Вялікая сямейная брыгада верхнядзвінскага механізатара працуе ў адной гаспадарцы

Шумскіх шмат не бывае

ПАЧЫНАЛАСЯ ўсё звычайна. Галоўны аграном ААТ “Шайцерава” Верхнядзвінскага раёна Дзяніс Душанкоў, малады і амбіцыёзны спецыяліст (сёння ён ужо дырэктар ААТ “Нурава”), прапанаваў карэспандэнту паглядзець, як працуе на ўборцы кукурузы іх лепшы механізатар. 

Вялікая сям’я ШУМСКІХ (у цэнтры Вячаслаў і Галіна ШУМСКІЯ).

Кукурузнае поле сапраўды стаяла высокай, больш за два метры, сцяной, у якую зацята ўразаўся магутны кормаўборачны камбайн КВК-800. Душанкоў даў знак механізатару спыніцца, дзверы кабіны адчыніліся, і на зямлю спусціўся чалавек такой багатырскай камплекцыі, побач з якім уборачны агрэгат ужо не выглядаў высачэзным.


Вячаслаў ШУМСКІ.
— Вячаслаў Шумскі, па бацьку – Віктаравіч, — назваўся ён. — Ваюю вось з гэтымі “джунглямі”, якія на маю галаву вырасціў аграном, — ківае добразычліва ў бок Душанкова. – Ну нічога, пакрысе разбяромся...

– ВАМ толькі з такой махінай і ўпраўляцца, — ківаю на камбайн, маючы на ўвазе атлетычную фігуру Шумскага.

— Ён толькі з выгляду вялікі, — не пагаджаецца Вячаслаў. – А так усё на кнопках. Аўтаматыка!.. Пакажы — і дзіцё паедзе!..

Па дарозе назад хачу даведацца ў галоўнага агранома больш пра Вячаслава Шумскага. Інтуіцыя падказвала, што за лёгкасцю паўжартаўлівых слоў хаваецца глыбіня, гаспадар, моцна прывязаны да зямлі, да свайго кутка.

— Чалавек на сваім месцы, адказны. Не было выпадка, каб яго камбайн, а ён далёка не новы, у полі з-за паломак стаяў, — узяўся пералічваць Душанкоў дадатныя рысы характару Шумскага і параіў: — Урэшце, я тут не так даўно. Пагаманіце вы лепш з галоўным інжынерам Уладзімірам Шыманскім. Ён больш з ім сутыкаецца.

Шыманскі, старажыл гаспадаркі, які ў гарачую пару, здаецца, не вылазіць з машыны, шнуруючы ад майстэрняў да поля, з ахвотай адгукнуўся:

— Вось каб усе такія, як Шумскі, ніякай інжынернай службы не спатрэбілася б. Любую марку трактара ці камбайна давай, лепш за дыпламаванага спецыяліста разбярэцца. На тэхніцы, можна сказаць, зубы з’еў.

У пацверджанне сваіх слоў нагадвае адзін эпізод з жыцця Вячаслава Шумскага: 

— Было, захварэў ён цяжкавата, і па рэкамендацыі ўрачоў перавялі мы яго ў вартаўнікі пры мехдвары. Праз год ён да мяне: “Канстанцінавіч, не магу я азадак адседжваць, дайце хоць які-небудзь невялікі трактарчык”. “Цябе ж на групу ўрачы ставяць, ды і няма ў нас нічога такога падыходзячага”, — даводжу яму. “Якая група?! — абурыўся. – Адмовіўся я ад яе. А наконт тэхнікі – вунь МТЗ-82 без перадку стаіць. Дайце запчасткі – мігам ажыўлю”. І так прыстаў, што вымушаны былі пайсці насустрач. 

А яшчэ – у яго сямёра дзяцей. Дарослыя ўжо. І амаль усе яны, а таксама зяці і нявесткі, паверыце ці не, — працуюць у нашай гаспадарцы, у жывёлагадоўлі. Цэлая брыгада Шумскіх!

УСЁ гэта мяне надта заінтрыгавала. Па-першае, сам Шумскі, а па-другое — яго шматдзетная сям’я. Не так і часта напаткаеш такую сёння. Тым больш, з сельскай мясцовасці бацькі часцей за ўсё імкнуцца любой цаной выпхнуць дзіцёнка ў горад на “лёгкі хлеб”.

Каб хоць крыху праясніць гэту загадку, і прывяла праз колькі часу мяне дарога ў вёску Міхайлова, дзе жыве Шумскі. Яго двухпавярховы катэдж, густа застаўлены з тылу гаспадарчымі прыбудовамі, на самым пачатку вуліцы.

Стрэў на падворку сам Вячаслаў. Паведаміў, што дом – калгасны, яго паспелі ўжо прыватызаваць, а вось лазню і некаторыя памяшканні для жывёлы дараблялі самі. Трымае карову, курэй.

Свабодную прастору між будынкамі займала ўнушальная гара непарэзаных дроў.

— Шмат паліва на такі гмах патрэбна, — спачуваю гаспадару, маючы на ўвазе ягоны катэдж.

— Яно так, — пагаджаецца Вячаслаў, — але справа ў другім: як узяць гэтыя самыя дровы? Раней выпісвалі ў лясгасе дзялянку, ехаў з сынамі ў лес і нарыхтоўваў, колькі трэба. Сухастой які, іншую драбязу. І нам карысць, бо дровы тыя капейкі каштавалі, і лес падчышчалі. Цяпер жа — не сунься нават у хмызняк. Штраф. Вось купіў машыну дроў – заплаціў 150 рублёў. А на зіму ж не адну і не дзве трэба!..

Кажу яму, што праблема такая не толькі ў іх раёне, але і ў іншых. “Сельская газета” якраз і падымала яе на сваіх старонках, будзем спадзявацца, што верх возьме здаровы сэнс.

Па высокіх прыступках падымаемся ў дом. У вялікай зале, абстаўленай дыхтоўнай мэбляй і дыванамі, нас чакала жонка Шумскага – Галіна Іванаўна, якая калісьці “запраўляла” ў Шайцераве аддзяленнем паштовай сувязі, а дзесяць апошніх гадоў перад пенсіяй даіла кароў на ферме.

АДРАЗУ зазначу, што пра сябе Шумскія гаварылі не вельмі ахвотна. Маўляў, што тут расказваць. Жылі, як іх дзяды і прадзеды, на сваёй зямлі, не рваліся ў вялікі свет. Вячаслаў нарадзіўся ў вёсцы Жыгулі, што знаходзіцца таксама на тэрыторыі ААТ “Шайцерава”, непадалёк ад Верхнядзвінска. У старэйшых класах пачаў захапляцца цяжкай атлетыкай. У прыватнасці, штангай. Рэгулярна наведваў спартыўную секцыю ў райцэнтры. У арміі, выступаючы на прэстыжных спаборніцтвах, паказваў ашаламляльныя вынікі. Трэнеры ў адзін голас прарочылі яму бліскучую спартыўную будучыню, дакляравалі ўсё што можна, толькі б ён не кінуў штангу пасля службы. Аднак Вячаслаў не паддаўся на ўгаворы і вярнуўся дахаты, аб чым, між іншым, не шкадуе. Год працаваў у мясцовым райаграсэрвісе, а потым перабраўся ў родную гаспадарку. “Асвоіў” за тры дзесяцігоддзі некалькі зернеўборачных камбайнаў, трактары розных марак, пачынаючы з “Беларусоў” і канчаючы “Кіраўцам”. Цяпер за ім замацаваны гомсельмашаўскі кормаўборачны камбайн КВК-800. Летась паспеў не толькі пашчыраваць на ім на кукурузным полі ў сваёй гаспадарцы, але выязджаў на дапамогу ў сельгаспрадпрыемствы “Бялькоўшчына” і “Антонава-агра”.

Тактоўна спрабую высветліць, чаму ён так катэгарычна адмовіўся ад групы па інваліднасці.

— Гэта было даўнавата, па-мойму, у годзе 2008-м ці 2009-м, дакладна і не магу ўжо сказаць, — пачаў прыгадваць ён. — На “Кіраўцы” я тады працаваў, і прыхапіў мяне мікраінфаркт. Ну, шпіталізавалі. Пасля выпіскі сапраўды давалі трэцюю групу. Я, канечне, ні ў якую: што з яе толку, калі да трактара ні нагой. Давялося год пабыць у вартаўніках, а пасля паехаў у Віцебск, адляжаў два тыдні на абследаванні і займеў усё ж дазвол для працы на тэхніцы. З той пары і трымаюся. Наш беларускі камбайн КВК-800 – лёгкі ў кіраванні, з кандыцыянерам. Але калі пасядзіш дванаццаць гадзін у кабіне, яно адчуваецца. 

Звяртаю ўвагу на тры стромкія бярозкі пад вакном.

— А гэта дочкі пасадзілі: Оля, Каця і Даша, кожная сваё дрэва, — уступае ў гаворку Галіна Іванаўна. — Бярозкі выраслі, як і дочкі нашыя. У кожнай ужо свая сям’я, дзеці. Оля — аператар машыннага даення на ферме “Жыгулі”, Кацярына — загадчыца сталовай у Боркавічах, Даша — повар у садзіку ў Шайцераве, але зараз у дакрэтным адпачынку. Сыны — Аляксандр і Вячаслаў — таксама падаліся ў жывёлагадоўлю, а меншы Сяргей нядаўна закончыў акадэмію ў Горках, вярнуўся дахаты. І толькі Яўген у нас ваенны. І то не забывае, наведвае, пасабляе.

— Нялёгка, відаць, выгадаваць столькі дзяцей, вывесці ў людзі? — задаю наіўнае пытанне.

Галіна Іванаўна не крыўдзіцца:

— Усяго хапала, канечне: я – на ферме, Вячаслаў – на трактары. Дзяржава дапамагала, дзякуй. Большыя няньчылі меншых, так і жылі. А калі выраслі, сілай іх каля сябе не трымалі. Самі мы прывыклі да сялянскай працы, да гэтай зямлі, і дзеці нашы змалку таксама. Вольга і Аляксандр якраз жывуць цяпер на нашай Бацькаўшчыне, у вёсцы Жыгулі. Далі ім ад гаспадаркі катэджы. У Аляксандра сярэдніх памераў дом, а ў Вольгі вялікі – 90 метраў квадратных. Агарод маюць. Ды што я тут расказваю. Можаце самі пагаварыць з імі.

Трохі забягаючы наперад, заўважу, што гэта пазней мне ўдалося. Вольга была даволі лаканічнай:

— Стаць аператарам машыннага даення была мая мара са школы. Дапамагала маме даіць кароў, а ў сямнаццаць год і сама прыйшла на ферму. Тут добры заробак, рублёў па 800 у месяц, стабільныя выхадныя. Урэшце, работы не баюся: больш стамляюся на адпачынку, чым на працы.

На гэтай жа ферме, дзе і Вольга, шчыруе і брат Аляксандр:

— Спачатку быў у бацькі памочнікам на камбайне. Потым трактар далі. Бацька сеяў, а я падвозіў зерне. Механізатарам адпрацаваў восем год. Пасля падаўся быў у Маскву на заробкі, але нічога там добрага не знайшоў, нідзе няма лепш, як дома. Выхадныя ў мяне суткі праз двое. Жонка Святлана на гэтай жа ферме даглядае цялят. Маем дваіх дзяцей: Арцёму – восем год, Віцы – шэсць. Трымаем дзвюх кароў. Без гэтага ніяк!..

ВЯРТАЕМСЯ назад, у дом старэйшых Шумскіх. Вячаслаў Віктаравіч пагаджаецца, што ўсё добра: і дзеці на месцы, і адзінаццаць унукаў мае.

Адно шкадуе, што меў у маладосці накіраванне ад камсамола ў тады яшчэ сельскагаспадарчы інстытут у Горкі. І выклік прыйшоў на субяседванне, потым яшчэ адзін. Не паехаў...

Галіна Іванаўна суцяшае:

— А як было ехаць? Патрэбна было маме дапамагаць, ён самы старэйшы быў.

І ўсё ж, як кажуць, лёс вяртае сваё. Гэту самую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках закончыў сёлета самы меншы сын Шумскага – Сяргей. Прычым на выдатна. Вывучыўся на агранома і быў накіраваны на стажыроўку аж у Германію да фермера, пасля чаго прынялі на работу ў “Шайцерава”, дзе планка, прынамсі, надта высокая. Вытрымаў ужо свой першы экзамен – пасяўную. Праўда, на жаль, убіраць ураджай не давядзецца, бо атрымаў павестку ў армію. Што ж, год праляціць хутка, а ў Шайцераве Сяргея заўсёды будуць чакаць родныя людзі і да болю знаёмыя краявіды.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з сямейнага альбома ШУМСКІХ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter