Уникальный проект: как из минских школьников сделают любителей музеев и театров

Шукай скарбы па карце!

Незвычайны праект «Карта росту» запрацуе ў Мінску ўжо ў кастрычніку: мяркуецца, што дзякуючы яму падлеткі будуць праяўляць больш цікавасці, у прыватнасці, да гісторыі і культуры — музеяў, выстаў і тэатраў. Чаму? Схадзіў на экскурсію, прайшоў віктарыны, зарабіў балы — атрымай смартфон ці камп’ютар альбо іншыя каштоўныя прызы!

У праект уключаны каля 35 мінскіх музеяў, больш за 20 школьных музеяў і пяць тэатраў.
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

«Карта росту» — праект, прадуманы да дробязей. У яго ўключана каля 35 мінскіх музеяў, больш за 20 школьных музеяў і пяць тэатраў. З часам праект будзе развівацца, папаўняцца новымі ўдзельнікамі. Упершыню ў краіне дзецям можна будзе наведаць экспазіцыю ці спектакль, а потым праверыць сябе — даведацца, што новага ўдалося засвоіць. Дапаможа ў гэтым спецыяльны вэб-рэсурс. Сайт і яго мабільная версія пакуль знаходзяцца ў стадыі тэсціравання, але «Р» дазволілі зазірнуць на «кухню» праекта.

Барыс Васільеў, дырэктар прадпрыемства «Мінгардаведка», расказвае пра навінку:

— Тут сабраны класічныя віктарыны і своеасаблівыя тэматычныя квесты. Праект мае тры ўзроўні складанасці, але ўсе заданні даступныя розным узроставым катэгорыям: дзеці і падлеткі могуць самі выбраць узровень складанасці. Пасля экскурсій школьнікі адкажуць на пытанні, а за веды атрымаюць балы.

Мне дэманструюць рубрыкі сайта, а я выпрабоўваю свае сілы. Калі на першым і другім узроўнях адказы на пытанні амаль не выклікаюць у мяне асаблівых цяжкасцей, то на трэцім, самым высокім, правільна выконваю толькі нешматлікія заданні — значыць, веды трэба падцягнуць, а менавіта ўважліва паслухаць музейных гідаў. Распрацоўшчыкі праекта спадзяюцца: такім чынам «Карта росту» зацікавіць не толькі школьнікаў, але і іх бацькоў...

Уявім сітуацыю: дзіця вярнулася пасля наведвання, для прыкладу, музея гісторыі ВАВ і не засвоіла, што за самалёт такі У-2. Тата, які таксама зацікавіўся гэтым пытаннем, можа старанна яго вывучыць, а потым як бы незнарок за вячэрай расказаць усёй сям’і займальную гісторыю, чаму мы празвалі адзін з самых масавых самалётаў у свеце «кукурузнікам», а немцы — «дзяжурным яфрэйтарам» і «кавамолкай» . Дзіця запомніць і вернецца да гульні, каб з веданнем справы займець запаветныя балы. Дарэчы, своеасаблівыя «адзнакі» будуць атрымліваць і самі музеі і тэатральныя спектаклі. Пасля іх наведвання школьнікі змогуць ставіць «лайкі», выклікаючы здаровую канкурэнцыю паміж удзельнікамі праекта.

Праект рэалізуецца сумесна з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. Ужо гэтай восенню першымі навінку выпрабуюць вучні некаторых устаноў адукацыі Фрунзенскага, Цэнтральнага і Савецкага раёнаў. «Карта росту» прастымулюе школьнікаў атрымліваць веды за межамі вучэбнай праграмы, а выкладчыкам прадаставіць дадатковую магчымасць для ацэнкі ўзроўню самастойнасці вучняў.

— Мы спадзяёмся, — кажа Барыс Васільеў, — што «Карта росту» будзе папулярнай не толькі ў Мінску, але з часам з’явіцца і ў іншых кутках краіны. У праекта ёсць усе шансы на поспех, улічваючы развіццё яго папярэдніка — «Карты госця», якая зацікавіла не толькі замежных турыстаў, але і беларусаў. Пад знакам Года малой радзімы ўжо распрацоўваюцца спецыялізаваныя міжрэ­гія­наль­ныя фарматы праекта «Карта госця».

З чаго ўсё пачыналася, успамінае кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Шыфрын, начальнік цэнтра Карты госця «Мінгардаведкі», у якім рэалізуецца таксама і праект «Карта росту». Ён акцэнтуе ўвагу, што праграмы, якія прадастаўляюць турыстам бонусы і зніжкі, ёсць у многіх краінах свету:

— «Карты госця» ёсць у пяці фарматах — VIP, прэміум, люкс, бізнес і эканом, каштуюць ад 5,5 да 69 рублёў. Практычна ўсе музеі, размешчаныя ў Мінску і ваколіцах, уключаны ў праект. Зніжкі і бонусы даюць таксама гасцініцы, кафэ, магазіны, пункты пракату аўто, веласіпедаў. Выкарыстоўваючы карту, іншаземец або беларус могуць падарожнічаць з выгадай для кашалька.

Падобныя бонусныя карты цікавыя падарожнікам, але карыстаюцца попытам і ў камандзіровачных, якія прыязджаюць да нас па справах, — яны, як правіла, не супраць вылучыць дзень-другі, каб вывучыць краіну. Ёсць варыянт і для беларусаў — такая карта дзейнічае цэлы год і спрыяе развіццю ўнутранага турызму. Плюс да ўсяго, хутка «Карта госця» сур’ёзна трансфармуецца.

— Ствараем адзіную карту, якая ўключыць прывабныя аб’екты ўсёй краіны. У яе ўладальнікаў будзе поўная інфармацыя пра славутасці, кропкі грамадскага харчавання, гасцініцы, — анансуе Барыс Васільеў. — Шчыльна супрацоўнічаем з аблвыканкамамі, міністэрствамі культуры, спорту і турызму — яны ідэю ўсяляк падтрымліваюць.

Першыя вынікі запланавана ўбачыць ужо да канца гэтага года, але і далей «Карта госця» будзе папаўняцца. Наперадзе II Еўрапейскія гульні-2019, таму ў праект уключаць новы пералік аб’ектаў, якія будуць цікавыя спартсменам і балельшчыкам. Зараз складаюцца спісы: трэба ўлічыць інтарэсы аматараў спорту, пры гэтым пазнаёміць іх з гісторыяй і культурай нашай краіны.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter