Шукаю жонку, з якой можна было б увесь час размаўляць па-беларуску

Сёння я выкарыстоўваю любую магчымасць паразмаўляць па-беларуску, але з практыкай складанасці: не ўсе ж паэты і празаікі.

Нядаўна сустрэў студэнцкую сяброўку, якую не бачыў гадоў дзесяць.

— Ой, Петя, как жизнь? — адразу агарошыла яна мяне сваім пытаннем. — Я так хотела тебя видеть...

“Ну, калі б хацела, знайшла б... Я ж не іголка ў стозе сена”, — падумалася мне.

— Ды нічога сабе жыву, — адказаў я. — Хлеб жую і бульбу трушчу. А ў цябе як справы?

— Да вот одна проблемка нарисовалась, — затараторыла Ліля. — Все лето искали в Минске школу, где бы детей учили на белорусском языке...

— І знайшлі?

— Нашли!

— А скажы мне, вы з мужам дома па-беларуску размаўляеце? Усё ж творчыя людзі. Так, каб з раніцы — “Як табе спалося, любая?”, а ўвечары — “Добрай ночы, маё шчасцейка!”

— Нет, конечно... — адказвае мая субяседніца.

— Вось бачыце, вы сваю сямейную “праблемку” спрабавалі вырашыць выключна праз дзяржаву. Між іншым, я не ведаю цыганскіх школ. Але ж цыганяты чэшуць па-свойму будзь здароў змалку, — падвёў я размову да заканчэння.

Час не чакаў, мы разышліся ў розныя бакі. Кожны па сваіх справах, мо, яшчэ гадоў на дзесяць.

Па дарозе дадому мне ўзгадаліся падзеі дваццацігадовай даўніны. У той час я працаваў у партыйных органах. І вось ЦК КПСС узняў зарплату партыйным работнікам. Першы сакратар райкама КПБ атрымліваў ужо замест 240 ажно 550 рублёў (рубель каштаваў крыху даражэй даляра). Мой заробак узрос з 210 да 240 рублёў. Зыходзячы з таго, што павышэнне акладаў партыйным функцыянерам выклікала ў радавых членаў КПСС адмоўную рэакцыю, я ад яго адмовіўся. Напісаў заяву на імя першага сакратара КПБ, каб розніцу адпраўлялі на рахунак таварыства беларускай мовы. У той жа дзень на ёй з’явілася рэзалюцыя: “Не маю нічога супраць!” Тут жа ён пералічыў розніцу ў сваёй зарплаце на рахунак “Дзіцячага фонду”.

У гэтай гісторыі быў і працяг. Праз колькі дзён мяне выклікалі да сакратара райкама па ідэалогіі, якая прапанавала-папрасіла ўзначаліць раённае таварыства беларускай мовы. У той час ужо стаяла пытанне аб пераводзе справаводства ў дзяржаўных установах на беларускую мову.

Адмаўляцца было неяк няёмка. І неўзабаве пад эгідай райкама партыі пачалі праходзіць мерапрыемствы, якія прапагандавалі яе ўжытак. Вечарамі апарат райкама партыі збіраўся на вучобу па авалоданні правапісам і гісторыяй.

Неўзабаве за вопытам беларусізацыі ў раён прыехала абласное тэлебачанне. У інтэрв’ю яго карэспандэнту я расказаў, что вырас у вёсцы. Заканчваў восем класаў у беларускай школе, потым быў Белдзяржуніверсітэт. А раённыя газеты, дзе працаваў, выдаваліся выключна на беларускай мове.

Інтэрв’ю чамусьці не спадабалася старшыні аблтэлерадыёкамітэта. Карэспандэнтку, якая прыязджала да мяне, вымусілі перайсці на працу ў абласную газету. Да мяне Ролікаў (прозвішча чыноўніка зменена) прымяніў ярлык “бэнээфаўца”, чым у значнай ступені атруціў маё жыццё. Потым неяк давялося быць з ім у адной кампаніі, і ён нават набіваўся ў сябры, бо я ўжо працаваў у “Белорусской ниве”. А неўзабаве яго адправілі на заслужаны адпачынак.

Сёння я выкарыстоўваю любую магчымасць паразмаўляць па-беларуску, але з практыкай складанасці: не ўсе ж паэты і празаікі. Хаця ніхто нікому рот не завязвае. У нашай газеце матэрыялы на беларускай мове пачалі заахвочвацца рублём. Але ж тая самая моладзь не вельмі спяшаецца гэту магчымасць папаўнення свайго бюджэту скарыстаць на ўсе сто. Ці то лянуюцца, ці то ў вёсцы не раслі, і ў сям’і бацькі мову не прывівалі змалку. А таму назва гэтага артыкула вельмі актуальная...

Дзяржава ж выпускае дастаткова настаўнікаў беларускай мовы і культработнікаў, ёсць беларускія тэлебачанне і газеты з часопісамі, кнігавыдавецтвы. Але, па ўсім відаць, пад прымусам нельга зрабіць нешта талковае...

Пятро КАВУНОЎ, «БН»

Р.S. Тыя, хто прачытаў артыкул да публікацыі, пацікавіліся:

— А што як жонка пераблытае беларускую мову з рускай?

Адказваю:

— Я ёй буду ставіць “двойкі”...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter