
— Доўгія гады мы карысталіся двума апрабаванымі метадамі ўтылізацыі такой гумы. Напрыклад, адходы спальваюць на цэментных заводах у якасці паліва. Але ёсць мінус — калі не ўстанавіць спецыяльныя магутныя фільтры, то працэс гэты шкодны. Калі шыны спальваюць у печах, пры іх гарэнні ўтвараецца значная колькасць аксідаў серы. Яны ўзаемадзейнічаюць з атмасфернай вільгаццю і могуць стаць прычынай кіслотных дажджоў.
Ад старых пакрышак таксама пазбаўляюцца з дапамогай спецыяльнай тэхналогіі драбнення. Каб атрымаць з шын нешта карыснае, іх перамолваюць, ператвараючы ў гумовую дробку. З яе вырабляюць пакрыцці для спартыўных стадыёнаў і дзіцячых пляцовак, розныя дыванкі. Таксама дробку нярэдка дадаюць у асфальт, каб палепшыць яго якасныя характарыстыкі. Праўда, колькасць гуматэхнічных адходаў у нашай краіне значна перавышае патрэбы ў гумовай дробцы. Унутраны рынак можа быць насычаны ўжо пры перапрацоўцы 10—15 працэнтаў аб’ёму такіх адходаў. Ігар Хведчын заўважае, што неабходнасць прымянення новага сучаснага метаду перапрацоўкі шын наспела ўжо вельмі даўно:
— Распрацоўваць новы спосаб утылізацыі пакрышак мы пачалі яшчэ каля 20 гадоў таму. Вучоныя інстытута ўшчыльную заняліся працэсам тэрмолізу. Гэта раскладанне гумы без доступу кіслароду пры тэмпературы 500—600 градусаў. І вынікі прыемна парадавалі.
Так, гума ад шын раскладаецца на тры кампаненты. З адной тоны адходаў можна атрымаць да 400 кілаграмаў тэхнічнага вугляроду, да 400 кілаграмаў вадкіх вуглевадародаў — па характарыстыках яны блізкія да пячного паліва, мазуту, лёгкай нафты. Таксама выдзяляецца каля 150 кілаграмаў гаручага газу, які непасрэдна ўдзельнічае ў самім працэсе перапрацоўкі шын — выкарыстоўваецца для іх нагрэву. Атрыманы газ цалкам спальваецца для атрымання энергіі, неабходнай для працэсу тэрмолізу.
Тэхналогія абаронена патэнтамі, іх каля 10 на розныя элементы распрацоўкі. Перапрацоўку шын такім метадам паспяхова апрабавалі на невялікай мабільнай устаноўцы з прадукцыйнасцю 200 кілаграмаў у гадзіну. Абсталяванне размясцілі на базе грузавіка МАЗ, таму перапрацоўваць адходы стала магчымым па ўсёй краіне. Да таго ж цуд-машына не раз калясіла за мяжу, дзе сваёй працаздольнасцю і характарыстыкамі заваявала ўвагу многіх. Спецыялісты з розных краін прызналі распрацоўку беларускіх вучоных адной з самых эфектыўных у пытанні перапрацоўкі старых шын. З’явіліся сур’ёзныя заказы.
— Спачатку Тайвань прапанаваў зманціраваць такую ўстаноўку на адным з найбуйнейшых заводаў — ім спатрэбілася прадукцыйнасць двух рэактараў па 750 кілаграмаў у гадзіну. Сур’ёзная прапанова паступіла і ад Францыі — заказалі распрацаваць абсталяванне з магутнасцю дзве тоны ў гадзіну, — расказвае Ігар Хведчын.
Читайте также
Вучоны адкрывае мультымедыйны альбом, каб наглядна паказаць мне прынцып працы новага для нас метаду перапрацоўкі шын. На экране незвычайная машына, якая чымсьці нагадвае мясарубку і каштуе сотні тысяч еўра. Яна ў лічаныя секунды дастае з пакрышкі металічны корд і тут жа «з'ядае» старую шыну. Старанна перамолвае, сячэ на дробныя «чыпсы». Затым горы здробненай гумы праходзяць спецыфічную тэрмаапрацоўку. На выхадзе атрымліваецца новы тавар, які можна выкарыстоўваць у прамысловасці або прадаць. Дарэчы, на ўжо дзеючым французскім заводзе за адну тону тэхнічнага вугляроду выручаюць 600 еўра, такі ж аб’ём піролізнай вадкасці цягне на 150—200 еўра. Нядрэнны заробак з адходаў!
Сучасны метад — гэта выдатны спосаб пазбавіцца ад непатрэбнай гумы, а заадно атрымаць альтэрнатыўную крыніцу энергіі і прыток замежнага капіталу. Дарэчы, распрацоўка нашых вучоных дапаможа вырашыць і іншыя праблемы: па той жа тэхналогіі можна перапрацоўваць іншыя палімерныя адходы. Да прыкладу, з лёгкасцю ўтылізаваць пластыкавыя бутэлькі, упакоўкі з поліэтылену, плёнкі, корпусы розных відаў тэхнікі, аконныя профілі і многае іншае.