Мастак Уладзімір Тоўсцік: “Лічу, што аўтар не павінен усё разжоўваць”

Шукальнiк неспазнанага

Народны мастак Беларусі Уладзімір ТОЎСЦІК.
Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1949-м. Жывапісу вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У ім жа, дакладней, цяпер ужо ў акадэміі мастацтваў больш за 40 гадоў сам выкладае малюнак. Загадвае кафедрай. Прафесар. Народны мастак Беларусі.

Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Персанальныя выставы — у шэрагу краін блізкага замежжа і ў Еўропе. Карціны — у многіх музеях і прыватных зборах на радзіме і далёка за яе межамі.

Яго почырк пазнавальны, а творчасць называюць яркай з'явай у сучасным мастацтве. Пра што б ні былі яго палотны, па манеры пісьма, вобразах, каляровай гаме, па сутнасці сваёй яны застаюцца праўдзіва беларускімі. Адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры — адна з асноўных тэм яго твораў.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу Уладзімір ТОЎСЦІК стаў лаўрэатам першай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Жывапіс».

— Уладзімір Антонавіч, што для вас важней: прызнанне калег-прафесіяналаў ці папулярнасць у гледачоў?

— Пытанне складанае. Дый мастацтва — рэч няпростая, па-рознаму ўспрымаецца гледачамі і прафесіяналамі. Вядома, прызнанне калег прыемна. Але забранзавець ва ўласнай велічы — нядобра, несімпатычна і няправільна. Любы мастак, якія б ён званні ні меў, павінен правяраць сябе меркаваннем калег, таварышаў, гледачоў. Тое, што ён робіць, знаходзіцца ў часе, і трэба з ім адаптавацца. Быць не зразуметым гледачом — таксама дрэнна. Але дагаджаць гледачу не варта. Задача мастака ў тым, каб раскрыць свой свет і зразумець: хто ты ёсць у гэтым часе. А ўжо ці ацэньваецца калегамі, гледачамі тваё разуменне, майстэрства і твая праца — гэта іншае пытанне. Ацэнкі змяняюцца ў часе. Напрыклад, існуе стэрэатып, маўляў, усё, што новае, — лепшае. Можа, памыляюся, але, на мой погляд, мастацтва — не навука, якая развіваецца чым далей, тым лепш. Што можа быць і сёння лепш, чым, скажам, «Страшны суд» Мікеланджэла, ці роспісы Вернера Цюбке, або работы Тамары Лямпіцкай, створаныя ў ранейшыя стагоддзі. Гэта значыць, ні адзін з відаў мастацтва, якія былі раней, нікуды не сышоў. У розныя перыяды часу адно мастацтва актуалізуецца, другое сыходзіць у цень — так было заўсёды, так ёсць і будзе. Успрыманне мастацтва пастаянна мяняецца, але з яго нічога не выпадае.

— А як вы ставіцеся да новых відаў мастацтва?

— Я не ханжа і не кансерватар, каб сцвярджаць: толькі тое, што раблю я, — правільна. Я не супраць альтэрнатыўных мастацтваў. Але супраць таго, каб было, як у савецкія часы: самы галоўны — сацрэалізм, усё астатняе — не. Праўда, цяпер атрымліваецца наадварот. Галоўнае — авангарднае мастацтва. Але авангарднае — гэта нешта новае. А калі традыцыі авангарда ўжо 100 гадоў, то гэта — кансерватыўнае мастацтва. Ці не так? Да мастацтва трэба ставіцца лаяльна. У кожнага яго віду, напрамку ёсць тыя, хто яго ўспрымае, свае прыхільнікі.

— Чаго сёння хоча глядач? Што больш за ўсё купляюць?

— Пейзаж. Чаму? Галаву не трэба напружваць. Пейзаж — гэта дадатковае акно ў кватэры. А добры пейзаж — гэта яшчэ і настрой, адчуванне, індывідуальнае прачытанне мастака, якое ўвесь час падсілкоўвае. Але такіх пейзажаў няшмат. Добрага мастацтва заўсёды шмат не бывае.

— Перамогу ў конкурсе і Нацыянальную прэмію вам прынёс вялікі трыпціх «Вербная нядзеля». Твор вядомы. У мінулым годзе за яго вы атрымалі Гран-пры на 5-й Беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры.

— Другая назва гэтай работы «Трансцэндэнцыя», гэта значыць, невытлумачальнае, недаступнае тэарэтычнаму пазнанню. Гэта — мая спроба знайсці адказ на пытанне «Хто мы?», разважанні аб нашай нацыі, народзе, які існуе паміж іншымі этнасамі — расійскім, польскім, прыбалтыйскім, паўднёвымі суседзямі.

Гледзячы на трыпціх «Вербная нядзеля», ёсць аб чым падумаць і паразважаць

— Трыпціх філасофскі, з многімі сэнсамі і вобразамі. Тут і свята Вербніца, і брама Радзівілаўская, і паліхромная скульптура Хрыста, які ўязджае на осліку ў Іерусалім, яе арыгінал калісьці захоўваўся ў Нясвіжы, а цяпер знаходзіцца ў кракаўскім музеі. «Прачытаць» такое палатно звычайнаму гледачу, бадай, няпроста.

— Гэта — праблема, канечне. «Прачытаць» карціну ў нас і крытыкі, і журналісты, як правіла, не могуць — недасведчанасць. Але гісторыі сусветнай мастацкай культуры, якую ў школе не выкладаюць, трэба вучыцца самому. Я не лічу, што аўтар павінен усё разжоўваць. Гледачу трэба і самому папрацаваць, падрыхтавацца. Мой пасыл зразумелы: Вербная нядзеля. Што гэта за свята, ўсе, напэўна, ведаюць. А далей — думайце, пазнавайце, вывучайце: якія абрады з ім звязаныя, адкуль пайшла традыцыя «віленскіх» вербаў, характэрных сёння для Літвы і Польшчы, чаму Хрыстос уязджаў у Іерусалім на асле...

— Вы шмат гадоў выкладаеце малюнак. Як распазнаць сапраўдны талент?

— Талент праяўляе сябе сам, калі чалавек мае здольнасці і працуе. Ёсць маса людзей, якія добра малююць, але не сталі мастакамі. Ёсць і тыя, хто не вызначаўся, калі вучыўся, але мастакамі сталі. Вучні заўсёды ёсць і будуць — таленавітыя, пасрэдныя, сярэднія. Калі ты выкладаеш, не ведаеш дакладна, што з чалавека атрымаецца. Таму што вучоба дае толькі навыкі, а мастак, яго свет, асоба фарміруюцца ўсё жыццё, і на гэты працэс уплываюць многія фактары.

— Ваша захапленне малюнкам, жывапісам — з дзяцінства?

— Мабыць, ува мне рэалізаваліся неажыццёўленыя мары бацькі. Ён быў афіцэрам, ваяваў і любіў маляваць заўсёды. Неўзабаве пасля вайны нават паступіў у мастацкі інстытут у Харкаве. Толькі са службы яго вучыцца не адпусцілі, ды і сям'я ўжо была на руках. Але мяне са школьных гадоў вабіла не толькі маляванне. Я вельмі любіў і заняткі па гісторыі, шмат чытаў. Мяне і цяпер гэтая тэма цікавіць. Асэнсоўваючы яе ў сваіх работах, быццам адчуваю сябе адкрывальнікам маладой краіны са старажытнай гісторыяй.

— Мінск і мінчане — таксама асаблівая тэма для вас.

— Дык я ж мінчанін у трэцім пакаленні. Гэта — мой родны горад. З самых розных — далёкіх і блізкіх — падарожжаў заўсёды спяшаюся вярнуцца сюды, дадому цягне, тут мае карані.

— Пра ваш творчы стыль кажуць: рэдкае спалучэнне рэалізму і наватарства. А як вы самі яго вызначаеце?

— Ніяк. Асноўная памылка і крытыкаў, і аматараў: трэба абавязкова прыляпіць мастаку нейкі ярлык. Я лічу так: калі вы рэагуеце на тое, што робіць мастак, уваходзіце ў яго разуменне свету, то ўжо хто ён — рэаліст або імпрэсіяніст — няважна. Да таго ж рэалізм сёння — такое шырокае вызначэнне. Для мяне абстрактны жывапіс гэтак жа рэальны, як і фігуратыўны. Таму што добры мастак-абстракцыяніст рэальна адлюстроўвае сваё ўяўленне пра свет. Гэта яго рэальнае разуменне.

— Вашы работы знаходзяцца ў музеях і галерэях у ЗША, Францыі, Італіі. Для мастака гэта прэстыжна?

— Напэўна. Хаця, калі работа ад цябе сыходзіць, у яе пачынаецца сваё жыццё. Напрыклад, адна з маіх карцін з'ехала ў парыжскі Музей цывілізацый Еўропы і Міжземнамор'я. Дарэчы, гэта была зусім фантастычная гісторыя. Сюды, у Акадэмію навук, па сваіх справах прыехаў французскі вучоны-славіст, які ўваходзіў у раду гэтага музея па адборы. Яны даўно шукалі тэму сталінізму, і мая работа «Зацьменне», напісаная ў 1988-м, спадабалася. Пасля года перамоў яе забралі. Але які далейшы лёс, выстаўленая яна там ці ў рулоне ляжыць… Даўно не быў у Парыжы, апошні раз — у 1978-м.

— Мяркуецца, што работы-пераможцы ў конкурсе на Нацыянальную прэмію, у тым ліку і ваш трыпціх, будуць набытыя Міністэрствам культуры?

— Не ведаю, але, мабыць, гэта было б лагічна, калі яны прызнаныя лепшымі. Краіна павінна фарміраваць сваё поле мастацтва, уключаючы ў яго значныя творы пэўнага часовага адрэзка. Лічу, сістэма дзяржзакупак праз Нацыянальную прэмію — конкурс, адкрытая выстава, адбор кампетэнтным журы — была б вельмі правільнай.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter