Шумiлiнцы былi першымi....

Дзве падзеі амаль супалі па часе: выхад у свет новага вучэбнага дапаможніка да школьнага спецкурса «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» і дваццацігоддзе буйнамаштабнага летапісу, шматтомнага выдання гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць», якое ствараецца паводле рашэння нашага ўрада.144 кнігі, аналагаў якім дагэтуль няма на прасторах СНД, — сведчанне нядужасці вятроў часу перад чалавечай памяццю, у якой не сціраюцца імёны, даты і подзвігі... Факт з’яўлення першай кнігі «Памяць», прысвечанай Шумілінскаму раёну і прымеркаванай да 40-годдзя перамогі над фашысцкай Германіяй, сёння ўспрымаецца сімвалічна. 23 чэрвеня 1944 года войскі 43-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А.П.Белабародава ў выніку жорсткіх баёў вызвалілі Шуміліна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і такім чынам паклалі пачатак гераічнай аперацыі «Баграціён». Падрабязнасці падзей Вялікай Айчыннай яскрава адлюстраваны ў экспазіцыі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея, багатыя фонды якога ўражваюць змястоўнасцю і вялікай навуковай работай. — Цікавасць да гісторыі роднай зямлі ў падрастаючага пакалення і моладзі раёна не змяншаецца, — заўважае дырэктар музея Вольга Шарыпава і распавядае пра тэматычныя школьныя ўрокі ў музейных залах, шэраг ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў, шэфства над ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і традыцыйныя сустрэчы са стваральнікамі кнігі «Памяць». ...Усведамленне, што кожны факт і кожны лёс могуць стаць штуршком да сюжэта, уласцівае журналістам і пісьменнікам, на Шуміліншчыне ўвасобілася ў серыю захапляючых публікацый ваенна-патрыятычнай тэматыкі ў раённай газеце «Герой працы». Карэспандэнты натхнёна рыхтавалі да друку артыкулы пра дзейнасць Сіроцінскага падпольнага райкома партыі (у перыяд Вялікай Айчыннай раён называўся Сіроцінскім. А назву Шумілінскі яму аднавілі толькі ў 1967 годзе), пісалі нарысы пра партызан-герояў і подзвіг легендарных обальскіх падпольшчыкаў, занатоўвалі ўспаміны сведак ваеннага ліхалецця, узнаўлялі спісы воінаў, якія загінулі пры вызваленні... — У той час Шумілінскі райком партыі ўзначальваў мясцовы ўраджэнец, былы партызанскі камандзір Васіль Храмцоў, — дзеліцца ўспамінамі журналіст Эдуард Дамарацкі, значная частка 49-гадовага прафесійнага стажу якога непасрэдна звязана з пасадай галоўнага рэдактара раённай газеты «Герой працы». — Менавіта падтрымка з боку раённай улады паспрыяла тады нашаму шчыраму памкненню выдаць мясцовы матэрыял перыяду Вялікай Айчыннай вайны асобнай кнігай. Настала пара — і задума набыла яшчэ большую акрэсленасць: ідэю падрыхтаваць летапіс народнай славы Шуміліншчыны падтрымаў і аддзел прапаганды ЦК Кампартыі Беларусі. У дапамогу творчым мясцовым сілам ён падключыў кадры рэспубліканскія — групу супрацоўнікаў часопіса «Маладосць» і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». У выніку са спецыяльнымі заданнямі ў раёне пабывалі пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Анатоль Вярцінскі, Мікола Аўрамчык, Мікола Гіль, журналістка Лідзія Кучынская, гісторык Віталь Скалабан... Самую цесную сувязь з былымі партызанамі і франтавікамі Шуміліншчыны трымаў на той час Уладзімір Нарушэвіч, раённы карэспандэнт, сам колішні партызан і апантаны энтузіяст ваеннай хронікі. Ідэя назваць будучую кнігу «Памяць» належыць навуковаму супрацоўніку выдавецтва БелСЭ Віталю Скалабану (першапачаткова зборніку матэрыялаў планавалі даць серыйнае найменне «Летапіс народнай славы гарадоў і раёнаў Беларусі». Аднак калектыў аўтараў падрыхтаваў цікавыя раздзелы не толькі пра вайну, а і пра дарэвалюцыйнае мінулае краю, пра яго адраджэнне...). Вялікую следапыцкую работу правялі тады школьнікі — піянеры і камсамольцы. Чвэрць стагоддзя назад былі яшчэ жывымі многія героі, іх родныя і блізкія. Сакратары райкома партыі Ніна Сянчура, а пасля Уладзімір Пясоцкі каардынавалі нястомны пошук. А тагачасны загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкома Галіна Пеніна, як кажуць, не вылазіла з архіваў... Справы ішлі на ўздыме! І раптам усё прыпынілася. Загінуў Пётр Міронавіч Машэраў... Да ініцыятараў пачынання нечакана сталі даходзіць недарэчныя пытанні тыпу «Чаму вы выпінаеце свой раён?». Было падобна, што кнігу пакладуць на паліцу. Крыўдна. Столькі душы і натхнення ў яе было ўкладзена! У рэдакцыі газеты «Герой працы» параіліся і вырашылі даць ход газетнаму варыянту «Памяці». Адзіная затрымка — раёнка выходзіла на беларускай мове, а кніжныя тэксты былі напісаны па-руску. Журналісты вагаліся: рабіць пераклад ці пакінуць рускамоўныя старонкі? Другі шлях лягчэйшы, і ў друкарні ўжо выпусцілі некалькі варыянтаў клішэ рускамоўнага загалоўка «Память». Але двухмоўную газету забараніў выдаваць абком партыі. На шчасце, у сталіцы справы з летапісам скрануліся з месца. Ды так імкліва! Напачатку 1984 года тэрмінова былі адпраўлены ў БелСЭ апошнія матэрыялы і дакументы. І ўжо літаральна праз год незвычайная кніга выйшла з друку тыражом 33 тысячы экземпляраў! Напярэдадні 40-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне яна стала цудоўным падарункам кожнаму жыхару Шуміліншчыны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter