На другасным рынку жылля – рэкордна нізкая колькасць прапаноў. Што будзе з цэнамі?

Шукаю свабодную плошчу

Варыянтаў — хоць шаром пакаці», — мінчанка Карына гартае аб’явы аб продажы жылля. Цікавіць яе выключна другасны рынак. Новабудоўлі хоць і прасторней будуць, але канчатковы кошт вышэй, чым у старой кватэры. Плюс там ёсць хоць нейкая мэбля. Ды і па размяшчэнні і інфраструктуры тыя ж хрушчоўкі выйграюць.

Увосень прадаўцы вырашылі прытрымаць «лішнія квадраты» ў надзеі, што змогуць выручыць больш.

Карыне спадабалася кватэра ў пачатку Лагойскага тракту. Дом дзевяціпавярховы, кухня — восем «квадратаў», паасобны санвузел, агульная плошча — 38 «квадратаў». Просяць больш за 84 тысячы рублёў. «Бяром крэдыт — і ў дарогу. Мяркуючы па сітуацыі, далей будзе толькі даражэй», — разважае суразмоўца. Карэспандэнт «Р» паглядзела, што адбываецца на рынку другаснай нерухомасці.

Лiшнiя «квадраты»

Калі 2016-ы запомніўся рыэлтарам рэкордным па колькасці здзелак, то мінулы стаў лідарам па мінімальнай колькасці выстаўленых на продаж кватэр. Аналітыкі агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» падлічылі: у сярэднім у месяц здзяйснялася 1,1 тысячы здзелак куплі-продажу жылля. Прычым сотня абменаў была з новабудоўлямі. Актыўнасць на рынку прывяла да таго, што колькасць выстаўленых на продаж кватэр з вясны пачала зніжацца. Сярэдні памер скідкі для пакупнікоў паменшыўся ўдвая. Калі раней можна было збіць кошт кватэры на 10 процэнтаў, то цяпер толькі на 5. А ўвосень прадаўцы, ацаніўшы попыт і падзенне ставак па крэдытах, вырашылі прытрымаць «лішнія квадраты» ў надзеі, што змогуць выручыць больш. У выніку ўтварыўся запас, які павінен з’явіцца на рынку ў гэтым годзе.

Па словах намесніка дырэктара па продажы на другасным рынку жылля «Твая сталіца — агенцтва нерухомасці» Святланы Кудзелкi, у канцы снежня ў продажы застаўся рэкордна нізкі для апошніх трох гадоў аб’ём кватэр — каля 5,7 тысячы. У той час як сярэдні ўзровень прапановы знаходзіцца на адзнацы каля 8 тысяч варыянтаў. Так што пошук аб’екта з пэўным наборам характарыстык прымушае пакупнікоў выходзіць за межы першапачатковай сумы.

Не здрадзiўшы логіцы, падраслі і цэны. Праўда, на другасным рынку сустракаюцца розныя варыянты. Так што і цэннік тут скача. Больш за іншых падаражала жыллё ў каркасна-блочных дамах маладзей за 2009 год пабудовы. Прадаўцы такіх кватэр у першую чаргу глядзяць на кошт новых аналагiчных дамоў. У выніку пакупнікі хутка пераарыентаваліся на звычайныя панэлькі. Хрушчоўкі і брэжнеўкі разглядаюць як крайні выхад з сітуацыі з-за іх невялікай плошчы.

Цанавы фактар

Калі прааналізаваць сумы здзелак, то атрымаецца, што сярэдняя цана квадратнага метра ў аднапакаёвых кватэрах зараз на адзнацы ў 1150 долараў у эквіваленце. На сотню і на паўтары танней двушкі і трошкі адпаведна. Пакупнікі часцей выбіралі кватэры ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Ленінскім раёнах, пішуць аналітыкі партала аб нерухомасці realt.by.


У снежні яны заўважылі цікавую сiтуацыю з самымі бюджэтнымі кватэрамі. Так, колькасць здзелак з аднапакаёўкамі за 30—35 тысяч долараў у эквіваленце ўпала адразу на 60 працэнтаў. Нешта падобнае таксама назіраецца ў двухпакаёвых за 40—45 тысяч. Па-першае, такiх варыянтаў засталося мала. Па-другое, iх якасць далёкая ад iдэалу.

Што будзе далей з цэнамі і прапановай? Па логіцы рынак чакае сезоннае зніжэнне попыту, а вось рэзкага скачку цэн эксперты не прагназуюць. Бо нягледзячы на тое, што крэдыты становяцца больш даступнымі, памер крэдыту мала каму дазволіць пазычыць адразу на палову кватэры. Хоць спецыялісты прызнаюць: лічбы ў дагаворах будуць усё ж расці. 

ДАРЭЧЫ

Самая папулярная вуліца ў краіне — Цэнтральная. Яна сустракаецца ледзь ці не ў кожным населеным пункце. У 5056 гарадах і вёсках ёсць такая. Затое ў Лунінцы і Століне такой няма, адрэагавалі на навіну ў сацсетках. Напэўна, яны не адны такія, бо ўсяго ў базе Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці значыцца больш за 23,3 тысячы населеных пунктаў. З іх 115 — гарады.

Наступныя па папулярнасці вуліцы Маладзёжная (ёсць больш чым у 2,16 тысячы кропак на карце краіны) і Садовая (сустракаецца звыш 2,16 тысячы разоў). Яшчэ ў дзясятцы самых папулярных — Лясная, Палявая, Лугавая і Зарэчная.

Крыху больш за паўтысячы вуліц носіць імя Леніна, яшчэ каля двух дзясяткаў — Ільіча. У гонар Якуба Коласа назвалі 255 вуліц, у гонар Янкі Купалы — 233. Яшчэ з цікавага: у Навалукомлі ёсць 43 Цэнтральныя завулкi.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter