«Шукаць, каб запаўняць гiсторыяй мiнулае...»

7 лiпеня ў Вялiкiм тэатры оперы i балета — унiкальная прэм’ера

Прафесар Вiктар Скарабагатаў марыць, каб вернутая да жыцця опера зноў загучала ў Нясвiжы, дзе стваралася i выконвалася больш за 200 гадоў таму

7 лiпеня ў Нацыянальным акадэмiчным Вялiкiм тэатры оперы i балета — унiкальная прэм’ера. Са сцэны загучыць опера «Чужое багацце нiкому не служыць», створаная ў Нясвiжы прыдворным капельмайстрам Радзiвiлаў Янам Голандам больш за 200 гадоў таму. Каб узнавiць гэты твор i вярнуць яго да жыцця, беларускiм музыказнаўцам спатрэбiлася пяць гадоў.

— Пагадзiцеся, вельмi сiмвалiчна: узноўленая партытура ва ўзноўленым тэатры. Да таго ж мы, па сутнасцi, упершыню пабачым оперны спектакль, якi быў напiсаны i пастаўлены ў Беларусi ў Нясвiжы ў XVIII стагоддзi. Адметна i тое, што дзея оперы адбываецца менавiта ў Нясвiжы. Пакуль гэта адзiны з беларускiх гарадоў, якi можа пахвалiцца падобнай «прапiскай» у сусветным оперным мастацтве! – усхвалявана гаворыць iнiцыятар i кiраўнiк музычнай рэканструкцыi заслужаны артыст Беларусi, прафесар, вядомы оперны спявак Вiктар Скарабагатаў.

— Вiктар Iванавiч, мяркуючы па ўзноўленай оперы, якiмi ж былi музычныя густы дасведчанай беларускай публiкi XVIII стагоддзя?

— Яны практычна супадаюць з тымi, якiя панавалi на той час у Iталii, Францыi, Германii, – абсалютна той жа еўрапейскi водар класiцызму. I ў гэтым няма нiчога дзiўнага. Тагачасная Беларусь знаходзiлася ў самым цэнтры еўрапейскай музычнай культуры. У канцы XVIII стагоддзя тут iснавала шэсць балетных вучылiшч, у той час як у Францыi – усяго адно, у Парыжы. Тут адбывалiся, як цяпер сказалi б, сусветныя прэм’еры. Напрыклад, у адным з магiлёўскiх тэатраў (а мiж iншым, у горадзе iх было тры) у 1780 годзе вядомы iтальянскi кампазiтар Джаванi Паiзiела ўпершыню прадставiў публiцы сваю оперу «Уяўная каханка». У тагачасным Слонiме працаваў Мiхал Казiмiр Агiнскi, гетман ВКЛ, якi праславiўся тым, што быў музыкантам, а яшчэ i тым, што тэхнiчна ўдасканалiў сiстэму педаляў арфы. Гэта дзякуючы яму i сёння арфiсты свету маюць магчымасць iграць у розных танальнасцях. Сюды, у Беларусь, выпiсваюць капельмайстраў з-за мяжы. Скажам, у Сапегаў працуе Iаган Абрахам Петэр Шульц, нямецкi кампазiтар, якi ўвайшоў у гiсторыю сусветнай музычнай культуры як бацька жанра рамантычнай песнi. У Нясвiжы адначасова капельмайстрамi радзiвiлаўскай капэлы працуюць адразу чатыры выдатныя музыканты: родзiч Караля Станiслава Радзiвiла, знакамiтага Пане Каханку, Мацей Радзiвiл, чэх Ян Дусiк, iтальянец Джаванi Альберцiнi i немец Ян Голанд.

— Раскажыце, калi ласка, пра яго больш падрабязна.

— Ян Давiд Голанд нарадзiўся недалёка ад Гамбурга, там жа, у Германii, атрымаў адукацыю i да пачатку 1780-х гадоў быў ужо даволi папулярным кампазiтарам. Пасля смерцi жонкi ён пабраўся шлюбам у другi раз i, вiдаць, у рамантычным настроi падарожнiчаў па Еўропе. Апынуўшыся ў Рэчы Паспалiтай, ён нейкiм чынам пазнаёмiўся з Пане Каханку, якi i запрасiў кампазiтара ў Нясвiж. Голанд запрашэнне прыняў i недзе каля 1782 года прыступiў да выканання сваiх абавязкаў. А 17 верасня 1784-га ўжо адбылася прэм’ера яго оперы «Агатка, або Прыезд пана», прымеркаваная да вiзiта ў Нясвiж польскага караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага, якi, дарэчы, спектакль ухвалiў i нават меў ласку прачытаць прысутным верш на беларускай мове ўласнага сачынення. Другая опера Голанда — «Чужое багацце нiкому не служыць» — была пастаўлена ў 1785 годзе. Акрамя таго, у Нясвiжы ён сачынiў балеты «Арфей i Эўрыдыка» i «Сялянскi разарый», кантату «Смелы, мужны Караль Другi», шэраг вакальных твораў i клавiрных п’ес. Капельмайстрам у Радзiвiлаў Ян Голанд працаваў 20 гадоў, а пасля смерцi Пане Каханку з’ехаў у Вiльню, 25 гадоў быў прафесарам Вiленскага унiверсiтэта. У Вiльнi Голанд правёў i апошнiя гады свайго жыцця.

— Выходзiць, пра iснаванне оперы «Чужое багацце нiкому не служыць» даследчыкам было даўно i добра вядома?

— Па назве мы ведалi, што такая опера была, але ж партытура лiчылася страчанай. Пошукi яе вялi даўно i мэтанакiравана, i вось больш за дзесяць гадоў таму доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзiёмава ў архiвах Кракаўскай Ягелонскай бiблiятэкi зрабiла сенсацыйную знаходку: рэшткi рукапiсу опернай партытуры, запiсанай у выглядзе «лiчбавага басу» з партыямi першай скрыпкi, кантрабаса i голаса. Наогул, Ян Голанд – галоўная фiгура даследаванняў Вольгi Дадзiёмавай, яго рукапiсы цi выданнi яна шукае, дзе б нi была ў Еўропе, i знайшла досыць багата. Копii практычна ўсяго, што захавалася са спадчыны Голанда, сёння ёсць i ў нас.

— Рэканструкцыя оперы ажыццявiлася ў Беларусi ўпершыню, яна працягвалася пяць гадоў. Наколькi складаны гэты працэс?

— Гэта абсалютна нармальны працэс. Расшыфраваць нотны рукапiс было не так складана. Хоць наогул знаўцаў «лiчбавага басу» небагата, але ў Беларусi ёсць вопытны спецыялiст — мастацкi кiраўнiк ансамбля салiстаў «Класiк-авангард» Уладзiмiр Байдаў, якi блiскуча валодае гэтай тэхналогiяй. Ён i стаў аўтарам новастворанай партытуры. Аднак пытаннi паўставалi другiя. Напрыклад, якiм павiнен быць склад аркестра? Мы ж не ведаем, якi ён быў у Голанда. Такая ж гiсторыя i з лiбрэта. Арыгiнал не захаваўся, але сюжэт оперы вядомы. Падобныя сюжэты ў канцы XVIII стагоддзя хадзiлi па свеце ад аднаго кампазiтара да другога: стары бацька не хоча, каб маладыя людзi пажанiлiся, але яны, вядома ж, прыдумаюць, як яго абхiтрыць. Абсалютна «хадульны» еўрапейскi сюжэт, i аднавiць п’есу для спрактыкаванага драматурга не такая ўжо складаная задача. Але iншая справа, якiм гэты сюжэт быў паказаны ў Нясвiжы? Спачатку мы меркавалi, што ўся дзея оперы адбываецца ў вёсцы. Але калi закончылi партытуру i паслухалi музыку, ахнулi: гэта нiяк не вёска, а мо Парыж цi Вена!.. Пасля доўгiх разваг вырашылi памяняць «пра-фесiю» аднаму з герояў, з парабка ён стаў акцёрам нясвiжскага тэатра. I ўсё адразу натуральна «зраслося» i стала на свае месцы. Аўтарам адноўленай п’есы (а па жанры гэта вадэвiль, дзе музычныя нумары перамяжоўваюцца дыялогамi) з’яўляецца вядомы беларускi драматург i знаўца гiсторыi менавiта нясвiжскага тэатра XVIII стагоддзя Сяргей Кавалёў. Пераклад вершаваных фрагментаў оперы зрабiў Васiль Сёмуха. У цэлым твор, на мой погляд, атрымаўся цiкавым, вытанчаным, з гумарам, з каларытнымi персанажамi. Дарэчы, iграюць у спектаклi пераважна маладыя артысты тэатра, для некаторых гэта наогул дэбют. Задумваючы гэты праект, мы хацелi, каб ён стаў творчай школай для нашай опернай моладзi. Гэта iдэя знайшла дзейсную падтрымку з боку дзяржавы. На пастаноўку спектакля быў выдаткаваны прэзiдэнцкi грант i атрыманы дзяржзаказ. Але ёсць у нас яшчэ i ружовая мара — каб адноўленая опера гучала не толькi са сталiчнай сцэны, каб яе ўбачылi i пачулi ў iншых гарадах Беларусi, i перш за ўсё ў старажытным Нясвiжы, дзе яна некалi стваралася i выконвалася. Дарэчы, нядаўна мы з артыстамi ездзiлi ў Нясвiж на касцю-мiраваную фотасесiю ў iнтэр’ерах Нясвiж-скага палаца i некалькi фрагментаў оперы праспявалi ў яго сценах. Уражаннi неверагодныя!..

— Каля 20 гадоў вы ўзначальваеце Беларускую капэлу – творчы калектыў, якi займаецца адраджэннем беларускай музычнай спадчыны. Цi ёсць яшчэ цiкавыя адкрыццi?

— Знаходак — каласальная колькасць, i гэта заканамерна. Было б глупствам лiчыць, быццам у XVIII стагоддзi на тэрыторыi Беларусi, якая знаходзiцца мiж еўрапейскiх краiн, не адбывалася развiццё музычнага жыцця, не стваралася музыка вышэйшага гатунку. Музыка не магла не стварацца! Бо вядома, што на той час тут працавалi больш за 50 капэл, 30 з якiх мелi свае сiмфанiчныя аркестры, а 26 былi оперна-балетнымi тэатрамi. Проста мы не ўсё пакуль знайшлi. Цi, напрыклад, як магло быць, каб ва ўсёй тагачаснай музычнай Еўропе панаваў жанр сiмфонii, а тут, на тэрыторыi Беларусi, сiмфонiй не стваралi? Стваралi! Вось у мiнулым годзе ў Лiтве Святлена Немагай i Аляксей Фралоў знайшлi каля 20 сiмфонiй з архiва Забельскай гiмназii. Калiсьцi яна знаходзiлася на тэрыторыi сённяшняй вёскi Валынцы Верхнядзвiнскага раёна, i, як цяпер вядома, там да сярэдзiны ХIХ стагоддзя працавала досыць моцная каманда кампазiтараў. Сярод iх, напрыклад, нехта па прозвiшчы Плашына. Летась музыканты ансамбля «Класiк-авангард» выканалi тры серэнады для аркестра гэтага аўтара. I што цiкава, у першай адчуваецца каласальны ўплыў Гайдна, у другой, пазнейшай па часе, – Бетховена, а ў трэцяй нават Мендэльсона. Гэта ж якiя веды былi ў чалавека, якi жыў i ствараў паблiзу сённяшняй вёскi Валынцы!

У гэтым годзе ў гiсторыi нашай музыкi выяўлены жанр, якога дасюль быццам таксама не iснавала. Той самай Святленай Немагай знойдзены канцэрт для фартэпiяна з аркестрам, якi напiсаны ў першай палове ХIХ стагоддзя кампазiтарам Юзэфам Дашчынскiм. Месца, дзе ён працаваў, — Гарадзiшча на Берасцейшчыне. Цi, скажам, устаноўлена iмя музыканта — нашага земляка, якое наогул нiколi раней не згадвалася, — Ян Тарасевiч. Гэта пiянiст i кампазiтар, двойчы закончыў Пецярбургскую кансерваторыю, працаваў пры двары цара Мiкалая II. Мяркуючы па яго творчасцi, у беларускай музычнай культуры Ян Тарасевiч, па сутнасцi, займае такое ж месца, як у рускай культуры Сяргей Рахманiнаў, з якiм ён, дарэчы, сябраваў.

Гэта вельмi цiкава – запаўняць такiя «белыя плямы» цi «чорныя дзiркi», якiх, на жаль, нямала ў нашай музычнай культуры. У нас ёсць 10-мiльённы народ, ёсць мiнулае, але няма гiсторыi. А мiнулае i гiсторыя — гэта розныя рэчы. Мiнулае – усяго толькi адлiк часу. А гiсторыя – гэта падзеi i людзi, якiя тут жылi, працавалi, стваралi. Нам ёсць яшчэ што шукаць, каб далей запаўняць гiсторыяй сваё мiнулае.

На здымку: прафесар Вiктар Скарабагатаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter