Чаго могуць не ведаць знаўцы гульнi «Што? Дзе? Калi?»
...Даўно было тое. У час Айчыннай вайны 1812 года ў бары воiны i партызаны зрабiлi засаду французскiм войскам, якiя намервалiся трапiць у Вiцебск. Бой атрымаўся ўдалы: чужаземны атрад быў знiшчаны. Шум векавых хвой злiўся з гулам бiтвы i быў далёка чуваць. Вось з тае пары ў народзе гэта месца назвалi Шумным борам, а пасля i паселiшча атрымала назву Шумнае Сяло. I ўжо ад яго, верагодна, пайшла назва Шумiлiна. Так сцвярджае легенда...
Унiкальная прырода Шумiлiншчыны. Рэдкi раён па ўсёй Беларусi мае больш чым 150 рэк, ручаёў, азёр. Тут i велiчныя лясы з багатай раслiннасцю i разнастайнай фаўнай, i першародныя балоты... Немагчыма ўсё расказаць пра сучаснае Шумiлiна, пра яго добразычлiвых жыхароў, але мы паспрабуем, хоць i коратка, данесцi да чытача тое, чым жывуць i як працуюць тутэйшыя людзi.
Старшыня Шумiлiнскага раённага выканаўчага камiтэта Вальдэмар Падляшчук, як нiхто iншы, ведае стан спраў у раёне. Пасада абавязвае. Вось толькi некалькi лiчбаў. За чатыры апошнiя гады ў эканомiку рэгiёна iнвесцiравана 288 мiльярдаў рублёў. Толькi за 2010 год пастаўлена на экспарт тавараў на суму 11 мiльёнаў долараў. Лiчбы ўнушальныя, але навошта iх усе пералiчваць. Лепш засяродзiць увагу на тым, што яшчэ мае адбыцца. А планы ў раёна грандыёзныя. Шмат чаго трэба зрабiць. Асаблiвасць рэгiёна ў тым, што ён знаходзiцца мiж двума буйнымi гарадамi – Полацкам i Вiцебскам. Няма чаго граху таiць: гэта абставiна выманьвае людскiя i працоўныя рэсурсы. Тым не менш у раёне ўжо пабудавана сучасная малочнатаварная ферма на тысячу галоў. Надалей у планах значыцца здача ў эксплуатацыю падобных штогод. Рэалiзаваны iнвестыцыйныя праекты па рэканструкцыi цэха па вытворчасцi сыроў у ААТ “Малако”, тунэльнай печы для вытворчасцi клiнкернай цэглы на Обальскiм керамiчным заводзе. Тут жа мяркуюць у хуткiм часе асвоiць новую лiнiю па выпуску парызаванай цэглы з палепшанымi цеплавымi характарыстыкамi.
У блiжэйшыя гады таксама плануецца будаўнiцтва новай фабрыкi па перапрацоўцы торфу. Усяго не пералiчыць, пажадана, каб запланаванае стала яўным. Асаблiвых перашкод няма. Тым больш што людзi тут жывуць працавiтыя, сапраўдныя гаспадары сваёй зямлi.
Прыклад таму — працоўная дынастыя Фурсiных на Обальскiм керамiчным заводзе. Пра обальскую цэглу ходзяць сапраўдныя легенды. Любы будаўнiк у розных кутках краiны дасць прадукцыi завода найвышэйшую адзнаку. У далёкiм 1954 годзе пачалi сваю працоўную дзейнасць на прадпрыемстве дзядуля i бабуля Фурсiны. Калi скласцi ўвесь працоўны стаж дынастыi, то атрымаецца ўнушальная лiчба – 104 гады. I цяпер тут працуюць майстрам па рамонце абсталявання Аляксандр Аляксандравiч, яго жонка Алеся Iванаўна, эканамiст па працы, i бацька Аляксандр Васiльевiч, вадзiцель МАЗа. Вось дзякуючы менавiта такiм шчырым працаўнiкам i памнажаюцца здабыткi завода.
Трошачкi адыдзем ад дзён сённяшнiх i на хвiлiну вернемся ў мiнуўшчыну.
Кожнага, хто прыязджае ў Шумiлiна, уражвае будынак тутэйшага чыгуначнага вакзала. Дык вось, 17 кастрычнiка 1866 года кiраўнiк будаўнiцтва мiнiстр шляхоў зносiн генерал-лейтэнант Пётр Мельнiкаў даслаў цару тэлеграму: «У 9 гадзiн 30 хвiлiн адкрыты рух цягнiкоў на ўчастку Полацк—Вiцебск працягласцю 242 вярсты». Адначасова тут быў пабудаваны вакзал. Дарэчы, гэта адзiны ў раёне будынак, якi не быў пашкоджаны ў час Вялiкай Айчыннай вайны.
...I зноў у дзень сучасны. Наш фотакарэспандэнт удала злавiў момант: жанчына са шчырай, непадробнай усмешкай на твары. На здымку — галоўны спецыялiст аддзела культуры райвыканкама Валянцiна Навiцкая. Яна захапляецца беларускай кухняй. Дарэчы, у раёне створаны своеасаблiвы клуб аматараў старадаўнiх страў, якi носiць адмысловую назву «Разынка». Як кажуць, смачна есцi...
Вальдэмар Падляшчук падкрэслiў: у раёне надаецца значная ўвага развiццю невялiкiх прадпрыемстваў. Прыкладам можа служыць сумесная беларуска-нямецкая фiрма «Ханзэ-Хольц», якая спецыялiзуецца на вытворчасцi драўнiны. Кiраўнiк фiрмы Карстэн Карстэнзэн ужо шэсць гадоў жыве i працуе ў Шумiлiне. Прыйшоў у той час, калi падобныя прадпрыемствы ставiлi сабе мэтай экспарт круглага лесу ў замежжа. Значна выгадней прадаваць ужо апрацаваныя дошкi. А ў апошнi час гатовую прадукцыю ўсё больш i больш рэалiзуюць на тэрыторыi Беларусi. Гэта не менш выгадна. Цяпер стала больш рэнтабельна вырабляць шчытавыя домiкi па нямецкай тэхналогii, адаптаваныя да нашых умоў. Галоўная праблема, з якой сутыкнуўся спадар Карстэнзэн на нашай зямлi, — гэта навучыць рабочых працаваць — педантычна, акуратна i рытмiчна. На першы погляд, i задача не цяжкая, але...
Мы ж прывыклi працаваць з аўраламi. А гэта, на погляд замежнiка, недапушчальна. Трэба ведаць, калi i як ты будзеш рабiць i, што немалаважна, колькi грошай атрымаеш. Мала-памалу i ўсё атрымоўваецца. Галоўнае, што людзi навучылiся працаваць як след. А гэты здабытак застаецца назаўсёды.
Тры гады працуе старшынёй Мiкалаеўскага сельсавета Аляксандр Казлоўскi. Гэта, як кажуць, чалавек на сваiм месцы. I абралi на гэту пасаду яго людзi таму, што ўмеў вырашаць простыя, на першы погляд, жыццёвыя праблемы. Стаў для аднавяскоўцаў i адвакатам, i суддзёй, i пракурорам у адной асобе. Спраў у старшынi шмат. Хто жыў у вёсцы — ведае. Актыўна старшыня падтрымлiвае развiццё прадпрымальнiцкай дзейнасцi. Дапамагае i словам, i справай. Першым у раёне прыватнiкам па збору малака ад насельнiцтва стаў Уладзiмiр Бужынскi. Справа, безумоўна, патрэбная, але не вельмi рэнтабельная. Думаў ужо кiнуць. Але старшыня i людзi адгаварылi. Здаецца, дробязь, а куды ж дзець лiшкi малака? I да гэтага часу круцiць баранку Уладзiмiр Бужынскi, робячы непрыкметную, але неабходную працу.
Майстар Шумiлiнскай РЭС Аляксей Багданаў знакамiты ў рэгiёне чалавек. Ён прызнаны чалавекам года (2009) на Вiцебшчыне. Такiя званнi проста так не даюцца. Брыгада пад яго кiраўнiцтвам завяршае электрыфiкацыю аграгарадкоў. Зроблена, можна i адпачыць? Не. Гэта не ў характары майстра. Ужо з новага года пачынаецца мадэрнiзацыя электрасетак у райцэнтры. Працы шмат. У адным можна быць упэўненым: усё будзе зроблена ў тэрмiн i якасна. Ну, напрыклад, як i ў фiрме Карстэна Карстэнзэна: педантычна, акуратна i рытмiчна.
Калi кiравацца на поўнач ад Шумiлiна, то неўзабаве вы ўбачыце акуратна агароджаную крынiцу са святой вадой, якую ў народзе называюць Пяценкай. Даўным-даўно каля яе стаяў храм у гонар вялiкамучанiцы Параскевы Пятнiцы. Каля гэтай крынiцы, калi верыць легендам, адбывалiся цуды лекавання. Сюды хадзiў народ з усёй Беларусi, а таксама з расiйскiх губерняў. Вада тут i цяпер сапраўды смачная. Магчыма, i гаючая. Галоўнае — верыць у гэта, як вераць урачы Шумiлiнскай раённай бальнiцы Вiктар Улюценка i Леанiд Ясiновiч. Дарэчы, яны з’яўляюцца iнiцыятарамi адраджэння гэтай самай крынiцы (будзем верыць) са святой вадой.
Мiмаходзь ужо ўпамiналася пра ўнiкальнасць обальскiх балот. Прыхiльнiк iх вывучэння — Аляксандр Штокiн, якi працуе дырэктарам Обальскай СШ. На балоце растуць рэдкiя вiды раслiн, занесеныя ў Чырвоную кнiгу: марошка, расянка, любка двухлiсцевая, карлiкавая бяроза i iншыя. Чароўная цнатлiвасць балот — гэта адзiн са сродкаў прыцягнення ў край замежных турыстаў. Дзе такi цуд яны яшчэ ўбачаць? Толькi б не пашкодзiлi i не кранулi гэту незвычайную прыгажосць.
У вёсцы Пушча жыве Генадзь Канстанцiнавiч Хруцкi. 96 гадоў споўнiлася дзядулi, а ён адчувае сябе маладым. Хоць яго хата i самая крайняя ў вёсцы, але дагледжаная i добраўпарадкаваная, прыемна зайсцi. Нягледзячы на свае гады, Генадзь Канстанцiнавiч самастойна на сваёй мотакалясцы наведвае райцэнтр, калi ёсць якая-небудзь патрэба. Безумоўна, у такiм узросце хваробы ўсякiя не рэдкасць. Але ў Хруцкага ёсць дзейсны сродак iм процiстаяць. Ён штодзённа займаецца фiззарадкай. А каб яшчэ больш павысiць тонус, змайстраваў сабе велатрэнажор, якi, на яго думку, выратоўвае яго ад усiх хвароб. Карацей, круцi педалi i будзь здаровы. А яшчэ Генадзь Канстанцiнавiч змайстраваў два фотаапараты арыгiнальнай канструкцыi. Дарэчы, аб’ектыў прыстасаваў яшчэ трафейны. Якасць здымкаў выдатная. А такiя апараты — хоць сёння ў музей.
Фальклорны калектыў «Гульбiчы» Шумiлiнскага ГДК вядомы i ў раёне, i ў Беларусi, i за яе межамi. Цяжка знайсцi суполку, дзе так апантана i ашчадна ставяцца да народнай спадчыны. Нездарма калектыў атрымаў ганаровае званне «народны». Запрашэнне выступiць на «Славянскiм базары ў Вiцебску» — цi не ёсць гэта прызнанне?
Трэба адзначыць, што моладзь ахвотна наведвае гурткi раённага Дома рамёстваў. У прыватнасцi, майстар-метадыст Вольга Лявонава прызвычайвае школьнiкаў да вывучэння ткацкага майстэрства. Дзяўчынкi ахвотна назiраюць за работай ткацкага станка, асвойваюць навыкi, якiмi дасканала валодалi iх бабулi. Ёсць i плён. Гурткоўцы — удзельнiкi i пераможцы конкурсаў «Матчыны кросны» i «Славянскага базару ў Вiцебску».
Вось такiя людзi жывуць i працуюць у Шумiлiнскiм раёне.
Дапытлiвы чытач мае поўнае права спытацца, пры чым тут эрудыты з клуба «Што? Дзе? Калi?» А справа вось у чым. Хай паспрабуюць iгракi за адну хвiлiну даць адказы на наступныя пытаннi, звязаныя з гiсторыяй Шумiлiншчыны:
1. Якая сувязь памiж раёнам i храмам Васiля Блажэннага ў Маскве?
2. Чаму не мялее Аўгустоўскi канал?
3. Адкуль пайшоў i што азначае выраз: «Пагарэў, як Заблоцкi на мыле»?
Даём падказку. Храм у Маскве зроблены з обальскай цэглы, дно Аўгустоўскага канала вымашчана гэтым жа матэрыялам, а пан Заблоцкi, якi ў свой час жыў у вёсцы Мiшневiчы, пагарэў таму, што скрынi з мылам, якое хацеў выгадна прадаць, прывязаў да платоў, што сплаўлялiся ў Рыгу. Тавар па дарозе размяк, i прыбытку не атрымалася. Але беларуская мова стала багацей яшчэ на адзiн дасцiпны выраз...
Чыгуначны вакзал. Вальдэмар Антонавiч Падляшчук. Дынастыя Фурсiных. Злева направа: Аляксандр Аляксандравiч, Алеся Iванаўна, Аляксандр Васiльевiч. Вiктар Улюценка i Леанiд Ясiновiч. Тая самая крынiца Пяценка. Валянцiна Навiцкая. Аляксандр Казлоўскi з сынам Iльёй i Уладзiмiр Бужынскi з сынам Яўгенам. Аляксей Багданаў (у цэнтры). Генадзь Канстанцiнавiч Хруцкi. Гурт «Гульбiчы». Аляксандр Штокiн. Урок ткацкага майстэрства дае Вольга Лявонава. Карстэн Карстэнзэн.