Шукаем цуды па рэгіёнах!

Пачынаючы з сямі аб’ектаў Мінскай вобласці, мы чакаем працягу ад вас, шаноўныя чытачы“Што ні край — то свой абычай”, — кажуць у народзе. Калі перафразаваць сугучна з нашым праектам, дык атрымаецца: што ні вобласць — то свае цуды. Да такой высновы мы прыйшлі, вандруючы разам з чытачамі “Народнай газеты” па Беларусі ў пошуках дзівосаў, зазірнуўшы ў вялікія гарады і ўтульныя мястэчкі. У кожнай нашай вобласці, ды што там казаць — у кожным раёне знойдзецца па сем цудаў, а то й больш. Маем на ўвазе не толькі гістарычныя архітэктурныя помнікі, але і прыродныя аб’екты, і сучасныя здабыткі нашай архітэктуры і культуры. Кожны з іх варты калі не падрабязнага апісання, дык хаця б згадкі ў нашым праекце.

Таму мы і вырашылі зрабіць наша падарожжа больш адрасным, гэта значыць, “падзяліць” цуды па абласцях. Пачынаем, як і належыць, з цэнтра краіны — са сталічнага рэгіёна. Сёння мы змяшчаем на газетнай старонцы сем аб’ектаў Міншчыны, якія ў прапановах нашых чытачоў у пісьмах і на сайце “НГ” згадваліся найбольш часта. (Дарэчы, як “НГ” ужо паведамляла, у самой вобласці па ініцыятыве Вілейскага райвыканкама нядаўна стартаваў падобны інтэрнет-праект).
Зрэшты, калі вы маеце сваё меркаванне наконт таго, што ў вашым рэгіёне варта звацца цудам, — выказвайце яго, калі ласка. Гэта не толькі да жыхароў Мінскай вобласці зварот. У хуткім часе з вашай дапамогай мы хочам расказаць пра сем цудаў іншых рэгіёнаў нашай краіны. Так што далучайцеся да галасавання.
Вы можаце галасаваць і за ўжо названыя ў праекце цуды, і за тыя, якія пакуль што не называліся, але, на вашу думку, заслугоўваюць гэтага.
Чакаем вашых допісаў на адрас рэдакцыі. Сваё меркаванне вы таксама можаце пакінуць на нашым сайце ng.by.
Пагаджайцеся, спрачайцеся, але не будзьце раўнадушнымі! Гэта наша з вамі зямля, і каму, як не нам, гаварыць пра яе унікальнасць і прыгажосць, каму, як не нам, ёю ганарыцца.


А пакуль — сем цудаў Мінскай вобласці

1. Царква ў Заслаўі.
Адзін з нямногіх помнікаў беларускай готыкі, што захаваліся да нашых дзён. Год пабудовы — 1540-ы.
2. Салігорск
Адзін з самых маладых гарадоў Беларусі. У наваколлі — адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійнай солі. У гора-дзе знаходзіцца самы буйны экспарцёр Беларусі — “Беларуськалій”.
3. Парк Тышкевічаў у Лагойску.
Быў закладзены ў 1814—1819 гадах. Меў унікальны дрэвастой. Да нашага часу захавалася вельмі рэдкае для Беларусі дрэва — ясень пенсільванскі з бела-стракатым лісцем.
4. Абраз Маці Божай Будслаўскай.
Адна з найбольш шануемых каталіцкіх святыняў, вядомая не толькі ў Беларусі. Знаходзіцца ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёна. Вядомая на Беларусі з 1598 года.
5.Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы.
Унікальны помнік архітэктуры барока, заснаваны ў 1583 годзе. Занесены ў Спіс помнікаў сусветнага значэння ЮНЕСКА.
6. Гара Дзяржынская.
Самая высокая кропка Беларусі. Калісьці звалася Гара Святая. Вышыня — 345 м над узроўнем мора.
7. Возера Нарач.
Самы вялікі натуральны вадаём Беларусі. Плошча 79,6 квадратнага кіламетра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter