Традицию ткачества ветковской деревни старожилы не забыли, а энтузиасты подхватили

Шыфры неглюбскiх ручнiкоў

Традыцыю ткацтва веткаўскай вёскі старажылы не забылі, а энтузіясты падхапілі. Як вынік — вырабы набылі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі


УПЕРШЫНЮ пазнаёміцца з гэтымі творамі мастацтва мне давялося гадоў пяць таму у Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Там ручнікоў з Неглюбкі цэлая экспазіцыя. “Гэта наша залатая калекцыя. Бо менавіта на Веткаўшчыне захавалі і змаглі адрадзіць асаблівы стыль ткацтва. Такога не ўбачыце ні ў Беларусі, ні ў суседзяў”, — прэзентавалі калецыю музейшчыкі. Узіралася ў белыя палотны, часта вышытыя толькі чырвонымі і чорнымі ніткамі, прызнаюся, са скепсісам. Што ўнікальнага? Нічога, калі не лічыць, што такой  тканай прыгажосці не сустракала больш нідзе.


Майстар-клас для школьнікаў з гуртка “Ніток” праводзіць Людміла КАВАЛЁВА(справа)

Віншаванні з розных куточкаў краіны прыходзяць у  цэнтр ткацтва ў аграгарадку Неглюбка. Народны здабытак, які ў сучаснасці стаў брэндам веткаўскай вёскі, цяпер пад абаронай дзяржавы. Гэта асабліва даспадобы старажылам, якія стаялі каля вытокаў высакароднай справы адраджэння рамяства. У іх ліку 79-гадовая Ганна Каржова. Радасці ад добрай навіны яна не хавае, бо ўпэўнена Іванаўна: каб не ўзяліся за ручнікі, якія ў вёсцы сваімі рукамі рабілі ўсе без выключэння гаспадыні, дык адышла б незаўважна традыцыя ў нябыт.

Ва ўспамінах Ганна Каржова вяртаецца ў канец 70-х гадоў мінулага стагоддзя — час росквіту Неглюбкі. Вёска была такая вялікая, што ў мясцовай школе, дзе вучылася амаль 800 дзяцей, не хапала месца. Затое рукадзельніц амаль што ўся вёска. Разумеючы камерцыйны патэнцыял жыхарак Неглюбкі, тагачасны старшыня калгаса пабудаваў спецыяльны цэх (потым ён стаў філіялам Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў), дзе і згуртаваліся таленавітыя майстрыхі. З самага пачатку іх было пяць. Першай заяву, каб прынялі на работу, пісала якраз Ганна Каржова:

— Я працавала кінамеханікам і ад такога прыемнага заробку, — а ткаць навучылася яшчэ ў маленстве — адмовіцца, канешне, не змагла. Гэтаксама, напрыклад, і мае суседкі — Анастасія Сарасека і Вера Каўтунова. Мы здзівіліся: як можна займацца любімай справай ды і зарплату атрымліваць. А справа пайшла. У кожнай з нас былі свае кросны, калі нешта трэба было рамантаваць, звярталіся да выдатнага майстра Мікіты Каротчанкі. Асабліва запомніўся алімпійскі 1980 год. Штат нашага цэха ў той час пашырыўся да 43 чалавек, мы выконвалі спецзаказы для замежных дэлегацый, а вялікім попытам карысталіся ручнікі і сурвэткі.

Якраз у той час у Неглюбку прыехала будучая майстрыха Людміла Кавалёва: выйшла сюды замуж. Першае ўражанне ад убачанай ткацкай прыгажосці — захапленне. На Брагіншчыне, адкуль сама родам, такой традыцыі не было. Літаральна з першых дзён карцела самой авалодаць рамяством, каб навясці ва ўласнай хаце прыгажосць. Работы грымелі на ўвесь Саюз, а ў Неглюбку прыязджалі навукоўцы з этнаграфічнымі экспедыцыямі. У адной з такіх Людміла Кавалёва пазнаёмілася з вясковай майстрыхай Марыяй Герасіменка. Яна і навучыла працаваць на кроснах. З цягам часу і сама Людміла Васільеўна ўладкавалася ў цэх, але яго лёс фактычна перакрэсліла аварыя на Чарнобыльскай АЭС… З забруджанай тэрыторыі з’ехалі людзі, былой моцы ў згуртаванні неглюбскіх ткачых ужо не было. У дадатак — цяжкія 90-я. Цэх прыйшоў у заняпад, але запал застаўся, рукі памяталі, як рабіць прыгажосць. Вырашана было спрабаваць перадаць сваё рамяство дзецям.

У 1995 годзе пры сельскім клубе Людміла Кавалёва стварыла гурток для школьнікаў “Ніток”. Справа закруцілася: выставы, перамогі на розных конкурсах, экспедыцыі да носьбітаў… Праз 15 гадоў працы звычайны СДК назапасіў столькі матэрыялу, што клуб перафармаціравалі ў Сельскі цэнтр ткацтва. Сёння ў ім, акрамя Людмілы Кавалёвай, працуюць яшчэ дзве майстрыхі — Таццяна Суглоб і Алена Дзямчыхіна. Каб падтрымаць творцаў, усю арганізацыйную работу ўзяў на сябе дырэктар цэнтра, муж Людмілы Васільеўны, Уладзімір Кавалёў. Ён поруч з неглюбскімі майстрамі з 1980 года.

Чатыры гады таму ў цэнтры стварылі клуб ткачых “Кацелачкі”. Гэта выдатнае згуртаванне старэйшых носьбітаў, скарбніца ведаў пра мясцовае майстэрства, лічыць Людміла Кавалёва:

— Уявіце сабе, у вёсцы, дзе кожная гаспадыня ўмела ткаць, цяпер толькі 12 старажылаў валодаюць кроснамі. Яны навучылі нас. Але гэтага недастаткова. Трэба працягваць справу, таму ўдзельніцы клуба даюць майстар-клас школьнікам, перадаюць тым у спадчыну каштоўныя навыкі. Акрамя ткацтва ручнікоў, сурвэтак, рознай сувенірнай прадукцыі, майстры-выкладчыкі засвойваюць выраб традыцыйнага строю — ткацтва панёў (спадніц), сарочак, хустак, намітак. Разам з дзецьмі аднавілі нацыянальны касцюм — дарэчы, у нас існуе свой непаўторны неглюбскі строй.

У 2015 годзе за адраджэнне і развіццё народных рамёстваў калектыў цэнтра быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Узнагародай у вёсцы вельмі ганарацца, а яшчэ тым, што ў гэтым годзе кіраўніку нашай краіны быў падораны 30-метровы ручнік з Неглюбкі. Аляксандр Лукашэнка адазваўся аб ім так — «самы лепшы падарунак».

Людміла Кавалёва над гэтым велічным ручніком працавала два месяцы. Складанай работа была таму, што арнамент трэба было “выводзіць” па краях. А ў ручніку, па вялікім рахунку, ёсць свой шыфр. Гэта выявы традыцыйных элементаў — сонца, вады, ёсць на ім “кап’ё” і “павук” (гэта абярэгі), а таксама “васьмірожка”, якая сімвалізуе дабрабыт.

Цікава, што…


Ткуць неглюбскія ручнікі з ільняных, баваўняных нітак. Пераважае геаметрычны і геаметрычна-раслінны арнамент (мясцовыя назвы «крывулі», «павукі», «кучараўкі», «казельчыкі», 5—9 шырокіх гарызантальных арнаментальных палос (2—4 розныя узоры), далей шырокая іншага характару, потым сіметрычна паўтараюцца першыя. Канец ручніка з трох бакоў абшываюць кароценькімі ў колер закладак мохрыкамі.

У Неглюбцы не ткуць ручнікі два разы на год: ад Калядаў да Хрышчэння і ад Пасхі да Ўшэсця.

uskova@sb.by

Фота з архіва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Веткаўскага раёна”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter