Сотая весна партизанского полководца и фронтовика Александра Слободы

Шумеў сурова віцебскі лес

От страшной и разрушительной войны, длившейся 1418 дней, нас отделяют 75 мирных лет. На фронтах и в партизанских отрядах, в подполье и в тылу победу ковали миллионы белорусов. Это их нынешние поколения должны благодарить за мирное небо, за возможность жить, работать, учиться. Среди сплоченной армии антифашистов — сотни тысяч народных мстителей. К сожалению, сложно, а может, и невозможно перечислить имена всех тех, кто воевал в партизанских отрядах. Но мы стремимся найти как можно больше сведений об этих героях! В базе данных «Партизаны Беларуси» — совместного интернет-проекта partizany.by издательского дома «Беларусь сегодня» и Национального архива Республики Беларусь — уже более 85 тысяч электронных карточек о партизанах, и эта цифра растет с каждым днем. 

С 11 марта в областных центрах, некоторых районах Минской области и в Минске проходит интерактивная выставка нашего издательского дома «Партизаны Беларуси». Она включает более 70 экспонатов: фотографии, наградные листы, боевые характеристики… Имена героев не должны быть забыты. Мы расскажем о них на страницах газет издательского дома «Беларусь сегодня».
Сотую вясну сустрэў у сталіцы партызанскі камандзір і франтавік Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Іванавіч Слабада. Тройчы ён удзельнічаў у ваенным парадзе на Чырвонай плошчы ў Маскве. Яго святочны касцюм побач з Залатой Зоркай упрыгожваюць ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Пашаны, баявыя і ратныя медалі.


Аляксандр Іванавіч застаўся адзіным жывым сведкам кровапралітнага бою на Буйніцкім полі. Ён прымаў удзел у абароне Масквы. Кіраваў партызанскім атрадам на Віцебшчыне. У пасляваенныя гады працаваў на камсамольскай, партыйнай і савецкай рабоце.

Пэўна, у кожнага чалавека застаюцца ў памяці сустрэчы з цікавымі людзьмі. У маім сэрцы назаўсёды аселі словы легендарнага Канстанціна Сіманава, у якога пашчасціла браць інтэрв’ю для Беларускага радыё больш як сорак гадоў таму. Пасля адказу на пытанні Канстанцін Міхайлавіч параіў збіраць па зярнятку факты ў жывых сведак пра перажытае імі ў той страшэннай вайне. Яны будуць запатрабаваны для стваральнікаў будучага галоўнага літаратурнага твора пра гэту жахлівую падзею ў гісторыі чалавецтва. З лейкай і блакнотам прайшоў франтавы карэспандэнт Сіманаў па дарогах вайны. У сваім геніяльным творы «Жывыя і мёртвыя» ён увекавечыў слыннае Буйніцкае поле. Тое самае, дзе прымаў першае баявое хры­шчэнне навабранец з асвейскай вёскі Дубровы Аляксандр Слабада. Лёс сурова абышоўся з яго роднымі. На самым пачатку нямецка-фашысцкай акупацыі ворагі за сувязь з партызанамі па-зверску забілі яго бацькоў. Так распарадзіўся час, што ў ваеннае ліхалецце іх сын Аляксандр узначаліў партызанскі атрад на роднай Віцебшчыне.

Запала ў сэрца сустрэча з Аляксандрам Іванавічам ва ўтульным кабінеце Мінскай абласной грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Былы партызанскі камандзір і франтавік шмат гадоў узначальваў яе. Праз дзесяцігоддзі ён памятаў кожнага народнага мсціўца з атрада № 3 партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола, які яму даручылі ўзначаліць у канцы другога года вайны. У той час Чырвоная Армія гераічна ўтрымлівала подступы варожай армады да Масквы. Вышэйшае савецкае камандаванне прыняло рашэнне для аслаблення войск праціўніка ўмацаваць партызанскі рух кадравымі чырво-наармейцамі.

На падмацаванне народным мсціўцам Віцебшчыны накіравалі лейтэнанта Аляксандра Слабаду. Праз дзесяцігоддзі ўзгадаў ён, як трымцела сэрца ад пачуццяў, калі дэсантам яго закінулі ў віцебскія лясы. Здавалася, што вось побач родная хата, бацькі. Пра іх страту нічога не ведаў. Праз лясны гушчар прабраўся да партызанскай стаянкі. Кранула душу мясцовая сялянская гаворка. Атрад атабарыўся ў аддаленай вёсачцы Стайкава, што паміж райцэнтрамі Суражам і Гарадком. Высокія дрэвы пільна ахоўвалі партызан. У зямлянках зладзілі печы для абагравання. Абсталявалі кухню, павець для ўтрымання коней. Атрадаўскія мальцы па начах смела адпраўляліся праз балоты і лясныя гушчары на заданні. Варожыя гарнізоны стаялі ў Суражы і Гарадку. Мясцовае насельніцтва дапамагала бароцца з акупантамі: падтрымлівала атрад харчаваннем, вопраткай.

Камандаванне атрада кожную баявую аперацыю дэталёва распрацоўвала. Змагары добра ведалі мясцовасць і выбіралі найбольш небяспечныя шляхі для выканання аператыўных заданняў. Ноччу на чыгуначнай лініі Езяры­шча — Віцебск узляталі ў паветра варожыя эшалоны. Байцы ладзілі нечаканыя налёты на гітлераўскія гарнізоны. У лютым 1942 года за паспяховае выкананне важнага задання партызанскі камандзір Аляксандр Слабада атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга.

Не абыходзілася і без ахвяр. З боллю перажывалі страту баявых сяброў. У адной з аперацый цудам застаўся ў жывых партызанскі камандзір. Варожая куля цяжка параніла яго ў нагу, якую раней ледзьве не страціў на фронце. Пэўна, лёсам было наканавана Аляксандру Слабадзе выжыць. У той вечар у тыл праціўніка прыляцеў самалёт, які і пераправіў партызанскага камандзіра на Вялікую зямлю...

ПРА баявое мінулае Аляксандра Іванавіча шмат напісана. Як і пра партызанскія подзвігі яго жонкі Ніны Паўлоўскай. З ёй мне пашчасціла працаваць на Беларускім радыё. Партрэт Ніны Вікенцьеўны ўпрыгожваў у Доме радыё стэнд ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Памятаю яе ўспаміны, як з байцамі пускала пад адхон варожыя эшалоны. На яе парадным кіцелі ззялі тры ордэны Айчыннай вайны, баявыя медалі. На працы яна заўжды была прыветлівая і сціплая.

Такое ж прыемнае ўражанне засталося ў мяне пасля сустрэчы з Аляксандрам Іванавічам. Узгадваючы перажытае, ён раз-пораз нервова перабіраў пальцамі, выдаючы сваё ўнутранае хваляванне.

Вырас ён у лясных мясцінах азёрнай Віцебшчыны. Марыў стаць лесніком. Але выйшла інакш. Да арміі засвоіў прафесію механізатара. Службу пачынаў далёка ад дому — на Паволжы. У чэрвені 1941 года 53-ю стралковую дывізію, у якой ён служыў, перакінулі ў Беларусь. Нельга забыць той момант, калі прагучала страшэннае слова «вайна». На чацвёрты дзень маладыя воіны ўступілі ў першую сутычку з ворагам. Сем дзён іх 27-ы асобны разведвальны батальён адбіваў атакі гітлераўцаў каля Бялыніч на ўзбярэжжы Друці. А потым пачалася бітва на Буйніцкім полі. Варожая тэхніка насоўвалася незлічонай армадай. Сілы былі няроўныя. Чырвонаармейцы-пеха- цінцы стаялі насмерць.

Аляксандр Іванавіч у думках вяртаўся ў той страшэнны час. Менавіта на гэтым полі, што за вёскай Буйнічы, тысячы нашых байцоў праявілі незвычайную мужнасць і стойкасць у кровапралітных баях, абараняючы Магілёў.

Неаднойчы даводзілася бываць у гэтым святым куточку зямлі, палітай крывёю. З высокага берага Дняпра сцелецца рачная пойма. На Буйніцкім полі, увекавечаным Канстанцінам Сіманавым у рамане-эпапеі «Жывыя і мёртвыя», створаны ваенны мемарыял. Па запавеце пісьменніка пасля яго смерці над полем развеяны яго прах.

— На тым полі і я мог бы назаўсёды застацца,
— ціха вымавіў мой субяседнік. — Колькі нашых байцоў там палегла! Рачная плынь Дняпра была чырвонай ад крыві. Нашы байцы абаранялі Магілёў да апошняга патрона. Без танкаў, без прыкрыцця з паветра пяхота стаяла насмерць. Фронт адышоў далёка ад Магілёва, а горад па-ранейшаму ворагу не здавалі.

Праз дзесяцігоддзі пасля вайны Аляксандр Іванавіч памятае, як капаў свой першы акоп на пшанічным полі. Імкнуўся не пашкодзіць даспяваўшую збажыну. Побач з ім у акопе стаяў за кулямётам Вася Якавенка. Раптам яго кулямёт заціх. Параненага Васіля пацягнула ў нізіну малодзенькая медсястра. А баец Слабада кінуўся да зброі, якая была засыпана зямлёю. Адкапаў дыскі, пачысціў і перазарадзіў. Націснуў на курок: праверыць, працуе ці не. І тут нечакана пачуў ад камандзіра: «Што ты робіш! Патроны эканоміць трэба!» Балюча было бачыць, што ад пшанічнага поля нічога не засталося.

Абарона Магілёва трымалася з 3 па 26 ліпеня 1941 года. З таго гераічнага процістаяння па ўсёй вялікай краіне пайшла слава пра 388-ы стралковы полк бясстрашнага палкоўніка С.Ф. Куцепава. Яго байцы паспяхова адбілі страшны націск стальной калоны Гудэрыяна. Нямецкія танкі ператварыліся ў груды металалому.

Аляксандр Слабада дагэтуль памятае, як упершыню адчуў, што такое бой з варожымі танкамі: «У кожнага нашага салдата па дзве бутэлькі з гаручай сумессю. Трэба кінуць іх на матор, ззаду танка, што надзвычай складана. Помню, танк прэ на мой акоп. Але нельга дапускаць панікі, інакш канец. Вось ужо да танка метры чатыры, я прытаіўся… Танк ужо за маёй спінаю, самы зручны момант — шпурляю бутэльку. Тое ж робяць і іншыя салдаты. Танк гарыць. Ну, зараз мне лёгка ўспамінаць, а як было тады… Я ж упершыню бачыў нямецкі танк у баі…»

На Буйніцкім полі байцу Аляксандру Слабадзе ўдалося падбіць два варожыя танкі. За абарону Магілёва многіх воінаў адзначылі баявымі ўзнагародамі. Пехацінец Аляксандр Слабада атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. 

Узгадаў Аляксандр Іванавіч, як ездзіў на Буйніцкае поле некалькі гадоў таму, калі там ладзіліся ўрачыстасці з нагоды гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спадзяваўся сустрэць кагосьці з тых, хто там змагаўся з ворагам. Ён застаўся адзіным жывым сведкам тых страшэнных баёў.

Не выкрэсліць з памяці ветэрана вайны і момант, калі іх 53-я дывізія пасля баёў пад Магілёвам трапіла ў акружэнне. Днём ішлі, ноччу праводзілі разведку. Крочылі па балотах, лясах — там, дзе немцаў не было. У вёсках падсілкоўваліся. Людзі дапамагалі хто чым мог.

— Сяляне дадуць акрайчык хлеба, а мы ніткай яго рэжам, каб нікога не пакрыўдзіць, — узгадвае ветэран. — І гэта на ўвесь узвод. Перакусім, балотнай вадзічкай зап’ём — і крочым па начах далей на ўсход. У канцы лета пад Смаленскам дабраліся да сваіх.

Аляксандра Слабаду прызначылі па-мочнікам камандзіра ўзвода 43-й арміі, якая прымала ўдзел у абарончых баях пад Вязьмай, Малаяраслаўцам, Падольскам, а таксама ў контрнаступленні пад Масквой. У адным з жорсткіх баёў летам 1942 года ён атрымаў першае раненне. У пад­раздзяленне адна- палчане неслі яго на плашч-палатцы. Так і раку пераплывалі. Некалькі дзён праляжаў у медсанбаце, як пачалася газавая гангрэна. На самалёце пераправілі ў Маскву. Урачы намерваліся ампутаваць цяжка параненую нагу, але баец катэгарычна запярэчыў: «Якой нявесце патрэбен буду?» Нагу дактары ўратавалі. Пасля лячэння ў эвакашпіталі малады баец адправіўся змагацца з ворагам на Калінінскі фронт. А потым ён прайшоў і партызанскімі шляхамі-дарогамі па роднай Віцебшчыне.


КАЛI пасля другога цяжкага ранення кансіліум ваенных урачоў прызнаў яго нестраявым, кіраўнік партызанскага атрада не застаўся без справы. Ён узначаліў Гомельскі абкам камсамола. Скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Там ён сустрэўся з будучай жонкай Нінай Паўлоўскай. Больш як паўвека пражылі разам. Выхавалі сына Яўгена і дачку Таццяну. Аляксандр Іванавіч працаваў на партыйнай, савецкай рабоце ў былой Бабруйскай вобласці. Амаль дзесяць гадоў кіраваў Любанскім райкамам партыі. Любанскі раён славіўся высокімі вытворчымі паказчыкамі ў сельскай гаспадарцы. За працоўныя дасягненні кіраўнік раёна Аляксандр Слабада ўдастоены Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы. Яму прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Любанскага раёна і Мінскай вобласці.

Да выхаду на пенсію Аляксандр Іванавіч працаваў намеснікам старшыні Рэспубліканскага камітэта народнага кантролю. На заслужаным адпачынку ветэран не заставаўся без справы: актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Балюча перажыў страту сына Яўгена.

У жніўні яму споўніцца 100 гадоў. Аўдавелага бацьку падтрымлівае дачка Таццяна. Род слыннага партызана, франтавіка, грамадскага дзеяча Аляксандра Іванавіча Слабады працягваецца ва ўнуках, праўнуках.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter