Шукаецца тэст

Ці існуе бяспройгрышная форма падрыхтоўкі да паступлення?

Ці існуе бяспройгрышная форма падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў?

Марафон за ведамі нагадваюць апошнія месяцы напярэдадні ўступнай кампаніі. Распарадак дня нават лепшых старшакласнікаў напружаны: заняткі ў школе змяняюць урокі ў рэпетытара, а часам і ў некалькіх. Калі ты не вучыўся на працягу 11 гадоў, тут і бяссонныя ночы не выратуюць. А калі вучыўся, навошта патрэбны гэты «мазгавы штурм»? Яшчэ раз праштудзіраваць падручнікі мінулых гадоў або зборнікі для тых, хто паступае, каб асвяжыць веды, пад сілу кожнаму. Дык, можа, рэпетытарства — свое¬асаблівая бацькоўская страхоўка ад непаступлення?

Паступалі ж мы калісьці ў ВНУ самастойна, хвалюючыся і перажываючы. І атрымлівалі на іспытах даволі высокія ацэнкі. Хтосьці скажа: цяпер іншая матывацыя і іншы падлік балаў, калі 1—2 могуць вырашыць лёс абітурыента. Але так было і раней. Невялікі недабор мог зрабіць цябе студэнтам не дзённага, а вячэрняга аддзялення, а то і зусім пакінуць у рэжыме чакання на год. Вядома, рэпетытары былі і 20 гадоў таму. Але тады гэта былі пераважна выкладчыкі замежных моў. Зараз жа спектр рэпетытарскіх паслуг пашырыўся да ўсяго пераліку экзаменаў ЦТ. Што, цяперашнія выпускнікі развучыліся набываць веды самастойна?

Па справядлівай думцы спецыялістаў, праблема — у падыходзе да адукацыі. У нашых школах часта выкладчык не мае магчымасці адхіляцца ад плана, нават калі не ўсе вучні аднолькава добра засвоілі праграму. А значыць, у некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак прабелы назапашваюцца з першага года вучобы. Зрэшты, вінаваціць адных настаўнікаў было б няправільна. Ёсць бацькі, якія маглі б штодня дапамагаць свайму дзіцяці з урокамі, але на гэта не хапае часу. У сваю чаргу ў саміх рабят няма матывацыі. Атрымліваецца замкнёнае кола.

Разарваць яго, у прыватнасці, прэтэндуе праект «Мабільны рэпетытар». Сайт, адзначае яго кіраўнік, аўтар метадычнага дапаможніка «Інфарматызацыя школьнай адукацыі» Міхаіл Зэкаў, накіраваны на сістэмную падачу ведаў па шэрагу прадметаў. Прой¬дзеш тэст і адразу ж атрымліваеш карціну недахопаў і рэкамендацый. Гаворка ідзе нават аб арганізацыі адукацыйных онлайн-турніраў з рэйтынгамі.

Як абяцаюць распрацоўшчыкі, рэсурс змогуць выкарыстоўваць усе ўдзельнікі працэсу. І настаўнікі, і бацькі, і самі рабяты. Першыя — каб пракантраляваць школьніка, выпускнікі — для вучобы і самакантролю. З той толькі розніцай, што для дарослых карыстанне праграмай будзе бясплатным, а вось для дзіцяці пастаянныя заняткі на працягу 30 дзён будуць каштаваць 100 тысяч, за год — 400 тысяч рублёў.

З аднаго боку, праграма добрая і магла б стаць прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, упісваючыся ў канцэпцыю інфарматызацыі адукацыі, якая павінна быць распрацавана і ўзгоднена да 1 чэрвеня. З іншага боку, а ці не дубліруе яна ў праверцы ведаў студэнта працу Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, дзе штогод праводзіцца рэпетыцыйнае, а з мінулага года і камп’ютарнае рэпетыцыйнае тэсціраванне? Бо і яно мае на мэце ліквідацыю прабелаў у ведах. Трэба адзначыць, і гэта даказвае статыстыка, пасля кожнага рэпетыцыйнага тэсціравання вынікі рабят паляпшаюцца на 10—15 балаў.

Так яно і ёсць, каменціруюць у РІКВ. Але ж інстытут, апроч іншага, з’яўляецца распрацоўшчыкам тэстаў для цэнтралiзаванага тэсцiравання, а значыць, лепш за іншых ведае, як праверыць і сістэматызаваць веды абітурыента. Адзіная складанасць у тым, што для ўдзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні трэба прыехаць у РІКВ або яго рэгіянальны філіял. Штудзіраваць жа шматлікія сайты можна і дома. І гэта часцяком з’яўляецца вызначальным фактарам.

Як паведамілі ў РІКВ, у другім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання (студзень—люты) прынялі ўдзел больш за 90 тысяч абітурыентаў, з якіх колькасць мінчан склала толькі 16 тысяч. У інстытуце перакананы, што праблема — у неінфармаванасці школьнікаў і іх бацькоў. «Нам часта тэлефануюць бацькі, якія кажуць, што не ведалі пра рэпетыцыйнае і камп’ютарнае тэсціраванне, — гаворыць дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў. — А здараецца і наадварот: скардзяцца, што праходзілі камп’ютарнае тэсціраванне, але да гэтага часу не атрымалі вынікаў. Пачынаем разбірацца: аказваецца, тэсціраванне праводзіла фірма, якая прыкрываецца нашым імем».

Падрыхтавацца да ЦТ прапануюць дзясяткі розных сайтаў у Інтэрнэце. Прычым некаторыя з іх паспяхова зарабляюць на неінфармаванасці або нежаданні людзей адарвацца ад хатняга камп’ютара. А вось атрымае абітурыент у выніку неабходныя веды ці не, пакажа ўступны іспыт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter