, нялёгкая кіраўнічая ноша таксама будзе Насці пад сілу.

А цяпер паслухаем, што кажуць пра фэст, пра тое, што значыць у іх жыцці беларуская культура, супрацоўнікі цэнтра і тыя, хто пастаянна звязаны з ім творча.


Фінал канцэрта у гонар 15-годдзя Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Анастасія Трубянкова, якая выконвае абавязкі кіраўніка НЦБК, член савета Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў:


“Дзень Юбілею — свята асаблівае, доўгачаканае. Атрымалася насычаным, яркім і запамінальным. Вельмі складанай была падрыхтоўка без нашай Ніны Васільеўны, але мы справіліся. Дзякуй усім, хто дапамагаў яго правесці. Дзякуй усім, хто прыйшоў і падтрымаў нас у гэты дзень. Гэта — першае буйное мерапрыемства без Ніны Васільеўны, але ўсе яе традыцыі мы маем намер прадаўжаць: будзем зберагаць і пашыраць нацыянальную культуру беларусаў”.

Анжаліка Нясцёркіна, бухгалтар НЦБК:

“На фэсце мы ўвасобілі ўсе задуманыя планы, ідэі: удалося правесці грандыёзнае свята з поўнай гля-дзельнай залай. Цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што ў нас усё атрымалася. Вельмі прыемна, што жыхары горада цікавяцца беларускай культурай. Падобныя святы ўсіх нас збліжаюць, мы адчуваем сваю крэўную і духоўную роднасць — а гэта і ёсць, пэўна, галоўнае, дзеля чаго ўвогуле існуе народная культура. І наш цэнтр таксама”.

Крысціна Карпава, арт-менеджар НЦБК:

“Для мяне Беларускі цэнтр — як новая старонка ў творчым жыцці. Цікава далучыцца да дзейнасці арганізацыі, якая 15 гадоў актыўна развіваецца, прыхінае сотні людзей да беларускай культуры. На фэсце “У гасцях у Лявоніхі” пануе цёплая, душэўная атмасфера. Усім цікава! Хочацца далей так працаваць, каб Беларускі цэнтр квітнеў, прыцягваў да сябе яшчэ больш таленавітых энтузіястаў, актывістаў, асабліва маладых — бо тады ў яго будзе перспектыва, будучыня”.

Людміла Кашчэева, мастацкі кіраўнік тэатра народнай песні “Вясёлка”:

“Калектыў тэатра ўжо 13 гадоў разам з НЦБК. Моцна сябруем, разам вывучаем і пашыраем народную песенную творчасць беларусаў. Правялі шмат канцэртаў і абрадавых спектакляў — разам з цэнтрам. У 2012-м калектыву прысвоена званне “узорны”. Удзел у мерапрыемствах цэнтра для дзяцей-“вясёлкаўцаў” заўсёды вялікая радасць: тут — увага і разуменне, падтрымка і любоў да іх творчасці. Вельмі любіла і цаніла юных артыстаў і тых, хто павырастаў, Ніна Васільеўна. І “вясёлкаўцы”, як кажуць, плацілі ёй узаемнасцю, яе па-ранейшаму памятаюць і любяць. Мы з радасцю далучыліся да фэсту “У гасцях у Лявоніхі”: гэта даніна павагі беларускаму народу, яго культуры, а сёлета яшчэ і даніна памяці Ніне Васільеўне Кабанавай. Пяць артыстаў тэатра адкрывалі свята, у зале былі іх бацькі, дзядулі, бабулі, іншыя родзічы. Сярод іх нямала беларусаў, многія — даўнія прыхільнікі беларускай культуры, песні, таму іх нашчадкі і ў “Вясёлцы”. У рэпертуары ў нас мора беларускіх песень. Спяваюць і малыя дзеткі, і ўжо студэнты ВНУ. Маем намер і надалей цесна супрацоўнічаць з НЦБК: працаваць, ствараць прыгажосць на карысць міру і згоды паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў” .

Ірына Дубаграева, мастацкі кіраўнік ансамбля “Крынiчка”:

“Творчая супраца з НБКЦ — гэта, пэўна, самая незабыўная і яркая старонка ў маім сцэнічным жыцці. Тут нарадзіўся мой вакальны ансамбль, як і “Азарычы” — інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Анатоля Амелічкіна. Моладзевы запал, нястомная творчая энергія выканаўцаў дапамагалі мне самой спасцігаць высокую мудрасць і прыгажосць народнай культуры, разумець і даваць новае жыццё каштоўным, старадаўнім узорам народнай музычнай культуры беларусаў. Нямала павандравалі мы па Новасібірскай вобласці, былі ў Цюмені, Беларусі. Дзякуючы этнаграфічнай экспедыцыі па Северным і Кыштоўскім раёнах сабралі зборнік “Голос предков зовущий”, выдадзены цэнтрам. Па слядах экспедыцыі, паездак па Беларусі, навеяных новымі ўражаннямі, з вялікай любоўю быў створаны аўдыёзборнік “Крынiчка”. У яго ўвайшлі апрацоўкі народных беларускіх песень, іх мінусавыя фанаграмы. Шчырая і простая, незвычайна музычная і чыстая народная культура здольная абудзіць у чалавеку сапраўдную любоў да сваёй радзімы, пачуцці ўдзячнасці і павагі, дапамагае ўсвядоміць сябе самога. Пранізлівая лірыка, гарэзлівыя танцы, невычэрпны гумар — усё гэта ёсць у беларусаў, і гэта кранае сэрцы. Я шчаслівая, што ў мяне і маіх вучняў былі цесныя зносіны з гэтай культурай, што мы змаглі паглыбіцца ў яе сутнасць і ўсвядоміць сябе — часткаю цэлага. Пачуццё вялікай удзячнасці і павагі за творчыя гады, праведзеныя ра-зам, выказваю Ніне Васільеўне: за яе шчырасць і неўтаймоўную энергію. Нізкі Вам паклон і светлая памяць!

Наталля Адзінокава, член савета Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў, дацэнт кафедры лагапедыі і дзіцячай мовы Інстытута дзяцінства Новасібірскага дзяржпедуніверсітэта:

“Больш за 20 гадоў таму дом па вуліцы Ламаносава адчыніў дзверы для тых, каму давялося з’ехаць з роднай Беларусі: па абавязку службы, па размеркаванні пасля ВНУ, вучыцца, працаваць... З Нінай Васільеўнай мы там і сустрэліся. Яна прыцягнула да сябе ўвагу, вылучалася вясёлым норавам, усмешкай, беларускай гаворкай, жаданнем усіх накарміць сваімі прысмакамі. А як стала дырэктарам НЦБК, то ўмела бачыць усіх і кожнага асобна — каб надаць увагу, пагаварыць, распытаць, дапамагчы. Яднанне людзей, улюбёных у беларускую культуру, мову, традыцыі, стала адным з важных напрамкаў яе жыцця, нават справаю жыцця. Песні тут заўсёды любілі ўсе, нават тыя, што спяваць не ўмелі. А як узнік гурт “Крынiчка”, пачалі шукаць дзяцей для яго. Мая ж прафесія такая, што з імі шмат даводзіцца кантактаваць. Гутарыла з бацькамі дзяцей, з якімі працавала, на тэму беларускага зямляцтва, — вось і з’явіліся адны з першых кандыдатаў у “Крынiчку”. Цяпер яны — моцныя студэнты Новасібірскага дзяржпедуніверсітэта.

Увогуле, каму ж, як не юным і маладым, удзельнічаць у розных святах, форумах, фэстах! Гэта ж ім трэба зберагаць і прымнажаць традыцыі бацькоў. Да юных талентаў Ніна Васільеўна ставілася асабліва беражліва. А яе гасціннасць, цікавыя аповеды пра зямлю Бацькаўшчыны, частаванне нацыянальнымі стравамі, такімі, як дранікі, бабка, мачанка, памятаюць многія. Запрашала студэнтаў Інстытута дзяцінства НДПУ на розныя імпрэзы, і тое стала традыцыяй. Прыходзілі тыя, каму цікавая Беларусь, нашы песні, танцы, мова, хто жадаў дакрануцца да таямніц узораў на касцюмах, авалодаць сакрэтамі беларускай кухні, спазнаць вытокі і абрады старажытнага свята Купалля... Студэнты ўдзельнічалі ў розных канцэртах, сустрэчах з ветэранамі, святах, прысвечаных Дню горада, у  фестывалі “Славянскі падворак”. А мы паступова падключалі моладзь да вучэбнай, навукова-даследчай, практычнай дзейнасці, наладжваючы кантакты з калегамі з Беларусі. З 2009-га нашы студэнты ўдзельнічаюць у алімпіядзе па карэкцыйнай педагогіцы і спецпсіхалогіі, якую арганізуе і праводзіць факультэт спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка. Заключаны дагавор аб навукова-метадычным супрацоўніцтве паміж ВНУ, новасібірцы завочна ўдзельнічаюць і ў штогадовых мінскіх студэнцкіх канферэнцыях. Ім прыемна атрымліваць заслужаныя дыпломы (нават за 1 месца!), падзячныя лісты і сертыфікаты. Ёсць тыя, хто з велізарным жаданнем, захапленнем хоча даведацца: чым і як жыве студэнцкая моладзь Беларусі, дакрануцца да гісторыі, культуры, гераічнага мінулага беларусаў. І мне ж таксама вельмі цікава бываць на сваёй любімай Радзіме ў родным Мінску, прайсціся па месцах свайго студэнцтва.

Нечаканая і шчымлівая сустрэча была на нядаўнім фэсце. У фае Палаца культуры падбеглі да мяне хлопцы і дзяўчаты і, перабіваючы адзін аднаго, з гонарам абвяшчаюць: яны беларусы! Я спачатку не зразумела, падумала, з казахстанскага Паўладара. А яны — новасібірцы, студэнты-першакурснікі, і мяне таму пазналі, што я... іх выкладчыца! Мы былі вельмі радыя адзін аднаму: мы ж супляменнікі! І аб’яднала нас якраз юбілейная сустрэча”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter